Знайсці
02.12.2020 / 16:40РусŁacБел

«Паспрабавала выехаць на аздараўленне — і мне забаранілі выезд з Беларусі». Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Лілія Уласава — пра жыццё пасля СІЗА

Гэтую гутарку мы пачалі рабіць яшчэ ў кастрычніку: медыятар, сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Лілія Уласава тады апынулася ў СІЗА па абвінавачанні ў нясплаце падаткаў кампаніі сына, і яе муж, Уладзімір Іскарцаў, ужо другі месяц у адзіночку гаспадарнічаў у іх прыватным доме, прыглядаючы за сабакам па мянушцы Жуля і асвойваючы навуку перадачак і ліставання. Пасля Лілію нечакана нават для самога Уладзіміра адпусцілі, быў хатні арышт, і ў мэтах бяспекі ўсе публікацыі адклаліся.

Цяпер мы пагутарылі з сям’ёй яшчэ раз — расказваем, як на іх адбіліся ўсе перажытыя выпрабаванні.

На першым плане — Лілія Уласава і яе муж Уладзімір Іскарцаў. Фота Паўла Крычко

«Наша Ніва»: Лілія, якія фізічныя і псіхалагічныя наступствы ад 47 дзён у няволі вы адчуваеце і сёння?

Лілія Уласава: За час утрымання пад вартай мне «пашчасціла» пабываць ва ўсіх турэмных ізалятарах Мінска. Калі па нарастальнай, то ў ізалятары КДБ мяне трымалі адны суткі, на Акрэсціна — трое сутак, на Валадарцы — 43 дні.

У ізалятары КДБ трохі лепш кармілі, але ў большасці камер там няма прыбіральні — выкарыстоўваюцца вёдры, якія выносяцца адзін раз на дзень. На Валадарцы падчас майго знаходжання не было гарачай вады. Атрымалася нармальна памыцца толькі пасля трох тыдняў майго знаходжання ў ізалятары.

Да ўсіх цяжкіх побытавых умоў людзі неяк прыстасоўваюцца: у іх няма выбару. Нашмат складаней спраўляцца з псіхалагічным станам. Людзі пад ціскам следства, туманнасці будучыні, адсутнасці праўдзівай інфармацыі. Ніхто не верыць у справядлівае следства і суд, спадзяюцца выключна на шчаслівы выпадак, які дазволіць змяніць артыкул ці скараціць тэрмін зняволення.

Нервовыя зрывы, што выяўляюцца ў істэрыках і сварках — звычайная з'ява камернага жыцця. Я бачыла, як пакутуюць мае сукамерніцы, сама неаднаразова пасля чарговай «гутаркі» на фоне падвышанага ціску перажывала панічныя атакі. Па турэмных мерках я прабыла ў зняволенні нядоўга, але стрэс атрымала сур'ёзны.

Цяпер спрабую даць рады наступствам. Медыкі кажуць, што мне яшчэ пашанцавала: яшчэ б крыху — і шкода здароўю была б незваротная.

На жаль, пакуль менавіта здароўе не дазваляе займацца любімай справай, медыяцыяй. Але я не губляю надзею, што ў новым годзе вярнуся да яе. Абдумваю план кнігі пра медыяцыю ў краінах постсавецкай прасторы. Назву ужо прыдумала: «Медыяцыя жыве на Усходзе».

«НН»: Ці сніцца вам нешта з перажытага ў СІЗА?

ЛУ: Мне не сніцца СІЗА, але і не адпускае. Такога кшталту выпрабаванні прымушаюць задумацца пра жыццёвыя каштоўнасці і прыярытэты. Для мяне адкрылася новая старонка жыцця. Я ўбачыла так шмат чалавечых пакут і несправядлівасці, што хочацца нешта зрабіць, каб змяніць сітуацыю. Людзі, якія здзейснілі злачынства, а тым больш тыя, чыя віна яшчэ не даказаная, не павінны ўтрымлівацца ў такіх умовах. Грамадства павінна даваць такім людзям шанец вярнуцца ў соцыум, а не пагаршаць іх антысацыяльныя паводзіны.

Пасля таго, як у нашай краіне адбудуцца перамены, мне б хацелася ініцыяваць стварэнне грамадскага фонду, які б займаўся зменай заканадаўства і ўмоў у СІЗА і іншых месцах пазбаўлення волі. Мне здаецца, пасля таго, як праз СІЗА прайшлі тысячы беларусаў, патрэбу ў такіх зменах адчуваю не толькі я.

Цяпер я перапісваюся і падтрымліваю матэрыяльна некалькіх сукамерніц і іх сем'і. Для мяне гэтыя жанчыны не зняволеныя, а людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы.

«НН»: Увесь час у няволі вашым галоўным сувязным з жыццём тут, акрамя адвакатаў, быў муж. Ëн расказваў, як выбіраў на Камароўцы замоўленыя вамі неяк сала, сыравяленую каўбасу і маленькія агуркі з памідорамі чэры… Дзяліўся эмоцыямі ад вашага ліставання, адзначаў, калі лісты ад вас сталі больш напружанымі. А раскажыце, як вы ўвогуле пазнаёміліся?

Уладзімір Іскарцаў: У мяне вельмі насычаная працоўная біяграфія. Пасля сканчэння цяперашняга БНТУ я там застаўся выкладаць эканоміку. Працаваў тры гады памочнікам намесніка Мінскага гарвыканкама (засталася нават з тых часоў ганаровая грамата за ўдзел у будаўніцтве першай лініі Мінскага метрапалітэна). На пасадзе чыноўніка хутка зразумеў, што гэта не маё: у нашай краіне праца чыноўніка, на жаль, складваецца з таго, каб знайсці параграф, які дазволіць адмовіць таму, хто звярнуўся па дапамогу.

Пасля ўладкаваўся эканамістам на гадзіннікавы завод «Луч», дзе вырас да начальніка аддзела знешнеэканамічных сувязяў. Якраз тады, у 1991 годзе, было прынята рашэнне пра акцыянаванне завода, і мы звярнуліся па юрыдычную дапамогу да першай прыватнай юрыдычнай кампаніі ў Беларусі, Лілінага стварэння: «Уласава і партнёры» (цяпер «Уласава, Міхель і партнёры»). Потым як да спецыяліста я звяртаўся да яе не раз, асабліва калі захацеў распачаць уласны бізнэс.

фота Надзеі Бужан

ЛУ: Жыццё склалася так, што Уладзімір стаў удаўцом, яго жонка хварэла і, на жаль, памерла. Як і мой муж. У нас абаіх ад першага шлюбу засталося па двое сыноў. І так атрымалася, што сышліся нашыя сцежкі.

УІ: Ажаніліся мы праз 14 год пасля першай сустрэчы. Я надзеў светлы «шлюбны» касцюм, Ліля — прыгожую сукенку. Заехаў на шляху ў ЗАГС Першамайскага раёна па сястру, папрасіў яе мужа пафатаграфаваць нас. Ëн падышоў да справы адказна: зладзіў нам на сваім лецішчы цэлую фотасесію.

Той самы здымак з лецішча пасля роспісу.

Пасля, ужо ў Мінску, мы проста пайшлі на абед у рэстаран Bergamo. Запрасілі з сабой толькі блізкую сяброўку Лілі, больш нікому пра наша свята не расказалі. Справа ў тым, што паралельна рыхтавалася вяселле майго малодшага сына Лёшы. Мы не хацелі адцягваць увагу на сябе. Ужо пасля таго, як Лёша ажаніўся, у першыя ж выходныя, мы запрасілі ўсіх дзяцей да сябе ў госці і падзяліліся навіной.

«НН»: Калі мы ўпершыню завіталі да Уладзіміра, ён жартаваў: «Вось, купаюся ў промнях славы жонкі». У вас у прынцыпе ёсць нейкая канкурэнцыя ў сям’і? Усё ж адзін з вас — «найлепшы медыятар», «юрыст №1», жанчына, якая трапляла ў спіс самых паспяховых і вядомых у Беларусі…

УІ: Добрае пытанне. Я таксама заўсёды быў лідарам. Усе мае бізнэсы былі паспяховымі. Як і бізнэсы людзей, якіх я кансультаваў, дапамагаў з інвестыцыямі.

Калі такія людзі сходзяцца пад адным дахам, можна падумаць — чакай рэўнасць, прэтэнзіі.

Я ж разумеў, што Ліля шмат у чым разумнейшая, больш практычная за мяне. І таму я пакорліва, без сумненняў ролю кіраўніка сям’і аддаў ёй. Як мінімум стараўся не перашкаджаць ёй ні ў чым. Я рады, што магу быць побач з такой жанчынай і дапамагаць ёй.

ЛУ: Агулам, можа, я і лідар у сям’і. Але ўсе прынцыпова важныя моманты ўзгадняю з мужам. І стараюся не рабіць нічога, што б яго засмуціла. Але вось у тым, каб быць больш асцярожнай, я мужа не паслухала. Ëн пасля смяяўся: «Вось таму і ў турму трапіла».

Калі на ўдзельнікаў Каардынацыйнай рады завялі крымінальную справу, я магла з’ехаць, але не зрабіла гэтага. Скажу не ў крыўду калегам, якія цяпер за мяжой: я не магла ўсё тут кінуць. Неяк рамантычна на ўсё глядзела, насамрэч: я ж член прэзідыума, у мяне такая адказнасць, збегчы было б як здрада.

фота Надзеі Бужан

«НН»: Вы абое былі членамі ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Чаму вы «ўпісаліся» менавіта за яго?

УІ: Я эканаміст па адукацыі, і яго развагі мне былі блізкія. Яго дзейнасць у банку як кіраўніка і мецэната таксама выклікала прыхільнасць.

Увогуле, усе, думаю, даўно заўважылі, як у 2020 годзе наш народ абудзіўся. Гэта вялікае дасягненне. Беларусы сёння і беларусы яшчэ 8 жніўня — гэта абсалютна розныя людзі. На першым масавым маршы свабоды, на які мы выйшлі з Ліляй, побач з намі ішлі двое мужчын. І вось яны абмяркоўвалі, што той дзень, 16 жніўня, варта зрабіць святочным: Днём нацыянальнага яднання беларускага народа. У нас нарэшце ўтварылася нацыя.

«НН»: У вас неяк змяніліся стасункі пасля этапа зняволення?

ЛУ: У нас з мужам заўсёды былі цёплыя адносіны. І турма, я лічу, нас яшчэ больш зблізіла. Ëн вельмі перажываў за мяне, а я перажывала, што ён перажываў. Першы час нават адчувала пачуццё віны: чаму я яго не паслухала, чаму прымушаю пакутаваць свайго мужа…

Кожную секунду за кратамі я адчувала яго клопат. Думаю, я рабіла б тое ж, апынуўшыся на яго месцы. Цяпер мы дакладна лепш асэнсоўваем, што чалавечы свет мае канец, і трэба так арганізавацца, каб ніхто з нас больш не перажыў нешта падобнае.

Фота з сямейных архіваў

«НН»: Я правільна разумею, што вы зараз зусім не ўдзельнічаеце ў справах Каардынацыйнай рады?

ЛУ: Так. Пакуль я знаходзілася ў СІЗА, у Каардынацыйнай радзе адбыліся перамены: змяніўся склад, мэты. Таму цяпер я не да канца разумею, што там адбываецца, куды ўсё рухаецца… У любым выпадку для меня Рада — гэта сімвал беларускай барацьбы і аб’яднання. Заяўленыя яшчэ 19 жніўня задачы застаюцца актуальнымі і сёння, не трэба забываць.

«НН»: Якія ў вас застаюцца абмежаванні, чаго вы ўсё яшчэ не можаце сабе дазволіць як звычайны беларус?

ЛУ: Мяне перыядычна выклікаюць на допыты як сведку па артыкуле 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі) і як абвінавачаную па артыкуле 243: дапамога ў нясплаце падаткаў кампаніям, да якіх мае дачыненне мой сын Барыс Уласаў. Гэтая справа была сфабрыкаваная з мэтай надаць майму арышту крымінальны, а не палітычны характар. Я пра гэта адкрыта кажу следчым органам на ўсіх допытах. Я ўпэўненая, калі б не актуальная сітуацыя з дэфолтам заканадаўства ў нашай краіне, у гэтай справы не было б перспектыў нават для завядзення.

Пасля скасавання майго хатняга арышту следчы пацвердзіў, што ў мяне няма ніякіх абмежаванняў, апроч абавязку прыходзіць на следчыя дзеянні. Аднак як толькі я паспрабавала выехаць за мяжу на аздараўленне, за дзень да вылету мяне выклікалі ў Следчы камітэт і азнаёмілі з пастановай пра часовае абмежаванне права выезду з Беларусі. Яна была датаваная 23 вераснем.

Па-ранейшаму арыштаваная маёмасць маёй сям'і і сям'і сына, уключаючы ўсе рахункі. Бізнэс сына, які існаваў з 1995 года, знішчаны, 40 чалавек пазбаўленыя працы. Пасля неаднаразовых зваротаў у СК хаця б удалося зняць арышт з пенсійных рахункаў (пасля майго затрымання мужа, пенсіянера, фактычна пакінулі без сродкаў існавання). З усіх гэтых дэталяў збіраецца сумная карціна татальнага парушэння правоў чалавека ў нашай краіне.

Уладзімір і сабака Жуля. Фота Надзеі Бужан

«НН»: У сітуацыі, калі вы самі бачыце, што законы даўно не працуюць, што нават словы вашых паважаных калег, юрыстаў, адвакатаў нічога не вартыя ў судах, калі чалавека забіваюць за стужкі ў двары, якім вы для сябе ўяўляеце далейшае жыццё тут?

ЛУ: Ведаеце, наконт адвакатаў… Яны заўсёды былі несвабоднымі ў гэтай краіне. Адна з прычын, чаму я ў свой час сышла з юрыспрудэнцыі, — тое, што закрылі свабодныя юрыдычныя фірмы, зрабіўшы ўсё адвакатурай, якая «ходзіць» пад ліцэнзіямі, пад Міністэрствам юстыцыі. Колькі людзей толькі ў 2010 годзе пазбавілі ліцэнзій! А такое адбываецца пастаянна. Пры гэтым актыўна выказваюцца супраць такой сітуацыі чалавек 150, астатнія працягваюць маўчаць — значыць, іх усё задавальняе.

Нягледзячы на поўны прававы дэфолт і глыбокі палітычны крызіс, я гляджу ў будучыню з аптымізмам і веру, што палітычная сітуацыя зменіцца. Я не сумняюся ў пераменах, складана толькі назваць дакладны час, калі яны адбудуцца, але гэта недалёкая будучыня.

Нас, вядома, адразу чакае вялікая праца, каб усё прывесці да нормы. У нас будзе цяжкі пераходны перыяд, ён зойме не адзін год. Думаю, што і мае веды тут спатрэбяцца.

Я паверыла ў медыяцыю і сілу перамоў шмат гадоў таму. Пасля таго, як пабывала ў розных экстрэмальных сітуацыях, у мяне не засталося сумневаў у тым, што ўменне наладзіць камунікацыю з іншымі людзьмі можа рабіць цуды. Веру, што нашаму грамадству яшчэ спатрэбіцца маштабны грамадскі дыялог, дзе б мы маглі пачуць адно аднаго і зразумець, у якой краіне мы хочам жыць і як нам будаваць новую Беларусь.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930