Знайсці
01.12.2020 / 08:47РусŁacБел

Сын Станіслава Шушкевіча пра свае 10 сутак: Адвёз у ізалятар тры скрыні кніг

Сын экс-старшыні Вярхоўнага Савета распавёў «Народнай Волі», за што трапіў у ізалятар на 10 сутак.

4 лістапада стала вядома, што ля пад’езда ўласнага дома быў затрыманы 36-гадовы прадпрымальнік Станіслаў Шушкевіч, сын першага кіраўніка Беларусі. У выніку яго асудзілі на 10 сутак…

— Мяне пакаралі толькі за тое, што зрабіў рэпост з крыніцы, якая, як аказалася, прызнана ў Беларусі экстрэмісцкай, — кажа Станіслаў Шушкевіч. — Далей было затрыманне, суд, «суткі» ў ізалятары. Непрыемна, безумоўна, але нейкай брутальнай жорсткасці ў дачыненні да мяне не было.

Я, можа, і не чакаў, што за рэпост мяне адправяць на 10 сутак у камеру, але маю грамадзянскую пазіцыю з мяне такім чынам усё роўна ж не выб’еш. У мяне ёсць свае погляды на тое, што адбываецца ў краіне, і іх не зменяць ні суд, ні турэмная камера.

Дарэчы, суд па маёй «тэрарыстычнай» справе прайшоў праз скайп даволі хутка — гэты «гучны працэс» заняў усяго 5-7 хвілін. Мяркую, пасля таго як адсядзеў 10 сутак, у гэтай справе канчаткова пастаўлена кропка.

— Пасля суда вас адправілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна?

— Там правёў усяго суткі, бо не хапала месцаў, а таму мяне і некаторых іншых перакінулі ў Жодзіна. Відаць, вызвалялі камеры для наступнай партыі затрыманых, рыхтаваліся да чарговага маршу.

Раней казалі, што ў Жодзіне і Баранавічах «больш чалавечыя» ўмовы ўтрымання, але хачу сказаць, што паўсюль умовы сталі прыкладна аднолькавыя. Хіба што ў ізалятары ў Жодзіне вада крыху лепшая — вось і ўсё адрозненне.

А стаўленне да затрыманых і там, і там як да нейкіх злачынцаў. Мне вядома пра здзекі, якія прыдумлялі супрацоўнікі ізалятараў, і гэта прымушае сумнявацца ў адэкватнасці гэтых людзей. Чалавечнасці там і блізка няма.

Затое вельмі цешыла публіка ў камеры — амаль усе з вышэйшай адукацыяй, інтэлігенты, моладзь, медыкі, кіраўнікі арганізацый. Усе разумелі, чым яны рызыкуюць, але не маўчалі і не займалі страусіную пазіцыю — галаву ў пясок.

Дарэчы, цяпер пасля ізалятара зноў сяджу ў ізаляцыі, бо ёсць апасенне, што мог у камеры захварэць на каранавірус. У пяці чалавек, з якімі быў у камеры, COVID-19 ужо пацвердзіўся.

Безумоўна, складана ў невялікім памяшканні, дзе сядзіць дзесяць чалавек, захоўваць нейкую дыстанцыю. Ды і сядзець там забаранялася, практычна ўвесь час на нагах.

— У камеры ведалі, што вы — сын першага кіраўніка Беларусі?

— Не люблю гэта афішаваць, але з цягам часу ўсе і так даведаліся — там жа называюць імя і прозвішча. Увогуле, у нас была проста цудоўная кампанія.

— Пасля выхаду на волю вас сустракалі валанцёры?

— І валанцёры сустракалі, і мой сябра. Я, дарэчы, першай справай з’ездзіў на лецішча і адвёз у Жодзінскі ізалятар тры скрыні кніг.

Як ужо казаў, цяпер там знаходзяцца людзі пераважна інтэлігентныя, а знайсці добрую кнігу ў мясцовай бібліятэцы — тая яшчэ праблема. Асабіста я чытаў тую літаратуру, што перадалі з волі, хаця спачатку спрабаваў узяцца за Дар’ю Данцову. Нават старонку не змог дачытаць…

Алесь Сівы, Народная воля

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930