Знайсці
26.11.2020 / 17:46РусŁacБел

З Беларусі высылаюць беларускамоўнага беларуса з расійскім пашпартам. Бо ўдзельнічаў у пратэстах

Вярнуцца Алег Малашчанка ў Беларусь зможа толькі праз тры гады, піша Intex-Press.

Алег і Таццяна Малашчанка.

Жыхара Баранавіч, вайсковага пенсіянера Алега Малашчанку 25 лістапада запрасілі ў аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС для абмеркавання рашэння аб яго высылцы з краіны, распавяла Intex-press ягоная жонка Таццяна. Увечары ў сябе на старонцы ў фэйсбуку Алег Малашчанка пакінуў паведамленне: «Высылка з краіны, без права ўезду на тры гады, пакінуць краіну да 25.12.2020».

На абскарджанне рашэння аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС у сям'і Малашчанкаў ёсць тры дні, сказала Intex-press Таццяна.

Алег Малашчанка — ураджэнец Баранавіч. З сям'ёй ён жыве ў горадзе з 2004 года. У яго двое непаўналетніх дзяцей, жонка і 85-гадовая маці. Мужчына — былы афіцэр, заканчваў ваенную службу ў Расіі, таму аўтаматычна атрымаў расійскае грамадзянства. Пасля службы пераехаў на радзіму, некалькі гадоў быў уладальнікам крамы «Вадзянік», а пазней уладкаваўся працаваць на авіязавод.

Сям'я Малашчанкаў актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці горада. Яны дамагліся адкрыцця ў горадзе беларускамоўных класаў, удзельнічалі ў нацыянальных праектах і папулярызацыі беларускай культуры, неаднаразова былі назіральнікамі на выбарах.

На думку жонкі Алега, Таццяны Малашчанка, мужа хочуць выслаць з краіны з-за таго, што ўлады лічаць мужчыну адным з завадатараў пратэстаў у ААТ «558 авіяцыйны рамонтны завод», якія прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

— Мы, вядома, спадзяваліся на лепшае, але ілюзій аб тым, што мужа пакінуць у Беларусі, я не мела. Мяне здзівіла, што Алега высылаюць з краіны ў добраахвотным парадку, а не прымусова. Так што нам не давядзецца збіраць рэчы прыхапкам, — распавяла Таццяна Малашчанка.

Па cловам Таццяны, у аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС Алегу не выдалі копію дакумента, у якім напісана дакладная прычына дэпартацыі, і таксама не далі яго сфатаграфаваць. Малашчанка пры азнаямленні з дакументам паспеў прачытаць, што адной з прычын дэпартацыі быў удзел у акцыях пратэсту.

Сям'ю Малашчанкаў цяпер вельмі непакоіць тое, што з-за высылкі на тры гады з краіны Алег можа больш не ўбачыць сваю састарэлую маці.

— Жанчыне 85 гадоў, а высылка на тры гады без права на ўезд — гэта ўсё ж тэрмін для пенсіянера, — перажывае Таццяна.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера