Даслаць навіну
Знайсці
24.11.2020 / 12:49

У Салігорску вартаўнік КДБ садовымі нажніцамі забіў рабочага «Беларуськалія» пасля палітычнай спрэчкі

12 жніўня ў Салігорску, проста ля будынка КДБ, адбылося забойства. Ваенны пенсіянер Леанід Штайда, па версіі следства, нанёс удар нажніцамі ў шыю работніку «Беларуськалія» Генадзю Кісялю. Пацярпелага спрабавалі выратаваць і нападнік, і мінакі, і медыкі, але неўзабаве ён памёр у рэанімацыі. Штайда і Кісель асабіста знаёмыя не былі, у той дзень яны сустрэліся выпадкова, але да гэтага перапісваліся ў сацсетках, дзе спрачаліся пра палітыку: пенсіянер падтрымліваў дзейную ўладу, у работніка было іншае меркаванне. Канфлікт скончыўся трагедыяй, піша TUT.BY. 

Леанід Штайда — невысокі пажылы мужчына, яму 67 гадоў. Падчас суда ён амаль увесь час стаіць ля маленькай шчылінкі шкляной клеткі. Кажа, што па стане здароўя дрэнна чуе, і просіць удзельнікаў працэсу казаць гучней. Калі паглядзець на яго старонку ў сацсетках, відаць, што ён актыўна займаўся спортам: хадзіў на валейбол, катаўся на ровары, зімой акунаўся ў палонку. Ён быў частым наведвальнікам «Аднакласнікаў», падпісаны на прарасейскія суполкі і групы афіцэраў. У яго вайсковае мінулае, ужо на пенсіі, да арышту працаваў вартаўніком у мясцовым КДБ, побач з якім, уласна, і адбылося забойства.

Павялічыць

Фота: з асабістай старонкі Леаніда Штайды ў сацыяльных сетках

У аператыўных зводках тады паведамлялі: 12 жніўня, каля 19 гадзін, 50-гадовы мужчына, праязджаючы на ровары па вуліцы Паркавай, сустрэў 67-гадовага гараджаніна. Паміж мужчынамі адбылася сварка. Падчас бойкі пешаход ударыў веласіпедыста ў шыю садовымі нажніцамі. Пацярпелага даставілі ў бальніцу, але выратаваць яго не ўдалося.

Тое, што адбылося, бачылі мінакі і жыхары інтэрната, размешчанага побач з месцам злачынства. Так, сведка Віталь Чарніцкі патлумачыў у судзе, што ўвечары выйшаў на балкон пакурыць. Убачыў мужчыну, які ўвесь быў у крыві і трымаўся за шыю. Побач на тратуары ляжаў ровар.

— Другі мужчына пабег да прыпаркаванай машыны, узяў аптэчку, — растлумачыў сведка. — Параненага паклалі на зямлю, пачалі аказваць яму медыцынскую дапамогу. Кроў біла фантанам. Праз некалькі хвілін прыехала хуткая дапамога, і яго забралі. Затым прыехалі супрацоўнікі РУУС, абвінавачаны ім тлумачыў, што адбылося. Паколькі яго затрымалі, я зрабіў выснову, што ён датычны да таго, што адбылося.

У судзе заслухалі яшчэ аднаго сведку, Кірыл Гусоўскі таксама жыве ў доме па суседстве з месцам злачынства, ён чуў, як пасля таго, што адбылося, абвінавачаны камусьці тэлефанаваў і казаў: «Я забіў чалавека».

Забітаму Генадзю Кісялю было 50 гадоў, працаваў на «Беларуськаліі», жанаты, у яго засталося двое дарослых дзяцей. Сын Аляксей даведаўся пра смерць бацькі ад сястры, калі быў у рэйсе. Пра тое, што ў бацькі быў канфлікт з кімсьці ў сетцы, сын не ведаў, абставіны яму сталі вядомыя ўжо пасля трагедыі.

— Яны ніколі не бачыліся асабіста, — кажа Аляксей Кісель пра ўзаемаадносіны бацькі з абвінавачаным. — Канфлікт у іх быў у Інтэрнэце, у перапісцы. Я даведаўся пра гэта ўжо пасля смерці таты. Ён перапісваўся ў «Аднакласніках» з рознымі людзьмі, у асноўным з калегамі, відэа розныя глядзеў. Аб тым, што яму нехта пагражаў, я нічога не ведаў. Бацька быў адважным чалавекам, які нічога не баяўся. Не думаю, што ён бы мяне аб такім папярэджваў. Ён заўсёды стаяў на баку справядлівасці.

Пасля яго смерці я вывучыў яго старонку ў «Аднакласніках». Там была вельмі вялікая перапіска з абвінавачаным. Не хапіла мне нерваў нават усё прачытаць, таму што там было вельмі шмат абразлівых слоў у адрас бацькі з боку абвінавачанага. Ён пісаў яму «п'яніца, няўдачнік, не служыў, нічога ў жыцці не дамогся». Гэта ўсё няпраўда, мой бацька шмат чаго дамогся ў жыцці, у яго выдатная сям'я.

Аляксей адзначыў, што абразлівыя каментары ў абмеркаваннях Штайда пісаў і іншым карыстальнікам «Аднакласнікаў». Але яны, у адрозненне ад Генадзя Кісяля, жылі не ў Салігорску.

Сустрэчу з Леанідам Штайдам Аляксей называе «збегам абставінаў». Кажа, што бацька ў гэты дзень вяртаўся з дачы, павінен быў заехаць дадому да сына, які ў гэты час быў у камандзіроўцы, каб пакарміць ката. 12 жніўня ў Салігорску, як і ў многіх гарадах, былі пратэсты, сілавікі часткова перакрывалі рух, таму бацька паехаў па дарозе, якая праходзіла ля будынка КДБ.

Леанід Штайда, у сваю чаргу, растлумачыў, што ў гэты вечар збіраўся на трэніроўку па валейболе. Па дарозе вырашыў заскочыць на працу, каб аддаць калегу, іншаму вартаўніку, садовыя нажніцы, якія на час забраў, каб падстрыгчы кусты ў сябе на дачы. Штайда лічыць, што Кісель наўмысна да яго прыехаў, у судзе ён згадаў, што ў горадзе ўжо на ўсю моц дзейнічалі «змагары».

Па версіі абвінавачанага, Генадзь Кісель напаў на яго, а Штайда спрабаваў абараніць сябе, у руцэ апынуліся тыя самыя нажніцы, памерам каля 50 см, якімі ён і трапіў у шыю непрыяцелю. У судзе Леанід заявіў, што лічыў Кісяля «не ворагам, а заблудным».

Нягледзячы на тое, што Леанід і Генадзь у рэальным жыцці да таго злапомнага дня не сустракаліся, у іх быў агульны знаёмы — Валерый Смаляк, з Кісялём ён разам працаваў, са Штайдам — гуляў у валейбол.

— За два месяцы да таго, што здарылася, Леанід цікавіўся пра Генадзя, — растлумачыў сведка Смаляк у судзе. — Я пачаў яму казаць, які ён па працы, на што Леанід папрасіў расказаць, што ён за чалавек. І я сказаў, што Гена — праўдалюб, са сваёй жыццёвай пазіцыяй. Ён не баяўся прызнацца, калі не меў у чымсьці рацыі. Працы не баяўся, працавіты, трэба дапамагчы — ішоў і дапамагаў. Выпіць ён не любіў, пасля працы дадому ішоў. А брыгада калі і збіралася, ён грам сто сухога віна вып'е — і ўсё. Я потым жартам казаў Гене: што гэта табой КДБ цікавіцца, што ты ўжо там нарабіў? Не памятаю, ён сам назваў прозвішча Штайда ці я сказаў, але ён назваў яго «ч** * * * * ла» і нават размаўляць пра гэта не стаў.

Штайда — былы палітработнік, у яго свая пазіцыя, ідэйна ён старамодны, ён жа вырас у Савецкім Саюзе, таму і мысленне такое.

Жонка абвінавачанага ўвайшла ў залу суда са слязамі на вачах. Яна звярнулася да сям'і Генадзя Кісяля:

— Прабачце нам!

Але яе тут жа спыніў пракурор:

— Гэта і для адных, і для другіх трагедыя, але нам працаваць трэба.

Лідзія Штайда нічога не ведала аб віртуальным канфлікце мужа з Генадзем Кісялём.

— Чула, што ён у сетцы высвятляў адносіны, але што там было дакладна, не ведаю. Ён у мяне наогул спакойны, на працы ў яго канфліктаў не было. У той дзень збіраўся паехаць займацца спортам. Заехаў на працу перадаць гэтыя нажніцы. Як ён мне распавядаў, у гэты момант да яго на ровары пад'ехаў мужчына, спытаў: «Штайда ты?»

І стаў яго зневажаць, абражаць, палез біцца да яго. Муж хацеў прадухіліць напад, не заўважыў, як нажніцы вылецелі ў яго з рук — і такая трагедыя адбылася, гора і ў людзей, і ў нас. А так муж добры чалавек, мы з ім з адной вёскі, разам раслі, 40 гадоў разам пражылі. Такое гора, што не перадаць. Ён не ехаў туды, каб яго забіваць. Ён не забойца.

Паводле судова-медыцынскай экспертызы, прычына смерці Генадзя Кісяля — скразная колата-рэзаная рана. Прыкладна ў 18.30 Генадзь убачыў Леаніда, а ўжо ў 19.20 у бальніцы была зафіксавана смерць. Медыцынскі агляд паказаў, што ў крыві памерлага было 0,66 праміле алкаголю, нападнік быў цвярозым. На тэлефоне Штайды знайшлі паведамленні Кісялю, але ў судзе іх агучваць не сталі: таямніца асабістай перапіскі. Хоць каментары гэтыя дагэтуль можна пачытаць пад папулярнымі паблікамі Салігорска, і слова «тупы» там самае бяскрыўднае.

Мяркуючы па дадзеных відэаназірання, якія зачытаў пракурор, бойка доўжылася каля адной хвіліны. І сам момант нападу ў кадр не трапіў. Але адразу некалькі момантаў, зафіксаваных на экспертызах, кажуць не на карысць версіі абвінавачанага, што ён абараняўся: і сляды крыві, знойдзеныя на ровары, і характар раны, і тое, як нажніцы ўвайшлі ў шыю, і следчы эксперымент.

Вайсковаму пенсіянеру прад'яўленае абвінавачванне ў забойстве (ч. 1 арт. 139 КК), па якой пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Дзяржабвінаваўца запытаў сем з паловай гадоў, з улікам, што Штайда спрабаваў аказаць Кісялю медыцынскую дапамогу адразу пасля ўдару (хуткую дапамогу выклікалі мінакі, але Леанід дастаў з машыны аптэчку, заціскаў ручніком рану).

Сям'я Генадзя цяжка перажывае яго страту і пакуль адмаўляецца ад каментароў. Пад адным з пастоў, дзе разгарэлася палітычная спрэчка паміж Кісялём і Штайдам, жонка забітага напісала: «З яго сыходам засталася маці, у якой Гена быў адзіным сынам, засталіся сын і дачка, для якіх ён быў прыкладам і проста клапатлівым бацькам, засталася адна я, яго жонка. І проста не разумею, як мне жыць далей, таму што ён быў мой сябар, мая апора, маё ўсё, а я была проста побач з ім. Вось такі светлы і цудоўны чалавек быў мой муж. І ў войску ён служыў, вярнуўся ў званні сяржанта, хоць яму прапаноўвалі застацца і працягнуць службу, але дома яго чакала я, яго жонка. Ён шмат вучыўся на розных курсах, каб больш ведаць і ўмець. І працаваў ён у шахце на самай прэстыжнай прафесіі: машыніст горна-вымальных машын. І зваршчыкам ён быў, якіх яшчэ пашукаць, і ўсё рабіў сам, сваімі рукамі. Безадмоўна дапамагаў усім, хто да яго звяртаўся. Заўсёды і ўсё казаў у вочы, ён ніколі не кідаў камень у спіну».

Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31