Знайсці
26.11.2020 / 18:13РусŁacБел

За замену чырвона-зялёнага сцяга на бел-чырвона-белы гамельчука асудзілі на два гады «хіміі»

Георгі Васіленка падчас суду 17 лістапада.

Гамельчука асудзілі на два гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу паводле артыкула «злоснае хуліганства» за тое, што ён падчас акцыі пратэсту замяніў на плошчы Леніна чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы, паведамляе Свабода.

26 лістапада судзьдзя Цэнтральнага раёну Сяргей Салоўскі прызнаў Георгія Васіленку вінаватым у злосным хуліганстве і пакараў абмежаваньнем волі («хіміяй») на два гады.

Суд пастанавіў зьнішчыць «бел-чырвона-белае палотнішча, якое не ўяўляе каштоўнасьці», а афіцыйны чырвона-зялёны сьцяг аддаць у гарвыканкам.

16 жніўня на плошчы Леніна ў Гомлі праходзіла масавая акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту. Тады некалькі маладых людзей (у тым ліку і Георгі Васіленка) спусьцілі з мачты каля помніка Леніну чырвона-зялёны сьцяг і паднялі бел-чырвона-белы. Чырвона-зялёны сьцяг яны паклалі побач. Неўзабаве яго забралі міліцыянты.

На Георгія Васіленку завялі крымінальную справу за апаганьваньне дзяржаўнай сымболікі. Але падчас сьледзтва ягоныя дзеяньні перакваліфікавалі ў «злоснае хуліганства».

Адвакатка не пагадзілася, што гэта злоснае хуліганства, і прасіла свайго падабароннага па гэтым артыкуле апраўдаць.

Яна сказала, што бел-чырвона-белы сьцяг ня ёсьць незарэгістраванай сымболікай, ён двойчы ў гісторыі Беларусі быў дзяржаўным сьцягам.

Таксама яна зазначыла, што ў дзеяньнях Васіленкі «няма цынічнага складу, не было грубага парушэньня грамадзкага парадку, а міліцыя не рабіла ніякіх дзеяньняў, каб спыніць магчымае парушэньне заканадаўства».

Міліцыянты на гэта адказалі, што бачылі замену сьцяга, далажылі пра гэта кіраўніцтву, але ім загадалі «ня ўмешвацца, каб не распальваць абстаноўку».

Пракурор прасіла пакараць Васіленку абмежаваньнем волі на два гады.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера