Знайсці
29.11.2020 / 20:59РусŁacБел

Калі Расія сапраўды настойвае на вызваленні Бабарыкі, то што гэта азначае 

Павел Латушка заявіў, што Масква на перамовах з Мінскам падняла пытанне вызвалення Віктара Бабарыкі, але Лукашэнка ставіць умовай вызвалення ад'езд Бабарыкі і яго сына за мяжу.

Адвакат Віктара Бабарыкі нічога не ведае пра такія кулуарныя перамовы і асудзіў сам факт распаўсюджвання дадумак.

Мы таксама не ведаем, ці гэта праўда.

Калі б гэта была праўда, то гэта з безумоўнай дакладнасцю азначала б, што Масква не верыць у здольнасць Аляксандра Лукашэнкі ўтрымаць уладу працяглы час і пачынае раскладаць яйкі ў розныя кошыкі.

Многае паказвае, што ў Маскве баяцца цалкам страціць Беларусь у блізкай перспектыве, калі карміць Лукашэнку далей. Свядомасць беларусаў памянялася настолькі моцна, што змена ўлады ў Мінску выглядае непазбежнай, пытанне толькі, калі і як тое адбудзецца. У такіх умовах лагічна, каб Масква старалася, каб новая ўлада не была варожая Расіі.

Не было ніводнага факта ці сігналу пра датычнасць Масквы да рашэння Бабарыкі балатавацца.

Наадварот, паход Бабарыкі быў адным з тых штуршкоў, якія прывялі да радыкальных змен у свядомасці беларусаў — праціўнікі Лукашэнкі ўсвядомілі, што яны ў большасці.

У той жа час Віктар Бабарыка — дзеяч, зразумелы Маскве (у адрозненне ад Святланы Ціханоўскай) і не радыкальны.

Ён не ставіў, прынамсі публічна, найбліжэйшай сваёй задачай геапалітычны разварот і не нёс на штандарах ідэю абавязковай люстрацыі і т. д.

Такі варыянт, відаць, мог бы быць кампрамісным, ён дазволіў бы выйсці з сітуацыі з найменшымі ахвярамі. Хоць, вядома, усе пры ім адчувалі б сябе не да канца пераможцамі — і грамадству, і лукашэнкаўцам, і Маскве давялося б ісці на сур’ёзныя кампрамісы і саступкі.

Але што зробіш — палітыка і ёсць мастацтва кампрамісаў. Затое прайграў бы, і яўна разгромна, пры такім гіпатэтычным варыянце толькі адзін чалавек — Аляксандр Лукашэнка. Таму ён пастараецца зрабіць усё, каб такі варыянт не ажыццявіўся.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера