Знайсці
01.12.2020 / 22:35РусŁacБел

«Ён нам ножкі сагрэў». Медык расказала пра тое, з якімі рознымі міліцыянтамі сутыкнулася пасля затрымання

Сваю турэмную вандроўку мінскі медык Марыя Каржанеўская апісала ў сябе ў фэйсбуку.

8.11. Гуляла ў цэнтры горада. Я ўпэўнена, што маю на гэта права. Стаяць, ісці, адна ці з кім, дзе лічу патрэбным, у якой лічу патрэбным вопратцы і дапаўненні да вопраткі. Іх фармулёўкі «несанкціонірованное массовое меропріятіе», «незарегістрірованная сімволіка» — гэта іх фантазіі і няведанне Канстытуцыі і гісторыі. Ім так зручна.

Пасыпаліся як гарох, ляцелі па ходніках моста. Мяне ўзяў пад локаць высокі «чорны», здаецца, алмазавец. Я ціха сказала, што іду сама, калі ласка, не прыспешвайце, у мяне крок меншы. Ён і вёў асцярожна. А навокал віравала розная энергетыка, хтось з іх нёсся раз'юшана, затрымліваў брутальна. Зайшла ў бус, ён зняў з мяне плакат і са словамі «А гэта ўжо пакінем гісторыі» паклаў на агароджу. З пачуццем гумару, аднак. Параіў і шалік з «Пагоняй» зняць. Шкада, што не запхала падалей у заплечнік, мог бы захавацца. А так у РУУСе знялі і знеслі разам з чыёйсьці бейсболкай. Напэўна, яны экіпіруюць ціхароў, цяпер усё магчыма.

У шэрым аўтазаку, куды нас перасадзілі, дзверы ў камеру падобны на дзверы печы. Месцы тры там на лаве, нас было 6 жанчын. Мужчын кідалі на падлогу, чуліся ўдары і стогны.

У РУУСе

Паставілі на вуліцы тварам да сцяны, рукі за спіну. Жанчын менш пільнавалі. Таму варочалася, разглядала. П'яны мужчына, яўна не з «нашых», трохі буяніў. Яны яго, ужо пабітага, яшчэ білі, зашпілілі кайданкі, працягнулі па асфальце. Адчуванне, быццам гэта ў цябе з кісцей дзярэцца скура. Навошта яны і такіх бяруць, да «карцінкі»?

Нагадала, што да любога чалавека трэба па-людску, будзе ляжаць на зямлі — застудзіць ныркі. Прынеслі шыну, пасадзілі яго. 

Паступова ўсіх перапісалі. Папрасіла выклікаць хуткую хлопцу з апухлай нагой і крывёй на патыліцы. Яго забралі. Яшчэ для аднаго прасіла: гематома ўтварылася каля скроні. Яны паглядзелі, вырашылі, што не трэба. Многія мужчыны кульгалі моцна, але не скардзіліся, трымаліся.

Жанчына побач пабялела, кашляла. Упрошвала я, каб адпусцілі яе, бо кантакт 1 узроўню. Не, нікога больш не выпусцілі. Нават мамы малых дзяцей паехалі ў выніку на Жодзіна. Машу (3 гады дачушка) судзілі толькі праз два дні, далі 25 базавых. Жэню (двое дзяцей 5 і 7 гадоў) пратрымалі ўвогуле тры, у сераду, ужо на Акрэсціна прысудзіўшы 50 базавых.

Вобшук. Перапісваюць каштоўнае: пашпарт, ланцужок, завушніцы, пярсцёнкі, (зняць) грошы, ключы.

Тэлефона не было з сабой. Яго забіраюць як гарантыю сплаты штрафу.

Яны

Цікава паназіраць. Шмат хто ў балаклавах. У простых масках тыя, якія «чалавечнейшыя», ці як.

Жанчына-міліцыянт была прыязнай, сказала булачку ўзяць з сабой і выбачылася перад тым, як правяла па кішэнях. Дазваляла зрабіць званок усім, у каго былі тэлефоны.

Жанчын вадзіла ў «цывільную» прыбіральню ў будынку. Сказала застацца ў гаражах, каб не мерзлі, прапанавала крэсла. Я папрасіла схадзіць за жанчынамі, што засталіся на вуліцы. Дазволілі. Засяроджаныя, падкрэслена ветлівыя складальнікі пратаколаў. Па прынцыпе «мы проста выконваем працу».

Ахоўнікі розныя. Адзін хацеў пагаварыць, рысаваўся, жаліўся, што медыкі адмовілі бацькам.

Даказваў, што не ўдзельнічае ў затрыманнях, не атрымлівае дадатковых грошаў. Не разумее, чаго мы ходзім, бо яго бацькі і сваякі нікуды не ходзяць, усім задаволены. «Эмпатыі пазбаўлены», — сказала, але наўрад ці ён зразумеў. Іншыя ўпэўнены, што пратэсты фінансуюцца, але, можа, да шарагоўцаў не даходзяць грошы.

Самы адэкватны і спагадлівы на пытанне, чаму ён тут працуе, адказаў, што ў разгонах не ўдзельнічаў. Калі прымусяць — апусціць шчыт.

Нейкі самы ўпэўнены — развязны, на «ты», у цывільным, нечакана запытаўся: «Как думаеш, победіте?» Я адказала, што пераможам, бо людзі не даруюць гвалт і здзекі. Медыкі не даруюць. Ён пагадзіўся: «Так, медыкі не даруюць». Бліжэй да вечару прынеслі ежу і ваду ад валанцёраў. Вялікі дзякуй, сапраўды паратунак, бо ў турме ўжо могуць трымаць бяз ежы доўга.

Усё б нішто сабе, але трымалі нас там гадзін 15. Месцаў прысесці амаль няма, гаражы халодныя, ратавалася, мераючы прастору крокамі. А мужчыны, з якімі прыехалі ў аўтазаку, так і прабылі амаль увесь час на вуліцы ля сцяны.

Мова

Нас тады яшчэ не пазначалі. Звыкла ігнаравалі нават напісанне прозвішча. Толькі той, хто здымаў і каротка апытваў, усміхнуўся: «100%» (вінаватая?), але далей гаварыў са мной па-беларуску.

Транспарціроўка ў турму

Аўтазак — перавозка з лавамі. Усім не хапіла, мужчыны некаторыя стаялі ўвесь час. Доўга-доўга, задушна, хацелася хутчэй патрапіць унутр, каб прылегчы.

Сцягі

На падлозе ў нейкім калідоры з паваротамі. Ад нечаканасці і нейкага металёвага смаку ў роце, які ўзнік імгненна, я збочыла да сцяны. Можа, канваір ужо быў стомлены (тое пад ранак, гадзін мо сем), я ішла апошняй да таго. Мне не прыляцела.

Доўга чакалі асабістага надгляду. Сцяг і там на падлозе.

Выказаўшыся пра дзікунства гэтага, таксама сказала, што мяне прыніжае надгляд. Па адміністратыўцы прапісана «адсутнасць складу злачынства». Недалёкая дзеўка нешта хаміла, потым заявіла, што пазаве ахоўніка-мужчыну.

Разбулася, распранулася і стала на Сцяг. Дзяўчынка ў камеры потым суцяшальна заўважыла: «Ён нам ножкі сагрэў».

Нарэшце, камера. А там два ложкі двухпавярховыя, металічныя рашоткі без матрацаў. І ўжо жыхарак амаль удвая больш. Неяк прытулілася седзячы, «правалілася». Памятаю, прывялі яшчэ жанчын, адна расплакалася. Думаю, таксама марыла прылегчы. А тут і сесці няма дзе. Але сталі цясніцца.

Потым пачула маё прозвішча. На выхад. Канваір, даючы падпісваць абавязак з'явіцца ў суд бурчэў незадаволена: «Калі вы такія ўнікальныя і незаменныя медыкі, а міліцыя вам кепская, трэба дома сядзець».

Я ніяк не чакала такой дапамогі і ўдзелу. Я кранута і ўдзячна. Суд яшчэ будзе.

Нашы

Ніхто не прасіў за сябе, не енчыў. Пераймаліся, ці сабраліся людзі. Дзяўчаты, мамы — супергоднасць. Усе жартавалі, дзяліліся ўсім. Мне хочацца сказаць: не бойцеся. Варта і сабе зразумець, што ты вытрымаеш. Можна паспрабаваць і дапамагчы камусьці. Калі ўпэўнены, што гатовы.

Марыя Каржанеўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930