Знайсці
01.12.2020 / 10:40РусŁacБел

«Правільней лічыць мяне не палітвязнем, а ваеннапалонным». Пасля 5 гадоў калоніі выйшаў Тарас Аватараў — і збіраецца пісаць Канстытуцыю

26 лістапада на волю выйшаў Тарас Аватараў — беларус, які ваяваў на Данбасе, а пасля сеў на 5 гадоў у віцебскую калонію.

Аватарава затрымалі на мінскім чыгуначным вакзале ў лістападзе 2015 года. Паведамлялася, што пры ім знайшлі гранату, сігнальны пісталет і даведку аб удзеле ў антытэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Украіны ад імя «Правага сектара». У выніку Аватараў атрымаў 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за незаконны абарот і кантрабанду выбуховага прыстасавання.

Тарас Аватараў, фота Сяргея Гудзіліна

«Наша Ніва» пагаварыла з Тарасам Аватаравым пра яго суд, жыццё ў калоніі і першыя дні на волі.

«Наша Ніва»: Калі вы выйшлі?

Тарас Аватараў: 26 лістапада. Адседзеў роўна 5 гадоў. Ніводная аміністыя мяне не закранула.

— Што зрабілі ў першую чаргу пасля выхаду?

— Даў кароткі каментар «Белсату». Ціхушнікі не адрываліся ні на крок, таму даў кароткае інтэрв’ю ў найбліжэйшым завулку.

— Ціхушнікі былі за вамі? Навошта?

— Ціхушнікаў было столькі, што мала не паказалася б. Яны разлічвалі, што змогуць мяне прыстрэліць пры спробе перасячэння мяжы з Расіяй.

— Хто такія «яны»?

— Дзеючая адміністрацыя Рэспублікі Беларусь, скажам так.

Беларуска-ўкраінскую я не магу перасекчы пакуль, бо ў мяне прэвентыўны нагляд. А беларуска-расійскую мог бы. Я планаваў праз Расію з’ехаць ва Украіну, але нас пераследавалі, таму мы вырашылі так не паступаць. Нас бы расстралялі пры пад’ездзе да мяжы.

— Але ж у нас няма мяжы з Расіяй.

— Там і мытнікаў няма, і памежнікаў. Але ёсць добрыя людзі, якія могуць любую сітуацыю перавярнуць пад сябе.

— І што тады робіце цяпер? Якія планы?

— Адбываю прэвентыўны нагляд цяпер. Як любы законапаслухмяны грамадзянін збіраюся працаваць і вучыцца. Пісаць Канстытуцыю.

— Будзеце дасылаць ва ўрад прапановы паправак???

— Я буду рабіць свой праект, які будзе адрознівацца ад таго, што цяпер, і ад таго, што было ў 1994. Гэта будзе больш радыкальны варыянт. Я хачу, каб ён таксама быў. Бо разумею, што пратэсты пратэстамі, але ж ён на ўзаемадзеянне з пратэстоўцамі не пойдзе. Пакуль у СІЗА сядзяць палітычныя і не толькі, ён на кампрамісы не пойдзе.

— Ён — гэта Лукашэнка?

— Ну так. У нас толькі адзін чалавек прымае рашэнні.

І пакуль ён Канстытуцыю не прыме, нічога не будзе. Але ж тое, што ён будзе прымаць… Гэта будзе такі ж люты фэйл, як было ў Расіі ў гэтым годзе.

— Вы распрацуеце свой праект Канстытуцыі — і што? Адправіце ў Адміністрацыю прэзідэнта?

— Скажам так, стасавацца з тым чалавекам, які ўзначальвае сёння Адміністрацыю, мне перахацелася яшчэ гадоў пяць таму. Таму не праз Адміністрацыю, а праз сродкі масавай інфармацыі. Бо даверу да гэтага «адміністратара» ў мяне няма.

— Што ў вашым праекце галоўнае, у чым яго асаблівасць?

— Галоўнае — прынцып, што гэтую Канстытуцыю трэба выконваць. У Сталіна ў свой час была выдатная Канстытуцыя, усё для працоўнага чалавека, але ж яна на справе ігнаравалася. І яна не перашкодзіла Вялікаму Тэрору і раскулачванню.

Ключавы момант Канстытуцыі — тое, што гэта дамоўленасць паміж народам і любой адміністрацыяй. І яна мусіць дзейнічаць пэўны тэрмін — 20 ці 25 гадоў, напрыклад. Пасля яе працягваюць ці ўносяцца змены.

— Вы распрацавалі гэты праект у калоніі?

— Не, пакуль я сядзеў, рабіў іншыя рэчы. Напісаў некалькі кніг па крымінальным праве, крымінальна-працэсуальным. Гэта як падручнікі, такія, якіх няма ў Беларусі да гэтага часу.

— А чым цяпер будзеце займацца, за што жыць?

— Пакуль не ведаю. Магчыма, пайду на завод працаваць. Мне далі два гады прэвентыўнага нагляду, да мяне ніхто такі тэрмін не адбываў. Я хачу паказаць прыклад, што гэта магчыма, паказаць, што са свайго боку я раблю ўсё патрэбнае і пасля спытаць, чаму мне гэты прэвентыўны нагляд не здымаюць?

— Але калі ўбачыце, што ёсць варыянт эміграваць — выкарыстаеце яго?

— А як вы думаеце, калі ў мяне сям’я, сын мой жыве за мяжой? І я не маю магчымасці і жадання таксама яго везці сюды. Я вельмі законапаслухмяны чалавек. Але недахоп маёй увагі можа выліцца ў недахопы выхавання для майго сына. Я не магу дазволіць гэтага для такога блізкага мне чалавека.

 ***

— Калі вы сядзелі ў калоніі, то ведалі навіны: пра Ціханоўскага і Бабарыку, выбары і падзеі пасля іх?

— Так. З пачаткам выбарчай кампаніі «Камсамолка» і «Белгазета» раптам перасталі прыходзіць. Але даходзіў «Новы Час» і рэгіянальныя, яны даволі шмат пісалі пра падзеі, я меў уяўленне пра сітуацыю.

— Калі вы чыталі навіны, то якая была рэакцыя ў вас? Чаго чакалі?

— Па-першае, я не быў упэўнены, што беларускі народ можа зрабіць Рэвалюцыю Годнасці. Для мяне гэта было б дзіўна.

Па-другое, я не веру, што мы можам неяк самаарганізавацца, каб весці жыццё пасля дыктатуры. Ва Украіне патрабаваліся вельмі няхілыя высілкі, каб змяніць міліцыю, напрыклад. Трэба вельмі шмат высілкаў, каб перайсці ў стан новай грамадзянскай супольнасці.

Таму я не ўпэўнены, што найбліжэйшым часам атрымаецца штосьці зрабіць.

— Як перажылі каранавірус у калоніі?

— Вясною шмат хто меў сімптомы кавіду. Але я хачу адзначыць дзеянні медперсанала калоніі. Яны рэальна дапамаглі не распаўсюдзіць інфекцыю, мінімізаваць колькасць хворых.

Я вясною не хварэў. Але цяпер у канцы кастрычніка рабілі прышчэпку ад грыпа ў калоніі. У першую чаргу рабілі тым, каму хутка выходзіць. Я добраахвотна пагадзіўся.

Але я падазраю, што гэта былі выпрабаванні расійскай вакцыны. Бо чаму прышчэпку рабілі ў два заходы з перапынкам у 14 дзён? І пасля гэтага я згубіў нюх і перастаў адчуваць смакі.

— Вы лічыце сябе палітвязнем?

— Мне далі два гады прэвентыўнага нагляду — хоць міліцыя прасіла год! Мне далі два толькі таму, бо я на беларускай мове папрасіў перанесці пасяджэнне, каб я змог пагаварыць з адвакатам. Мне не далі выклікаць адваката.

І цяпер дзяржава робіць усё, каб выціснуць мяне з краіны ці пасадзіць назад. Ці лічыць мяне палітвязнем? Напэўна, так. Але я скажу інакш: я ўдзельнічаў у баявых дзеяннях і па сёння не адлічаны з шэрагаў баявой арганізацыі, таму больш правільна лічыць мяне ваеннапалонным.

***

— Пару пытанняў пра вашу справу і суд. Пасля вашага затрымання СМІ пісалі, што ў вас знайшлі гранату, а ў кішэні была даведка, што вы прымалі ўдзел у баявых дзеяннях.

— Пытанне наконт таго, як яны знайшлі. Некаторых супрацоўнікаў яшчэ чакае свой суд, скажу так. Наконт таго, дзе я захоўваў дакументы, — я маўчу.

— А граната была ж?

— Па-першае, гэта была сувенірная граната. Па-другое, я добраахвотна яе выдаў.

— А навошта было цягаць яе з сабою?

— Уявіце, што было б, каб недзе ў сметніцы яе знайшлі б з маімі адбіткамі — што б са мной было? Якое злачынства на мяне павесілі б? Тэракт.

Таму ці разумна было яе насіць з сабою — тут трэба глядзець заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Я добраахвотна яе выдаў — і мяне мусілі вызваліць ад адказнасці.

— Маеце на ўвазе, не маглі выкінуць гранату — ок. А чаму тады не ўзарвалі яе недзе ў лесе?

— Каб яна несла нейкую небяспеку, то я б з сабою ніколі не ўзяў. Гэта сувенірная граната, на той момант яе можна было набыць у любой краме за 200 грыўняў. Былі дакументы пры мне, што яна сувенірная. Яна працуе, як петарда. Я вёз яе ў падарунак як звычайную сувенірную прадукцыю.

— Але на судзе зачытвалі вашы першапачатковыя паказанні, у якіх вы нібыта казалі, што граната была вам патрэбная, каб узарваць сябе і такім чынам не даць паказанняў супраць іншых вайскоўцаў.

— Усё было як: на мяне спачатку хацелі павесіць тэракт. Нібыта я хацеў узарваць цягнік «Масква — Мінск» і хацеў паставіць расцяжку на рэйкі… Лухта абсалютная. Але мне прыйшлося адказваць, і я сказаў так: калі вам трэба ведаць, навошта ў мяне граната, то пішыце, што хацеў сам сябе падарваць, каб не мець магчымасці з вамі, дэбіламі, сустрэцца.

***

— Каб цяпер была магчымасць вярнуцца ва Украіну, вы б вярнуліся на фронт?

— Я б не толькі вярнуўся на фронт, мы спакойна б узялі Горлаўку — для гэтага ёсць магчымасці і ёсць жаданне. Навязанае мінскае перамір’е фактычна не працуе, у нас па сёння ёсць страты.

— Да гэтага вы ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях?

— Ну калі ў мяне былі адпаведныя дакументы, то мне іх не падарылі ж. Гэта не правы.

— Забівалі чалавека калі-небудзь?

— На вайне не забіваюць. І я не забіваў. Забіваюць кулі, разумееце? Ці ведаў я, што мае кулі траплялі ў чалавека? Пра гэта я казаць не буду. Не вам судзіць пра гэта.

І на вайне не забіваюць людзей, а абараняюць — каб было менш ахвяр сярод мірнага насельніцтва.

— Як вам сённяшняя Украіна, прэзідэнцтва Зяленскага?

— Пра Зяленскага сказаць не магу нічога пакуль. А пра Украіну… Заўтра ў майго блізкага сябра Крэйга Лэнга апеляцыйны суд. Яму пагражае экстрадыцыя ў Штаты, дзе яго можа чакаць смяротнае пакаранне. Ва Украіне яго вінавацяць у забойстве — і суду няважна, ці мае ён алібі.

Ды і па сёння ва Украіне «судзяць» групу «Тарнада» — таксама маіх блізкіх.

— Гэта тыя, дзе Данііл Ляшук?

— Так. Наколькі я ведаю, Ляшука з турмы адправілі ў псіхіятрычны дыспансер ў Дняпро, бо пачаліся змяненні ў асобе. Можа, хоць так у яго будзе магчымасць прысутнічаць на судзе над сабою, калі гэты суд калі-небудзь адбудзецца — на ім жа яшчэ вісіць справа па бунце ў СІЗА.

***

— Скажыце, а чаму вы змянілі прозвішча на Аватараў?

— Гэта з фільмам ніяк не звязана. Я яго не глядзеў і не збіраюся. Гэта мой псеўданім яшчэ з сацыяльнай сеткі «Фіданэт», калі ведаеце такую.

А змяніў я прозвішча ў мэтах бяспекі маёй сям’і. Бо разумеў, што раней ці пазней буду асуджаны па крымінальнай справе і ў маёй сям’і могуць быць праблемы. Але ж этыка нашых СМІ і суда такая, што і па сёння ўсім трэба агучваць і першае маё прозвішча, і другое.

— Але ж ваша мама казала, што вы змянілі прозвішча аж у 2011 годзе. Яшчэ да Украіны і АТА.

— Бо я жыў у Расіі тады, меў бізнэс. І партнёр па бізнэсе вырашыў мяне кінуць з дапамогай ФСБ. Я з’ехаў і хутка змяніў прозвішча, каб яны не маглі мяне запатрабаваць праз суд.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930