Знайсці
21.05.2009 / 10:3417РусŁacБел

«Вільня з кожнага беларуса робіць гісторыка»

«НН» гутарыць з куратарам бакалаўрскай праграмы «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія» ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, кіраўніком Інстытута гістарычных даследаванняў Алесем Смаленчуком.

«НН» гутарыць з куратарам бакалаўрскай праграмы «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія» ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, кіраўніком Інстытута гістарычных даследаванняў Алесем Смаленчуком.

***

«Наша Ніва»: Сп.Алесь, заканчваецца чарговы навучальны год у ЕГУ. Якім ён быў для бакалаўрскай праграмы «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія»?

Алесь Смалянчук: Сёння можна падводзіць толькі папярэднія вынікі. Навучальны год у універсітэце доўжыцца з кастрычніка па пачатак ліпеня, а летняя сесія будзе даволі напружанай. Адбудзецца першы ў ЕГУ выпуск бакалаўраў гісторыі…

Але ўжо зараз можна канстатаваць, што праграма «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія» прайшла даволі няпросты этап станаўлення, і з’яўляецца адной з найбольш цікавых і эфектыўных праграм універсітэту. Найлепшым аргументам на карысць гэтага з’яўляюцца студэнты… Сярод іх вылучаецца група тых, хто атрымлівае другую вышэйшую адукацыю. І справа не толькі ў вучэбных поспехах.

Універсітэт стварае магчымасці для самарэалізацыі… Студэнты праграмы актыўна працуюць у студэнцкім самакіраванні, якое ў «еўрапейскай» Літве мае вельмі шырокія паўнамоцтвы і правы.

Яны ініцыятары шматлікіх беларускіх імпрэзаў, якія часцяком выходзяць за межы ЕГУ. У вялікай ступені якраз яны ўмацоўваюць імідж ЕГУ як уласна беларускага універсітэту… магу назваць імёны Андрэя Мастыкі, Наталлі Мяшковай, Настассі Саладоўнік, Андрэя Асадчага, Алега Грубіча ды інш.

«НН»: Ці ўдзельнічаюць вашыя студэнты ў навуковым жыцці універсітэту?

А.С.: Якраз пра гэта хачу сказаць асобна. Ёсць шмат студэнтаў, якія далучыліся да шэрагу навуковых праектаў, нядаўна створанага Інстытута гістарычных даследаванняў Беларусі, што я цяпер ачольваю.

Варта тут прыгадаць экспедыцыі па праблематыцы «вуснай гісторыі» («Палессе 2006», «Браслаў 2007»), а таксама цікавейшыя віленскія этнаграфічныя падарожжы 2006‑2008 гг., якія выходзяць далёка за межы звычайнай этнаграфічнай практыкі… (кіраўнік Ю.Унуковіч). Самы актыўны ўдзел у іх прымалі студэнты 3 і 4 курсаў праграмы.

Таксама варта адзначыць дзейнасць студэнцкага навуковага гісторыка‑антрапалагічнага гуртка імя Міколы Улашчыка (старшыня А.Мастыка). Яго сябры далучыліся да навуковага праекту «Беларусістыка ў архівах і бібліятэках Вільні». Яны ж прымаюць удзел у пошуках магілы Кастуся Каліноўскага…

На апошняй, травеньскай, канферэнцыі студэнтаў і аспірантаў «Еўропа 2009: новае суседства», якую што год ладзіць ЕГУ, з цікавымі паведамленнямі пра малавядомыя архіўныя крыніцы па гісторыі Беларусі выступалі студэнткі 2 курса праграмы Марыя Ламінская і Ганна Галкова. Хачу зазначыць, што Вільня з яе дакументальнымі «скарбамі» па беларускай гісторыі стварае ўнікальную магчымасць спалучэння вучобы і навуковай працы. Апошняму, дарэчы, моцна спрыяюць нашыя выкладчыкі…

***

«НН»: Яны едуць з Беларусі, каб рэалізоўваць свае праекты ў Вільні?

А.С.: У нас выкладаюць такія вядомыя даследчыкі як Захар Шыбека, Ігар Бабкоў, Павел Церашковіч, Анатоль Цітоў, Валянцін Голубеў, Сяргей Токць, Ірына Дубянецкая, Генадзь Сагановіч, Сяргей Харэўскі, Ірына Раманава ды інш. Студэнты маюць рэдкую магчымасць вывучаць гісторыю ў людзей, якія ў адрозненні ад большасці выкладчыкаў гістфакаў беларускіх ВНУ не забыліся, як выглядаюць дакументы з архіўных сховішчаў…

Менавіта, навуковая актыўнасць выкладчыкаў стварае сваеасаблівую атмасферу на праграме. У навуковай дзейнасці студэнты і выкладчыкі становяцца калегамі…

Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі, што аб’яднаў большасць выкладчыкаў праграмы, рэалізуе вельмі важны для гістарычнай навукі праект «Беларусістыка ў архівах і бібліятэках Вільні», мае ўласную выдавецкую праграму… Толькі ў гэтым годзе з друку выйшоў курс лекцый прафесара Шыбекі «Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет», Хрэстаматыя па найноўшай гісторыі Беларусі (укладальнік Ю.Бачышча), у наступным месяцы з’явіцца кніга Ірыны Раманавай і Ірыны Махоўскай «Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары»… У выдавецкіх планах на гэты год таксама падручнік па сацыяльнай гісторыі Беларусі Сяргея Токця, гісторыя мястэчак Іны Соркінай, манаграфія Андрэя Вашкевіча, прысвечаная ксяндзу Адаму Станкевічу ды шмат іншых пазіцый.

Спадзяюся, што ўлетку закончу рэдагаванне гадавіка антрапалагічнай гісторыі Homo historikus 2009. Сярод аўтараў гэтага тому Мітрафан Доўнар‑Запольскі, Міхал Ромэр, Юзаф Абрэмбскі, Міраслаў Грох, Дэвід Фішман, Вольга Лабачэўская, Рімантас Мікніс, Алесь Пашкевіч ды іншыя вядомыя даследчыкі.

***

«НН»: Неўзабаве будзе адбывацца чарговы набор на першы курс… А чым адрозніваецца гістарычная праграма ЕГУ ад гістфакаў беларускіх ВНУ?

А.С.: Адрозненняў шмат… Самае галоўнае, што

ЕГУ мае тую атмасферу інтэлектуальнай свабоды і разняволенасці, пра якую толькі могуць марыць студэнты Беларусі. Без гэтага вышэйшая адукацыя недасягальная.
Яна ператвараецца ў яшчэ адну школу, дзе надыктоўваюць адказы на ўсе пытанні…

Характэрная рыса гістарычнай праграмы — у спалучэнні гістарычных дысцыплінаў з антрапалогіяй. Мы спрабуем выкладаць і вывучаць такую гісторыю Беларусі, у цэнтры якой знаходзіцца чалавек, з ягонымі асабістымі перажываннямі, радасцямі і бедамі. Гэта даволі складана, але цікава. Усё ж такі гісторыя застаецца нічым іншым як навукай пра чалавека ў часе… Дарэчы, у гэтым годзе Вольга Шаталава пачала выкладаць курс «Гістарычная антрапалогія», з якім я звязваю асаблівыя надзеі… Таксама эксклюзіўны характар маюць такія дысцыпліны, як «Гісторыя гарадской цывілізацыі», «Гендэрная гісторыя Беларусі», «Гісторыя Цэнтральна‑Усходняй Еўропы», «Канцэпцыя свету на старажытным Блізкім Усходзе», «Гісторыя паўсядзённасці», «Сусветная гісторыя ў культурна‑гістарычнай перспектыве» ды інш.

Вельмі важнай для праграма з’яўляецца атмасфера Вільні, шматлікія знакі беларускай мінуўшчыны, сляды колішняй духоўнай сталіцы беларусаў…

Вільня з кожнага беларуса робіць гісторыка.
Тут вялікі патэнцыял для далейшага развіцця не толькі праграмы, але і ўсяго універсітэту як пэўнага цэнтра гістарычнай беларусістыкі… Шкада толькі, што не ўсе гэта ўсведамляюць… Ніводзін горад Беларусі, на жаль, такім патэнцыялам сёння не валодае.

«НН»: Але атрымліваецца, што ў студэнтаў ЕГУ няма ў Вільні вольнага часу…

А.С.: Чаму? Ёсць шмат магчымасцяў, нават болей, чым у Мінску, наведваць найцікавейшыя еўрапейскія выставы, канцэрты. Нагадаю, сёлета Вільня — культурная сталіца Еўропы! Зрэшты, камусьці цікавей пашвандацца і па тутэйшых крамах, балазе іх тут хапае. Каму што, адным словам… Дарэчы, 27 траўня ў віленскай галерэі «Арка» адкрываецца выстава «Вільня ў беларускім мастацтве» (яе рыхтавала Таццяна Бембель). Упэўнены, што сустрэну на адкрыцці шматлікіх студэнтаў універсітэту…

***

«НН»: Зь якімі праблемамі найчасцей даводзіцца сутыкацца Вашым студэнтам у сталіцы Літвы?

А.С.: Безумоўна, гэта праблема адаптацыі да жыцця ў сталіцы іншай краіны. Для многіх студэнтаў — гэта ці не першы наогул вопыт працяглага самастойнага жыцця па‑за ўласнай сям’ёй. Але, звычайна, вельмі дапамагаюць студэнты старэйшых курсаў, метадысты, куратары праграмаў і самыя выкладчыкі…

Сам на сам з праблемамі студэнты не застаюцца.

Таксама істотнай застаецца праблема аплаты за навучанне. У мінулым годзе на 1 курсе нашай праграмы было 6 бясплатных месцаў і 3 стыпендыі. (Усяго мы набіраем 15 першакурснікаў). Умовы гэтага году канчаткова будуць вядомыя толькі ў чэрвені, але думаю, што стыпендыі і бясплатныя месцы будуць. Сенат ЕГУ яшчэ ў сакавіку ў мэтах падтрымкі гістарычнай беларусістыкі прыняў рашэнне пра стварэнне пэўных ільготных умоваў для паступаючых на праграму «Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія».

Пасля заканчэння бакалаўрскай праграмы студэнты, звычайна, працягваюць навучанне ў магістратуры. І тут можна не абмяжоўвацца ЕГУ, бо г.зв. Балонская сістэма вышэйшай адукацыі ў Еўропе дазваляе паступаць у магістратуру іншых універсітэтаў. У прыватнасці, некаторыя з нашых студэнтаў 4 курса плануюць працягваць навучанне ў Польшчы.

Гутарыў Алег Гардзіенка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930