У Мінску праходзіць з'езд АГП: абіраюць новае кіраўніцтва
Мікалай Казлоў. Фота Надзеі Бужан
29 лістапада ў Мінску праходзіць XX з'езд Аб'яднанай грамадзянскай партыі, удзел у ім бяруць 85 дэлегатаў, паведамляе «Радыё Свабода».
На з'ездзе плануецца абраць новае кіраўніцтва партыі — старшыню, намеснікаў, Палітраду і Нацыянальны камітэт АГП.
В. а. старшыні партыі Мікалай Казлоў неадназначна ацаніў досвед удзелу партыі ў праймерыз апазіцыі. Палітык патлумачыў, што гэта быў першы досьвед:
«Мы выйгралі гэты праймэрыз. У ім, можа, удзельнічала няшмат людзей, можа, ён быў недастаткова разрэкламаваны, але тым не менш», — сказаў Казлоў.
Сярод дасягненняў партыі Казлоў назваў прыдуманы АГП новы фармат акцый — ланцугі салідарнасці.
Таксама ён нагадаў, што партыя падтрымала на выбарах 9 жніўня Святлану Ціханоўскую, сябры партыі былі сярод яе давераных асоб і цяпер працуюць у яе штабе і ў асноўным складзе Каардынацыйнай рады.
«У партыі сёння тры асноўныя задачы, як і ў беларускага народа: спыненне рэпрэсій, вызваленне палітычных вязняў, правядзенне сумленных свабодных выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі. Пакуль праходзяць пратэсты, мы вырашылі не выпінаць партыю, прыспусціць партыйныя штандары, пакуль мы не вырашым з астатнімі гэтыя тры простыя рэчы», — сказаў Казлоў.