Знайсці
03.12.2020 / 11:28РусŁacБел

Беларуску са Швейцарыі судзяць за нібыта сарваную з міліцыянера балаклаву

Трэцяга сьнежня пачынаецца суд над беларускай са Швайцарыі Натальляй Хершэ, якую абвінавачваюць у супраціўленьні супрацоўніку міліцыі пры выкананьні ім службовых абавязкаў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Натальля зьняла балаклаву зь міліцыянта, за гэта на яе і завялі крымінальную справу, піша «Радыё Свабода».

Беларуска Натальля Хершэ стала жыве ў Швайцарыі цягам 12 гадоў. Там жа жывуць яе дарослыя дзеці. Калі сарваўся адпачынак, які Натальля з мужам Робэртам хацела правесьці ў цёплых краінах, вырашыла прыехаць на радзіму і пабачыць на ўласныя вочы, што адбываецца ў Беларусі. Пасялілася ў Менску ў сяброўкі. Хадзіла на акцыі пратэсту ў Менску і Маладэчне, дзе жыве яе брат Генадзь. Плянавала пагасьціць на радзіме пару тыдняў, а засталася тут надоўга.

Затрымалі спачатку на 15 сутак, пасьля завялі крымінальную справу

Натальлю Хершэ затрымалі на жаночым маршы 19 верасьня ў Менску. Тады каля гандлёвага цэнтру «Айсбэрг» на скрыжаваньні вуліц Сурганава і Якуба Коласа былі жорсткія затрыманьні жанчын. Натальля — асоба вельмі яркая, яна трапіла на фота карэспандэнтаў з разгорнутым бел-чырвона-белым сьцягам.

Спачатку жанчыну пасадзілі на 15 сутак паводле артыкулу 23.34 — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Зьмясьцілі на Акрэсьціна. А потым завялі крымінальную справу за супраціў супрацоўніку ўнутраных спраў з прымяненьнем гвалту (артыкул 363.2 Крымінальнага кодэксу) — за тое, што яна нібыта сарвала балаклаву з амапаўца. Амаль два месяцы жанчына правяла ў жодзінскай турме №8, а тыдзень таму, перад судом, Натальлю Хершэ перавялі ў менскі СІЗА №1 на Валадарскага.

У «Валадарцы» шасьцёра — у камэры на чацьвярых

Пра гэта расказаў «Свабодзе» брат Натальлі Генадзь, які жыве ў Маладэчне. Раней ён працаваў доктарам, цяпер у фармацэўтычнай кампаніі.

«Трымаецца Натальля вельмі стойка. Сапраўдная змагарка — як Марыя Калесьнікава, зь якой сястра перасякалася ў жодзінскай турме.

Умовы на Валадарцы яшчэ горшыя, чым у Жодзіне. Камэра разьлічаная на чатыры чалавекі, а ў ёй трымаюць шэсьць. Пяць жанчын кураць, а Натальля не. І для яе гэта вельмі цяжка. Пра гэта мне расказала сёньня адвакатка, якая наведала сястру апошні раз перад судом», — кажа Генадзь.

Спачатку з Натальляй працавала адна адвакатка, але яна захварэла на COVID-19 і перадала справу сваёй каляжанцы (таксама зь Менскай абласной калегіі адвакатаў), працягвае Генадзь.

«Яны вельмі добра паладзілі, новая адвакатка ўжо двойчы за апошні тыдзень сустракалася з Натальляй у СІЗА на Валадарскага.

Літаральна гадзіну таму я зь ёй размаўляў. Адвакатка кажа, што размова была вельмі канструктыўная, яны разам выпрацавалі тактыку для суду», — паведаміў Генадзь.

Калі лісты сталі больш-менш стабільна даходзіць і іншай інфармацыі ніякай не было, я пачаў пісаць вельмі доўгія лісты, часам на беларускай мове. Апошні ліст быў на 8 старонках фармату А4. Заўсёды адпраўляю іх заказнымі. Дык вось, у апошні дзень у Жодзіне ў камэру прыйшоў турэмнік і паведаміў, што Натальлі прыйшла заказная карэспандэнцыя. А яе самой у той момант у камэры не было, яе павялі ў амбуляторыю.

Калі Натальля вярнулася, суседкі абрадавалі яе, што прыйшло два лісты. Але ў выніку Натальлі так і не аддалі іх. Яна вельмі засмуцілася і мне ў апошнім лісьце з жодзінскай турмы напісала, што гэта сваволя і зьдзек. А вось ці даходзяць на Валадарку мае лісты, я ня ведаю», — кажа брат Натальлі. Брат спадзяецца на судзе ўпершыню за апошнія два з паловай месяцы ўбачыць сястру. Марыць перадаць ёй кнігу Оруэла «1984».

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930