Знайсці
03.12.2020 / 10:38РусŁacБел

«Вера Палякова сказала: «Хаджэннямі вы нічога не даб’яцеся, а я не змагу табе дапамагчы». Актрыса Алена Гіронак з «Купалы» пра сваё другое затрыманне

У нядзелю Алену Гіронак, актрысу Тэатра-студыі кінаакцёра, праекта «ТрыТфармаТ» і выканаўцу галоўнай жаночай ролі ў фільме «Купала», зноў затрымалі. Мінулы раз яе жорстка схапілі 26 кастрычніка, але адпусцілі ўжо на наступны дзень: Алена мае непаўнагадовае дзіця. Цяпер ёй давялося правесці на Акрэсціна дзве ночы.

Актрысу затрымалі ў нядзелю на ўваходзе ў гандлёвы цэнтр «Дана Мол» за значок «Пагоні» на заплечніку: яна ішла ў краму, а ля дзвярэй стаялі сілавікі. Ёй сказалі: «Вы самі сябе пазначаеце», — і адвялі ў бус.

«Я спытала, як можна затрымліваць за гістарычную каштоўнасць Беларусі, а яны мне: «Будзеце вы нам расказваць, вам прамылі мозг. Гэта каштоўнасць якой краіны, і пры чым тут Беларусь, створаная ў 1991 годзе». Але ўсе яны вельмі хацелі размаўляць, пачынаючы з буса».

У бусе Алена была адзінай затрыманай, таму размова была паміж ёй і прыкладна дзесяццю сілавікамі. «І ў мяне накіпела, і ў іх, відавочна, накіпела. Я бачу, што паміж нашымі поглядамі — прорва, і з-за яе мне больш за ўсё страшна. Яны лічаць нас здраднікамі радзімы, кажуць, што мы ўсе хочам з’ехаць у Польшчу, быццам бы да іх часам спецыяльна падыходзяць і просяць затрымаць, маўляў, яшчэ два разы і можна будзе ў Польшчу». Спрэчка ў нас, канешне, была не вельмі на роўных, але я сказала, што гэта яны здраднікі радзімы, якія ідуць супраць народа, а мне адказалі:

«Які народ? Вас меншасць. Калі б на Марш выйшаў мільён, мы б яшчэ падумалі».

Пратакол Алене склалі па артыкуле 23.34, у РУУСе супрацоўнікі таксама прагнулі пагаварыць і таксама казалі, што «пратэстоўцам прамылі мозг».

«Я гляджу, сядзяць, здаецца, адэкватныя хлопцы, у Першамайскім РУУСе яны ўвогуле прэтэндуюць на званне даволі інтэлігентных людзей, адзін — быццам з «Дзядзі Сцёпы». Але былі і паскудныя — пыталіся, напрыклад, дзе я працую, а калі адказвала, смяяліся: «Усё, больш не працуеш». І тое самае з арэндным жыллём, маўляў, я там больш не жыву».

Аднаму хлопцу, таксама затрыманаму ў той дзень, па назіраннях Алены шылі крымінальную справу, калі ўбачылі ў яго тэлефоне, што ён нешта адпраўляў у бот тэлеграм-канала «Нехта». Да таго ж у яго была траўма, хлопца ванітавала — відаць, яго білі па галаве. У актрысы асобна пыталіся, з якіх крыніц, у тым ліку тэлеграм-каналаў, яна атрымлівае інфармацыю пра масавыя мерапрыемствы, на што яна адказала: «З сарафаннага радыё».

Пра наяўнасць непаўналетняга дзіцяці давялося згадваць напрыканцы самой. Разам з ёй былі і іншыя маці, нават шматдзетныя, а таксама дзяўчыны, якія пайшлі ў аўтазак самі, з салідарнасці з сяброўкамі. 

Ужо позна ўвечары Алену адвезлі на Акрэсціна. У камеры спалі на голых матрасах, бо пасцельнай бялізны ім не выдалі. І ўсе ў шапках, каб не падхапіць сабе «дамашніх жывёл». Паколькі ў камеры было вельмі брудна, дзяўчаты папрасілі сродкі для ўборкі: ім прынеслі вядро і анучу для падлогі, а для ўнітаза не далі нічога, маўляў, няма.

«Я не разумею, сапраўды не было ці яны не далі са шкоднасці. Прасілі кніжкі — таксама сказалі, што няма. Час у камеры ідзе вельмі марудна, ні аркуша паперы, ні асадкі, нічога — я прасядзела няпоўных двое сутак і ўжо не магла трываць. Калі нас вялі на суд міма акна, мы радаваліся: «А, глядзіце, там снег!».

Алену павінны былі судзіць у панядзелак, але суд не адбыўся, таму што «арганізатары» не туды патэлефанавалі і сеанса сувязі з залай суда не атрымалася. Праз гэта актрыса засталася на Акрэсціна яшчэ на адну ноч.

«Мяне сумна ўразіла сістэма вынясення прысудаў, так можа быць толькі ў Беларусі, мы ставім рэкорды па хуткасці. Мы ўсе стаялі ля сваіх камер тварам да сцяны, і нас выклікалі па чарзе: пяць хвілін суду — 10 сутак, наступны пайшоў, 5 хвілін суду — 10 сутак. Мой суд быў крыху даўжэйшы і 30 базавых прагучалі як апраўданне. Суддзя быў малады хлопец, нават вачэй не падымаў. Мне ўжо было ўсё роўна, я думала, хай будзе як будзе».

Суддзёй у Алены быў Максім Трусевіч, гэта рэкардсмен Беларусі па колькасці вынесеных сутак. Але адправіць актрысу на суткі ён не мог пры ўсім жаданні, бо ў яе малое дзіця. 

Пасля папярэдняга затрымання на працы Алены наступстваў не было, а цяпер актрыса кажа, што нават туды не тэлефануе, бо думае, што прайшла кропку незвароту. У мінулы раз многія патрабавалі, каб калега па тэатральнай сцэне Вера Палякова, жонка міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, выказала салідарнасць з Аленай. Тая напісала каментар з рэзкай адмовай.

«У нас шматгадовыя працоўныя і, можна сказаць, сяброўскія адносіны, — кажа Алена пра калегу. — У нас яшчэ загадзя была даволі канкрэтная размова, калі Вера сказала: «Я неабыякавая да твайго лёсу, таму папярэджваю, што тым, што вы будзеце хадзіць, вы нічога не даб’яцеся, а калі нешта здарыцца, я табе не змагу дапамагчы». Пра яе асабістыя і прафесійныя якасці я магу сказаць толькі добрае, яна замужам за любімым чалавекам, яны шчыра адно аднаго кахаюць, з яе боку што, трэба было развесціся з мужам? На яе абрынулася шмат хейту, гэта незаслужана: яна проста хоча рабіць сваю працу, а робіць яна яе добра».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930