Даслаць навіну
Знайсці
30.11.2020 / 16:36

Віктар Марціновіч: Як нараджаецца беларускі народ

Павялічыць

Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра нацыяўтваральныя працэсы ў Беларусі.

Вялікая група насельніцтва робіцца народам тады, калі праходзіць свой унікальны шлях.

Той шлях, па якім не хадзіў ніхто дагэтуль у гісторыі.

Утварэнне БССР не было ўнікальнай падзеяй — яно капіявала тое, праз што прайшлі іншыя 15 саюзных рэспублік. Не быў самасным і 1991 год, у нейкім сэнсе мы прайшлі па сцежцы, пракладзенай балтыйскімі дзяржавамі. Нават БНФ усе за межамі Беларусі ўспрымалі як пагалосак літоўскага Саюдыса. Але тое, што ў Літве суправаджалася нацыяўтваральным змаганнем, у Беларусі адбылося без высілкаў — мы набылі незалежнасць, якая паўнавартаснай незалежнасцю не была.

І толькі цяпер, праз 26 гадоў знаходжання пад велічэзным прыгнётам, беларусы пачалі пісаць сваю адметную, ні з чым не параўнальную гісторыю.

Тую гісторыю, пра якую будуць паведамляць падручнікі будучыні пасля акрэсленых адным радком акалічнасцяў выхаду з СССР. Вось гэта і ёсць выпрабаванне, якое робіць насельніцтва народам.

Гэта і ёсць тая гісторыя, якая наша, не параўнальная ні з чым.

Гісторыя страху і яго пераадолення.

Велізарнага страху. Страху, калі ты не ведаеш, ці вернешся дадому, выходзячы ў краму па малако. Страху, калі ў тваім двары гойсаюць апранутыя ў чорнае людзі, работа якіх — цябе прыпужваць.

І разам з тым — вялікага разняволення, калі нават пенсіянеры — знямоглыя, цалкам залежныя ад дзяржавы з яе пенсіямі — ідуць на вуліцы і становяцца поплеч з маладымі. Ведаючы, што могуць быць увязненыя без шанцаў выйсці з астрогу.

Паўтаруся: такога не было нідзе і ніколі. Нідзе не было асобных штотыднёвых маршаў сталых; не было стыгматызацыі вялізных сацыяльных груп — такіх як медыкі, студэнты ці жыхары Новай Баравой. Не было 30 тысяч затрыманых за тры месяцы. І каб пасля такога людзі працягвалі ісці.

І гэта цяпер — не пра нешматлікіх свядомых герояў, як было ў 1990-я з людзьмі, абуджанымі Зянонам Пазняком. Калі адны хадзілі па вуліцах з бел-чырвона-белымі сцягамі, а іншыя лічылі іх дзівакамі, якім больш за ўсё патрэбна, і працягвалі глядзець сірыкі па НТВ.

Цяпер герой — увесь беларускі народ, увесь без вынятку.

Насельніцтва робіцца народам тады, калі ў яго з’яўляецца гісторыя, паслухаць якую цікава не толькі людзям адсюль.

Мы прызвычаіліся існаваць на ўскрайках еўрапейскай гісторыі. Мы прызвычаіліся да таго, што да нас не было аніякай цікаўнасці. Мы нават самі сабе былі не надта цікавыя, чытаючы, слухаючы і гледзячы чужое.

Цяпер — час, калі расійскі гурт «Каста» здымае кліп «Выходи гулять» паводле падзеяў, якія мы нарадзілі.

Час, калі любы творца тут дае па два інтэрвʼю на тыдзень людзям з буйных замежных медыя.

Час, калі пра затрыманне Іллі Чарапко з «Петли Пристрастия» даведваешся з буйных расійскіх медыя, што раней да нас ставіліся з лёгкай пагардай, як да нягеглага малодшага брата.

Час, калі за намі сочыць і намі ганарыцца без перабольшання ўвесь свет.

Прапаганда называе сябе «бацькамі» і «стваральнікамі» беларускай краіны. І — парадаксальна — нешта такое сапраўды цяпер адбываецца.

Але адбываецца не дзякуючы нацыястваральным высілкам сістэмы. А насуперак ім. Сістэма паклала на плечы беларусаў велізарны прыгнёт. І калі яны пачалі паўставаць, той прыгнёт узмацніла да нечалавечых маштабаў, якія выходзяць за межы этыкі.

Але людзі не скарыліся і пачалі свой маўклівы, цяжкі шлях. Той самы шлях, што ўсхваляе гурт «Каста».

І так, мы пакуль толькі пасярэдзіне. Ніхто не ведае, як скончыцца фільм жахаў, які штодня паказваюць на нашых вуліцах.

Але насельніцтва ўжо зрабілася народам.

І ў той час, калі я пішу гэты тэкст, па мінскіх вуліцах ідзе велізарнае шэсце, што складаецца са сталых людзей. Іх атачаюць чорныя, іх затрымліваюць, але яны ідуць.

То ў нас ёсць што распавесці пра сябе.

А таму мы ёсць і будзем.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31