Знайсці
24.11.2020 / 12:31РусŁacБел

На бацькоў пратэсных вучняў 4-й мінскай гімназіі пачалі масава складаць пратаколы за «неналежнае выхаванне»

У канцы кастрычніка ў 4-й менскай гімназіі школьнікі пачалі праводзіць невялікія флэшмобы. Некалькі дзён запар яны спявалі на перапынках пратэсныя песні. А пасля таго, як ля сцен школы быў затрыманы бацька траіх гімназістаў, правялі маўклівыя акцыі — стаялі ў калідоры з белымі аркушамі і маўчалі. Такія паводзіны вучняў былі расцэнены як незаконнае масавае мерапрыемства. Як піша Ребёнок.by, некаторых бацькоў запрасілі ў міліцыю і склалі на іх адміністрацыйныя пратаколы.

Крыніца фота: Чытач TUT.BY. 30 кастрычніка гімназісты выйшлі ў калідор з белымі лістамі

— Сама па сабе сітуацыя, вядома, смешная, — распавядае тата дзевяцікласніка Андрэй Кірэеў. — Дзеці спявалі песні пад гітару, усё гэта адбывалася на перапынках унутры гімназіі. У міліцыі нам сказалі, што гэта расцэньваецца як правапарушэнне па арт. 23.34, то-бок гэта было масавае мерапрыемства.

На падлеткаў да 16 гадоў адказнасць па гэтым артыкуле не прадугледжаная, таму пратакол у міліцыі склалі на бацькоў.

Адміністрацыйны працэс быў запушчаны па арт. 9.4 — «Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей». Такую працу праводзяць у дачыненні да мінімум пяці сем'яў, паведамляюць бацькі. Ёсць таксама прыклады, калі сем'і ў поўным складзе выклікалі ў пракуратуру і адпускалі пасля правядзення выхаваўчай гутаркі. Больш да іх прэтэнзій не было.

У Інспекцыі па справах непаўналетніх бацькоў апыталі і далі ім азнаёміцца з пратаколам. Там была выкладзена версія намесніка па выхаваўчай рабоце Вольгі Кулінковіч.

— Усё гэта тады пры завучах развівалася, дырэктар у гэты час быў у адпачынку. Мы прачыталі пратакол і напісалі, што з ім не згодныя. Цяпер чакаем, калі нас выклічуць на камісію па справах непаўналетніх. Як далей будуць развівацца падзеі, я не ведаю, шчыра кажучы, — прызнаецца тата. 

— З адміністрацыяй школы вы абмяркоўвалі тое, што адбываецца? — запыталіся журналісты. 

— Яны дзверы замыкаюць на ключ, унутр зайсці немагчыма. Калі людзі хочуць пагутарыць, ім адразу кажуць: запісвайцеся на прыём, які бывае два разы на месяц. Вось сёння раніцай чалавек 10 хадзілі ў гімназію, каб вылавіць дырэктара па дарозе на працу. Але ён размаўляць не стаў.

Пратакол, які склалі на аднаго з бацькоў школьніка

Дзмітрый Хайчанка таксама паспеў пабываць у міліцыі з-за пратэснай актыўнасці дачкі. Уся гэтая сітуацыя выклікае ў таты ўсмешку: ён вельмі здзіўлены тым, што ў школе нібыта прайшла масавая несанкцыянаваная акцыя.

— Спачатку інспектар патэлефанаваў маёй жонцы, апісаў сітуацыю, сказаў, што праверку, хутчэй за ўсё, закрыюць. Але калі мы прыйшлі, з намі ўжо правялі апытанне, сказалі што мы неналежным чынам выхоўваем дзіця і склалі пратакол па арт. 9.4. Я пачытаў паказанні завуча, там мая дачка выступае ледзь не арганізатарам пратэстаў.

Яшчэ адзін пратакол, складзены пасля выступленняў гімназістаў

Бацька перакананы, што школьнікі закон не парушылі, яны выказвалі на перапынках сваю грамадзянскую пазіцыю, што гарантавана Канстытуцыяй. Караць дзіця за такі ўчынак бацькі не збіраюцца, наадварот, яны ганарацца сваёй дачкой.

— Мы лічым, што ў дастатковай меры выхоўваем дзіця, яна ў нас развітая, вучыцца добра, і наогул ніякіх прэтэнзій да яе быць не можа. Дай бог, каб усе былі такімі дзецьмі, як мая дачка.

Зміцер не баіцца адлічэння з гімназіі — яго дачка вучыцца ў 9-м класе, а так могуць паступіць са старшакласнікамі. Але ёсць варыянт, што дзіця могуць перавесці ў іншую школу па месцы жыхарства.

— У нас тут яшчэ адна гімназія побач, нават бліжэй хадзіць, калі што, — не губляе аптымізму тата. — Але, вядома, хацелася б, каб дзіця вучылася там, дзе вучыцца. Як у нас у выніку складзецца ўсё далей, паглядзім.

Бацькі не ведаюць, па якім прынцыпе выбіралі тых, у дачыненні да каго запусціць адміністрацыйны працэс. Ёсць меркаванне, што пракуратура і міліцыя адпрацоўвалі школу па роліках, якія сталі папулярнымі ў сетцы, і шукалі самых актыўных хлопцаў. Некаторыя мяркуюць, што са спісам магла дапамагчы гімназія, дзе цяпер з бацькамі праводзяць актыўную выхаваўчую работу.

Некалькі дзясяткаў чалавек запрашалі на прафілактычныя саветы ў школе. Бацька адзінаццацікласніцы даслаў у рэдакцыю апавяшчэнне аб правядзенні такога савета — паперу даставілі заказным лістом.

— Мы пакуль не хадзілі на савет, апавясцілі класнага кіраўніка, што з'явіцца не можам па асабістых абставінах. Калі яшчэ раз выклічуць, думаю, я пайду без дзіцяці і з адвакатам. І буду весці аўдыязапіс, — бацька настроены вельмі рашуча. Бацькі кажуць, што ў гімназіі цяпер ціха: дзеці больш не пратэстуюць.

— Там цяпер такая атмасфера, што нават калі тры чалавекі збіраюцца разам, прыходзіць нехта з адміністрацыі і адразу пачынае здымаць на відэа дзяцей.

Журналісты звязаліся з дырэктарам гімназіі №4 Андрэем Гоцманам, каб удакладніць, якім чынам інфармацыя пра бацькоў актыўных вучняў трапіла ў міліцыю. Вось што адказаў кіраўнік школы:

— У тэлеграм-каналах была размешчана вялікая колькасць фатаграфій дзяцей з сімволікай, відэаролікаў іх выступленняў, і гэта выклікала грамадскі рэзананс. Сёння адпаведнымі органамі пачалося апытанне, чаму так адбывалася, праводзяцца сустрэчы з дзецьмі і бацькамі.

Мы ў адпаведнасці з заканадаўствам правялі два саветы прафілактыкі, куды запрасілі найбольш актыўных дзяцей з іх бацькамі, правялі гутаркі, некалькім я аб'явіў заўвагу і вымову. Да нас прыходзілі работнікі Фрунзенскага РУУС, запытвалі характарыстыкі аб некаторых дзецях і іх сем'ях, праводзілі апытанні настаўнікаў і завуча. Таксама адразу пасля ўсіх гэтых падзей частку бацькоў выклікалі ў пракуратуру, з імі таксама праводзілі гутаркі.

Дырэктар гімназіі пакуль не валодае інфармацыяй аб тым, на колькіх бацькоў сёння складзеныя пратаколы паводле арт. 9.4.

— Калі адміністрацыйныя справы будуць разглядацца, будуць адпаведныя рашэнні, значыць, мяне таксама запросяць на камісію па справах непаўналетніх, дзе я больш дакладна даведаюся пра тое, што адбывалася.

Журналісты спыталі, ці згодны дырэктар гімназіі з тым, што дзеці зладзілі ў сценах школы несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, як гэта сёння трактуецца міліцыяй. Сваім меркаваннем Андрэй Гоцман не падзяліўся, але распавёў, што сярод дзяцей і бацькоў былі тыя, хто аказаўся незадаволены тым, што адбываецца ў гімназіі. У той момант дырэктар знаходзіўся ў адпачынку, яго ў экстранным парадку выклікалі на працу.

— Калі я выйшаў з адпачынку, мы сталі размаўляць з дзецьмі і бацькамі аб тым, што перапынкі павінны быць перапынкамі. Сёння хто-небудзь хоча выйсці на перапынак проста пасядзець, у кагосьці галава разбалелася, камусьці хочацца паўтарыць хатняе заданне, хто-небудзь хоча проста пахадзіць і з сябрамі пагутарыць, але калі на пераменах адбываюцца такія рэчы, напэўна, гэта недарэчна ў школе.

Дзеці былі папярэджаныя, але на заўвагі намеснікаў дырэктара не рэагавалі. Тады я запрасіў бацькоў і патлумачыў ім сітуацыю, што гэта дзяржаўная ўстанова адукацыі — і тут павінна быць камфортна вучыцца ўсім.

Дырэктар адзначыў, што пытанні аб тым, ці дарэчная сімволіка ў школе, з'явіліся не ў канцы кастрычніка, а значна раней — яшчэ ў верасні. Група актыўных бацькоў прыходзіла да кіраўніцтва са сваімі патрабаваннямі. Андрэй Гоцман размаўляў з імі ў актавай зале. Тады, па словах дырэктара, яму ўдалося дамовіцца аб тым, што ніякіх бранзалетаў і ніякай сімволікі ў школе не будзе. Але ў кастрычніку дамоўленасць была парушаная. І гэта не спадабалася многім іншым бацькам, адзначае прадстаўнік школы.

— Вы думаеце, што ў гімназіі вучацца толькі дзеці з адной пазіцыяй? У нас былі не проста скаргі ў гімназію, былі скаргі ва ўсе інстанцыі нашага раёна, былі звароты, на падставе якіх адпаведныя органы цяпер і праводзяць праверку.

rebenok.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930