Знайсці
30.11.2020 / 19:25РусŁacБел

Уласнік зоатаксі «Сябар» пасля збіцця сілавікамі не можа ступіць на нагу — інтэрнаўты заклікаюць заваліць яго таксі заказамі

Яўген Валынскі — уласнік зоатаксі «Сябар». Ён там і дырэктар, і кіроўца адначасова. Але апошнія два тыдні не можа развозіць жывёл. На бальнічны давялося сысці, пасля таго як пры затрыманні збілі дубінкамі і моцна траўмавалі калена.

Гісторыю Яўгена пераказваюць у сацыяльных сетках і заклікаюць падтрымаць яго, звяртаючыся па паслугі зоатаксі. 

Фота з архіву

Свой сэрвіс Яўген запусціў у 2019 годзе.

«Згадаў выпадак, які ў мяне з сабакам быў, калі зламалася машына і мы не змаглі з’ехаць з выставы. Я 40 хвілін тэлефанаваў, у тры службы звярнуўся, усё не маглі знайсці машыну. І мы пайшлі пешкі дадому, — расказвае прадпрымальнік пра тое, чаму зацікавіўся гэтай сферай. — 

У нас невялікі парк, усяго дзве машыны. Кліент спецыфічны, яго нельга губляць, ігнараваць. Мінімум палова тых, хто звяртаецца, — наведнікі ветэрынарных клінік».

У нядзелю, 15 лістапада, Яўген паехаў на падпрацоўку. Збіраўся пазаймацца з гаспадаром і яго сабакам, бо мае кіналагічную адукацыю. Сустракаліся яны ў скверыку каля вуліцы Шчадрына. Калі кансультацыя скончылася і гаспадар ужо пасадзіў сабаку ў машыну, выбеглі «касманаўты».

«Як яны там апынуліся, вялікае пытанне. Я стаяў спінай, калі кліент крыкнуў: «Бяжым!» Я зразумеў, што, відаць, пачаўся хапун, і пабег разам з іншымі людзьмі. Мяне схапілі за адзенне, я не супраціўляўся затрыманню. Але атрымаў дубінкай са спіны і справа па назе. Вельмі хутка мяне запіхалі ў бус і там яшчэ адлупілі. Я сказаў, што кінолаг, што ў мяне пасведчанне ў кішэні, тады біць перасталі», — расказвае мужчына.

У той дзень ён быў у камуфляжы: гэта яго рабочае аддзенне для заняткаў з сабакамі.

Што з нагой нешта не так, Яўген адчуў, калі яго перасадзілі ў «стакан» аўтазака. Нельга было нармальна ступіць — быццам токам біла.

«Што мяне здзівіла — у Цэнтральным РУУСе сустрэлі добра. Міліцыянты вадзілі мяне пад рукі, пасадзілі на крэсла, ваду прыносілі. Былі ветлівыя, на допыце на мяне ніхто не ціснуў. Гэта кантрастна выглядала пасля таго, як людзі ў чорнай экіпіроўцы заводзілі ўсіх скурчанымі. Хаця я не быў у іншых РУУСах, не бачыў, як там абыходзяцца з затрыманымі».

Хуткая забрала Яўгена ў 6-ю бальніцу. Аказалася, у яго закрытае пашкоджанне меніска і пашкоджанне звязак. У прыёмным аддзяленні на нагу наклалі гіпсавую лангету.

«На каталцы мяне вазіў малады міліцыянт з крымінальнага вышуку, якога адправілі як суправаджаючага. Калі я за кушэтку хапаўся ад болю, казаў мне: «Цярпі, дзядзька, цярпі, хутка скончыцца», — дзеліцца Яўген.

Фота, зробленае адразу пасля бальніцы

На бальнічным мужчына прабудзе 3-4 тыдні. Гіпс ён змяніў на спецыяльны фіксатар, перасоўваецца пакуль з дапамогай мыліцы. Кажа, часам уначы такі боль, што засыпае толькі пад шостую раніцы.

«Усе суседзі перапужаліся, калі ў валанцёрскіх спісах мяне пабачылі. Людзі дапамагаюць. Тыя, хто быў у падобных сітуацыях, перадаюць артэзы. Дзякуй ім, бо купіць такія каштавала б рублёў 300», — адзначае мужчына.

Тыдзень таму Яўген знайшоў кіроўцу сабе на замену, былога кінолага. А сам спадзяецца хутчэй аднавіць здароўе: ён галоўны кармілец у сям'і, жонка ў дэкрэце з маленькай дачкой.

Днямі да мужчыны збіраецца прыйсці следчы і апытаць па факце атрыманых траўм. Суд планаваўся на 3 снежня (на Яўгена склалі пратакол па артыкуле 23.34), але праз бальнічны пасяджэнне перанясуць на іншы дзень. 

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера