Даслаць навіну
Знайсці
26.11.2020 / 10:25

«Пасля траўмы муж кінуў — я да гэтага была гатова». Гісторыя Дашы, якая выжыла ў страшнай аварыі

Пра жыццё Дар’і Захаранкавай можна было б зняць серыял. Як яна трапіла ў страшную аварыю, як муж кінуў, бо быў не гатовы да цяжкасцяў, як яна вярнулася ў танцы, але ўжо на калясцы. Сваю гісторыю яна расказала «Нашай Ніне».

Павялічыць

Мы гутарым з Дашай пад шум кавамашыны — дзяўчына працуе барыста ў інклюзіўнай кавярні.

У лістападзе яна пераехала з роднага Віцебска ў Мінск. Кажа, вельмі цяжка было знайсці здымнае жыллё з безбар'ерным асяроддзем.

«Патрэбны пандус, ліфт, пажадана сумесны санвузел, мінімальныя парожкі, — тлумачыць яна. — Такога, што хтосьці не хацеў здаваць кватэру інвалідам, не было. Толькі адна жанчына ва ўзросце разгубілася: ой, калясачнікі, куды?»

Павялічыць

Даша працуе ў кавярні «Інклюзіўны барыста», якая нядаўна адкрылася на Інтэрнацыянальнай, 36

Дзяўчына жыве разам з калегам, які таксама працуе барыста. На працу ён яе падвозіць на машыне.

Дар’я ўсміхаецца: ужо даўно лыжы вастрыла на сталіцу, шукала варыянт, за што зачапіцца. Збіралася запісацца на курсы па манікюры на базе пратэзнага завода. Не тое, каб яна марыла займацца пазногцямі, але хоць так, пасля бачна будзе. Але курсы праз каранавірус адклалі. А тут Саша Аўдзевіч адкрываў новую кавярню, паклікаў: хочаш працаваць?

Павялічыць

«Вылецела праз шкло — пашкодзіла абодва лёгкія, зламала амаль усе рэбры з аднаго боку»

З адукацыі Дар’я наогул лагіст. Вучылася ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Піцер быў яе марай. Там яна засталася працаваць, выйшла замуж. Жыццё складалася найлепшым чынам. Усё памяняла аварыя, якая здарылася ў студзені 2017 года.

«Мы ехалі з навагодніх свят на машыне з Твярской вобласці, ад бацькоў мужа. Я, ён, яго сястра і яе сын. Сястра была за стырном. Не справілася з кіраваннем. Дзіця разбілася насмерць, я вылецела праз шкло. У мяне з аднаго боку амаль усе рэбры зламаліся, быў пералом пазваночніка, пашкодзіліся абодва лёгкія, — успамінае дзяўчына. — 

Я трапіла ў бальніцу ў вельмі цяжкім стане. Калі патэлефанавалі маім бацькам, сказалі: не даём ніякіх прагнозаў. У рэанімацыі я праляжала тры дні, пасля дазволілі перавезці ў Віцебск, бо я грамадзянка Беларусі. Аперацыю на пазваночніку мне доўга не рабілі: баяліся даваць наркоз, таму што лёгкія былі моцна траўмаваныя і наркоз я магла б не вытрымаць.

Дзён 7-10 я яшчэ ляжала ў віцебскай рэанімацыі, дзе лячыла лёгкія. І толькі пасля мяне павезлі ў Мінск і прааперыравалі пазваночнік. Гэта вельмі вялікі тэрмін для такіх траўмаў: аперацыю трэба рабіць у першыя суткі, каб нешта можна было аднавіць».

Павялічыць

Дадому Дар’я выпісалася толькі праз два месяцы. Пра тое, што яна больш не зможа хадзіць, дактары ёй не казалі.

«Пашанцавала. Адзіным, хто спрабаваў, быў нейрахірург у рэанімацыі ў Віцебску. Ён зайшоў неяк: «Дар’я, вам патрэбна аперацыя, інакш вы будзеце ляжачая. А так вы сядзіце». Кажу: а шанцаў хадзіць не даяце? Ён сышоў ад адказу: «Ну вы разумееце, траўма сур’ёзная».

Але разрыву спіннага мозгу не было, адпаведна шанцы заставаліся. Маё жыццё выгладала так: заняткі ЛФК, масажы, іглатэрапіі… Я ездзіла на рэабілітацыі, займалася па шэсць гадзін на дзень, бо мне сказалі: чым больш ты будзеш трэніравацца, тым хутчэй адновішся.

У мяне не было псіхалагічнай траўмы. Я разумела: ну так, дрэнныя справы. Але не ўсведамляла, якія будуць наступствы. Я чакала паляпшэння. А калі праз два з паловай гады ўбачыла, што трачу дні толькі на лячэбную фізкультуру, мне стала неяк шкада свайго часу: маладосць праходзіць, а я сяджу дома! Трэніравацца я працягваю, мне падабаецца спорт, але перастала рабіць гэта сэнсам свайго жыцця».

Павялічыць

«Я адзінае дзіця ў сям’і, і для мамы гэта быў удар»

Дашын шлюб выпрабавання не вытрымаў.

«Была вельмі непрыгожая гісторыя. Увесь час, што я была ў рэанімацыі, не мела сувязі. А калі мяне перавялі ў звычайнае аддзяленне, я паглядзела ў тэлефон і не ўбачыла ніводнага паведамлення ад мужавай сястры, ніводнага званка. Прытым што мы былі блізкімі сяброўкамі. Я не крыўдзілася, думала, сястра мужа сама ў шоку, пасля таго што з яе дзіцем здарылася, патрэбны час. Пазней мне патэлефанавалі нашы агульныя сябры, сказалі, што ў яе ўсё добра, яна жыве сваім жыццём. Я ў шоку была», — прызнаецца дзяўчына.

Пасля траўмы яна адразу зразумела: муж побач не застанецца.

«Ведала, з кім жыву. Гэта не той чалавек, які ўмее стойка выносіць цяжкасці. Нейкі час ён да мяне прыязджаў, настройваў на тое, што ўсё будзе добра. Я засталася ў Беларусі, ён з’ехаў назад працаваць. Стасункі сыходзілі на нішто.

Фінальнай кропкай стала, калі я па парадзе следчай напісала заяву на маральную шкоду, бо мужава сястра мне не дапамагала. Муж абвясціў развод. Я была да гэтага гатова, таму не магу сказаць, што цяжка перажывала. Канечне, было непрыемна. Але я сябе першапачаткова настроіла, што ўсё гэта — справа часу. Таму мне не балела так моцна».

Сястры мужа за тую аварыю прысудзілі два гады ўмоўна, на столькі ж пазбавілі правоў.

Павялічыць

Вяртацца ў Віцебск было сумна: былыя аднакласнікі раз’ехаліся, сяброў побач няма. Больш за ўсё ў гэты час Дар’я перажывала не за сябе, а за бацькоў.

«Я адзінае дзіця ў сям’і, і для мамы гэта быў удар. Яна на нейкі час выпала з жыцця, была ў дэпрэсіі. Тата бачыў гэта і разумеў, што трэба ж некаму ўсё «вывозіць». Таму першы час ён са мной больш займаўся.

Адразу пасля траўмы ты не можаш нічога. Ні перасесці на ложак, ні ўмыцца. Ніхто ж не думаў, што каляска будзе: у нас дома вузкія праёмы, і я не магла заехаць у ванны пакой. Першы час было вельмі цяжка.

Безумоўна, для бацькоў гэта будзе боль на ўсё жыццё. Але да ўсяго прывыкаеш. Я лічу, што стойка вытрымала гэты ўдар і зрабіла максімальна ўсё, каб ім было лягчэй».

Без справы Дар’я не сядзела. Яшчэ ў Піцеры яна з лагіста перайшла ў адміністратары: памяняла працу з людзьмі на працу з паперамі. Паралельна дапамагала тату з дакументамі (у таго свая фірма). Таму ў Віцебску для яе знайшоўся занятак.

«Мне шмат кампліментаў пішуць, але знаёміцца баяцца»

У танцы на калясках дзяўчына прыйшла летам мінулага года. Успомніла сваё спартыўнае мінулае: Дар’я з пяці год займалася бальнымі танцамі, пасля пераключыліся на ўсходнія і сучасныя.

«Мінулай восенню мы з партнёрам удзельнічалі ў чэмпіянаце Беларусі і занялі ў сваёй катэгорыі трэцяе месца. Для пачатку, я лічу, гэта выдатна. У гэтым годзе на зборы я не паехала, бо пачаўся кавід. Усе спаборніцтвы паадмянялі. Хоць я планавала патрапіць у красавіку на чэмпіянат у Нідэрландах, шукала спонсараў.

Павялічыць

Усе ставяцца да танцаў як да сацыяльнай рэабілітацыі: ты прыгожая, партнёр цябе катае, валасы ляцяць і ўсё так лёгка. Але гэта спорт, ён патрабуе фізічнае нагрузкі. Плюс пластыка і акцёрскае майстэрства неабходны. Хачу дабіцца вынікаў у гэтым».

Пытанням пра асабістае жыццё дзяўчына не бянтэжыцца.

«Я адкрыта да адносін, люблю мужчын, — усміхаецца Дар’я. — Але я не адчуваю сябе самотнай. Я такі чалавек: мне камфортна сам-насам з сабой. Для таго, каб быць шчаслівай, мне не абавязковы яшчэ хтосьці.

Мне шмат кампліментаў пішуць, але ў асноўным яны ў духу «якая ты малайчына, хоць і на калясцы». Ты ведаеш, баяцца хлопцы. Не трэба гэтага саромецца і гэта хаваць. Гэта праўда крыху дзіўна: нас, калясачнікаў, мала, не вельмі бачна на вуліцах. Можа, ёсць які інтарэс, але страшна падысці. Я ўсё цудоўна разумею. Толькі са смелымі ў нас атрымліваецца камунікаваць (смяецца).

Ва ўсіх стэрэатып, што з калясачнікамі не можа быць сэксу. Гэта глупствы. Я таплю за тое, каб асвятляць гэту тэму. Не разумею, чаму мы пра гэта не гаворым: мы лёгка кажам пра рэабілітацыю, нейкія ўралагічныя рэчы, а на тэму сэксу і стасункаў не можам».

Павялічыць

Даша аптыміст. Пра ўсё, што здарылася ў яе жыцці, яна расказвае як пра непрыемныя прыгоды, але не больш.

«Канечне, мне бывала сумна. У самым пачатку гэта працэс чакання, калі ты стараешся, а вынік усё не прыходзіць. Часам перажывала, што з дома не выйці самой, што тусоўкі няма. Але я веру, што ўсё адбываецца так, як павінна», — дзеліцца яна.

У Піцер дзяўчына больш не рвецца. Гэтым летам яна з хваляваннем сачыла за выбарчымі падзеямі, плакала ад убачанай жорсткасці, а пасля — ад неверагоднай салідарнасці, якая захлынула краіну.

«Першы раз за 29 год я зразумела, што гэта гонар быць грамадзянкай Беларусі. Не таму што ў нас добрыя дарогі і смачная малочка, а таму што ў гэтай краіне жывуць такія людзі. У мяне нават цяпер голас дрыжыць, калі я кажу пра гэта. Толькі тут я бачу сябе і больш нікуды не хачу з’язджаць».

Наталля Лубнеўская, фота Шуры Піліповіч-Сушчыц

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31