Знайсці
27.11.2020 / 12:05РусŁacБел

Як дзейнічаць беларускаму грамадству пад прэсінгам уладаў і ці трэба ісці на «дыялог»

Што і як рабіць — абмяркоўвалі юрыст, палітолаг Юрый Чавусаў і праваабаронца, каардынатарка праекта дапамогі палітвязням Яна Ганчарова ў выпуску дэбатаў «ДысКУТ».

Вы можаце паглядзець анлайн, змешчаны на ютуб-канале «ДысКУТ», альбо прачытаць асноўныя тэзісы, прыведзеныя ніжэй.

«Заўжды ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў адбываўся ўсплёск грамадзянскай актыўнасці. Людзі імкнуліся далучыцца да грамадскай дзейнасці, а ўлады адказвалі на гэта наступам на структуры грамадзянскай супольнасці: закрывалі арганізацыі, кідалі лідараў за краты, — кажа юрыст Юрый Чавусаў. — У гэтым палітычным сезоне здарыўся беспрэцэдэнтны выбух грамадскай актыўнасці. Да грамадскай дзейнасці далучыліся сотні тысяч людзей. Яны не могуць пасадзіць за краты сотні тысяч людзей, якія выходзяць на маршы, далучаюцца да інтэрнэт-актыўнасці. Яны б’юць па тых структурах, якія з’яўляюцца традыцыйнымі арганізацыямі грамадскай супольнасці, па грамадскіх аб’яднаннях».

Чавусаў мяркуе, што ўлады будуць скіроўваць рэпрэсіўную актыўнасць на традыцыйныя няўрадавыя структуры і арганізацыі. Ліквідоўваць альбо проста не даваць рэгістравацца.

«У лістападзе ўступае ў сілу пастанова Міністэрства юстыцыі пра абавязковую падачу фінансавых справаздач. Раней для беларускіх грамадскіх аб’яднанняў і фондаў гэта не прадугледжвалася. Пастанова закране больш за тры тысячы арганізацый. Будуць спыняць магчымасць пераводзіць грошы з-за мяжы», — лічыць Юрый Чавусаў.

Што рабіць у такой сітуацыі грамадзянскай супольнасці?

«Трэба паглядзець, як улады не справіліся са свабоднай перадачай інфармацыі. Ёсць тэлеграм, які яны не маюць магчымасці кантраляваць. Ёсць магчымасць абменьвацца думкамі. Адабраць яе — гэта значыць адабраць тэлефоны і сучасныя даброты цывілізацыі, улады з гэтым не справіліся. Грамадзянскай супольнасці трэба знайсці свой тэлеграм, аналаг. Як тэлеграм для свабоды слова, так і нам патрэбны свой прадукт для свабоды асацыяцый і, можа быць, для аднаго з кампанентаў свабоды асацыяцый — права на перадачу і атрыманне фінансавых рэсурсаў. Сучасныя тэхналогіі заўжды ідуць наперадзе тых адказаў, якія прыдумляюць аўтарытарныя лідары», — мяркуе Юрый Чавусаў.

Праваабаронца Яна Ганчарова адзначае, што беларусы не першы год пад прэсінгам і многія механізмы стрымлівання, кантролю грамадзянскіх супольнасцяў былі ўведзеныя ўладамі раней. Але неймаверна павялічыліся маштабы.

«Відавочна, што калі ідзе такое супрацьстаянне дваровым чатам, актыўнасцям, зборам ля знакавых месцаў, салідарнасці, аб’яднанню, то ў мяне адказ толькі адзін — працягваць гэта рабіць і яшчэ актыўней. У салідарнасці, у аб’яднанні ёсць перспектыва. Ідэя ўсіх таталітарных рэжымаў — раз’яднаць людзей, прымусіць іх не давяраць адно аднаму, сцерагчыся, ненавідзець і гэтак далей. І ў маім уяўленні ў такой сітуацыі трэба шукаць саратнікаў, калег, аднадумцаў і разам з імі рабіць Беларусь лепшай, запускаць праекты і ініцыятывы», — кажа праваабаронца Яна Ганчарова.

У той жа час, нягледзячы на каласальны ціск на грамадзянскую супольнасць Беларусі, прадстаўнікі ўладаў перыядычна заяўляюць пра жаданне весці дыялог. На павестку дня выносіцца, напрыклад, пытанне Канстытуцыі, абмяркоўваць яго запрашаюць на круглых сталах праўладныя дзеячы. Як рэагаваць праваабаронцам на такія прапановы?

«Ніякіх перамоў з тымі, хто чыніць гвалт, быць не можа, — перакананая Яна Ганчарова.

— Перамовы магчымыя, калі людзі знаходзяцца ў роўных пазіцыях. Калі нас клічуць як роўнага партнёра, які мае голас, а не партнёраў, якія легалізуюць гэты круглы стол. Я стаю толькі на адным — гэта выкананне патрабаванняў. Адпусціць усіх палітзняволеных, спыніць гвалт у адносінах грамадзян. І толькі пасля гэтага мы можам хаця б нейкія пытанні выносіць на абмеркаванне. Ці пра выбары, ці пра Канстытуцыю. Перш за ўсё трэба спыніць гэты штодзённы тэрор на вуліцах краіны. Гэта павінна быць агульным патрабаваннем усіх людзей, якія выходзяць на пратэсты, размаўляюць з дзяржаўнымі органамі».

Не дапускае магчымасць дыялогу без выканання першасных патрабаванняў і Юрый Чавусаў.

«Быць ручной грамадзянскай супольнасцю на цыркавой арэне круглага стала, за межамі якога адбываецца гвалт, страляніна, забіваюць людзей, катуюць на Акрэсціна — гэта не годна. З іншага боку, апрыёры дзяржава і грамадзянская супольнасць — гэта не роўныя ўдзельнікі ў перамовах. А дзяржаўная ўлада і грамадзяне — гэта суб’екты рознай вагі, — лічыць Юрый Чавусаў.

Падвысіць вагу грамадзянскай супольнасці, на думку юрыста, можа адзіная пазіцыя адносна неабходнасці выканання першасных патрабаванняў ва ўсіх прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

«Я згадваю тэлеперадачу, дзе былі Васкрасенскі, Гайдукевіч, Кастусёў, Шпакоўскі. І вядучы пачаў крытыкаваць кіраўніка БНФ, казаць: «А што вы тут паўтараеце тое, што тут да вас казала Караткевіч? Ізноў вы пра палітвязняў!», — прыводзіць прыклад Чавусаў. — Дык вось гэта тое, што яны не любяць і чаго баяцца. Калі ёсць адзіная пазіцыя на ўсіх. Калі яны будуць запрашаць на свой круглы стол Human Constanta, Асамблею, БХК ці каго заўгодна, а прадстаўнікі гэтых арганізацый будуць у адзін голас паўтараць толькі тое, што казалі іх калегі: вызваленне палітвязняў, спыненне гвалту, завядзенне крымінальных спраў па забітых людзях. А пасля можна дыскутаваць пра іншае», — падсумоўвае Чавусаў.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930