Знайсці
24.11.2020 / 20:24РусŁacБел

Як можа выглядаць вяртанне да Канстытуцыі 1994 года

Беларуская канстытуцыя створыць дасканалую рэспубліку толькі ў той ступені, у якой людзі захочуць яе выконваць, піша дактарант Антон Лявіцкі. 

У дыскусіі вакол канстытуцыйнай рэформы, якую ўлетку быў пачаў Бабарыка, вызначыліся асноўныя разыходжанні. Адны мяркуюць, што «перагарнуць старонку» аўтарытарнай сваволі і бяспраўя можна, вярнуўшыся да варыянту канстытуцыі, які пачаў дзейнічаць 30 сакавіка 1994-га. Іншыя настойваюць: гэта архаічны дакумент, які аднойчы ўжо зрабіў магчымым разбурэнне палітычных інстытутаў.

Гэты падзел меркаванняў часам дае дзіўныя супадзенні. Вядома, не можа падтрымаць вяртанне «грыбаўскай» канстытуцыі Лукашэнка. Для яго гэта — рух назад, а прэзідэнт — вядомы прыхільнік прагрэсу, інавацый і рызыкі. Аднак і Уладзімір Мацкевіч настойвае на тым, што Беларусі патрэбны новы асноўны закон, бо ў 1994-м Вярхоўны Савет папросту перавыдаў пад выглядам новага дакумента канстытуцыю БССР 1978-га.

Цікава, што Рыгор Васілевіч, адзін з айцоў і далакопаў «старой рэспублікі», у сваіх працах менавіта так абгрунтоўвае ўвядзенне новай Канстытуцыі ў 1994-м: брэжнеўскі закон ператварыўся да таго моманту ў «архаічны дакумент». Лішне казаць, што гэта памылковы аргумент.

Дэмакратычныя дзяржавы ў Латвіі, ЗША і Нямеччыне функцыянуюць, не ўважаючы на старадаўнія асноўныя законы. Венгрыя да Орбана жыла па «брэжнеўскай» канстытуцыі. Між тым модныя і маладзёжныя дзяржавы адна за адной патанаюць у аўтарытарызме.

Такая ж хібная аргументацыя ўжываецца, каб растлумачыць беларускі паварот ад будавання палітычных інстытутаў да «моцнай рукі». Ідэя ўнутранай заганнасці сакавіцкай канстытуцыі Беларусі глыбока ўкаранёная ў традыцыі палітычнай думкі, звязанай з апазіцыяй.

У зборніку «Сцэнары рэформ» (2003) ягоныя аўтары называюць цэлы шэраг устанаўленняў, якія, на іхную думку, спрыялі прыватызацыі рэспублікі Лукашэнкам: непрафесійны парламент, вялікія паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы і выканаўчай улады, недастатковыя гарантыі падзелу ўладаў і нават захаванне дзяржаўнай уласнасці (с. 21—23). Многія такія ацэнкі можна западозрыць ва ўпотай несумленных матывах. Безумоўна, прыемна бачыць сябе ў ролі «айцоў канстытуцыі». Гэта, як той казаў, a lifetime appointment.

Між тым, беларуская канстытуцыя 1994-га, як і ейны цяперашні атожылак, маглі б служыць супольнай выгодзе ў Беларусі, калі б іх выконвалі. Нездарма цяперашнія пратэстоўцы часта спасылаюцца менавіта на дзейную канстытуцыю. Усе разумеюць, што большасць ейных прагрэсіўных норм не ўплываюць на прававую рэчаіснасць. Калі б цяперашняя канстытуцыя выконвалася б, беларусы мелі прыстойны набор палітычных правоў і свабод.

Некаторыя запісаныя зусім канкрэтна: «Палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні маюць права карыстацца дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі ў парадку, вызначаным заканадаўствам» (арт. 5). Але і гэта не дапамагае.

Лукашэнка і ягоныя прыхільнікі могуць вынесці на рэферэндум і зацвердзіць самую дасканалую канстытуцыю ў свеце, а жыццё ў Рэспубліцы Беларусь не зрушыцца ў бок дэмакратыі ані на цалю.

Перавагай ідэі вяртання да Канстытуцыі 1994 года з’яўляецца не толькі сімвалічны разрыў з заганнымі практыкамі неправавой дзяржавы, якую пабудаваў Лукашэнка. Гэта дазволіць укараніць традыцыі беларускай рэспублікі ў нацыянальнай гісторыі.

Безумоўна, гэта не тая гісторыя, пра якую марылі інтэлектуалы-нацыяналісты — з талерам, «Ваяцкім маршам» і Трэцяй устаўной граматай. Аднак традыцыя «старой рэспублікі» ўтрымлівае дастатковую колькасць маральных урокаў і высноў.

Беларуская дэмакратыя 1990—1994 гадоў магла існаваць дзякуючы недэмакратычным сілам. Яна загінула, бо Беларускі народны фронт аддаў перавагу чысціні прынцыпаў перад «марудным свідраваннем тоўстых дошак», як вызначыў палітыку Макс Вэбер.

Сама канстытуцыя паўстала ў выніку кампрамісу, як слушна адзначае ў сваіх мемуарах Васіль Лявонаў. У адрозненне ад Расіі, дзе прэзідэнцкая ўлада дыктавала свае ўмовы, у Мінску Вярхоўны Савет дбаў пра тое, каб беларускі парламент меў інструменты кантролю за прэзідэнтам і ўрадам. Яскравым прыкладам гэтага была першапачаткова выканальная працэдура адхілення прэзідэнта ад улады.

Безумоўна, удасканальванне канстытуцыі і рэспубліканскага ладу магчымыя і патрэбныя. Для таго, каб зрабіць іх часткай права, могуць выкарыстоўвацца розныя падыходы. І сакавіцкая канстытуцыя прапануе кірунак, у якім мог бы ісці пошук такога падыходу.

У адрозненне ад асноўнага закона Расіі, які наследаваў палітычным традыцыям Французскай рэспублікі, беларускія заканадаўцы ў асноўным арыентаваліся на амерыканскія ўзоры. Менавіта адсюль хіба што ўнікальнае ў рэгіёне рашэнне ўстанавіць у Беларусі класічную прэзідэнцкую рэспубліку са строгім падзелам уладаў: прэзідэнт не можа распусціць заканадаўчы сход, а той, у сваю чаргу, не мае паўнамоцтваў адправіць у адстаўку кабінет. Дэпутат Вярхоўнага Савета не мог быць сябрам кабінета — гэта таксама амерыканская, а не вэстмінстэрская норма.

Першапачатковыя праекты беларускай канстытуцыі ўтрымлівалі яшчэ больш падабенстваў да амерыканскай мадэлі: яны прадугледжвалі, напрыклад, што ўсе свае прызначэнні прэзідэнт рабіцьме са згоды парламента (у канчатковым выніку засталася толькі норма, паводле якой прэм’ер-міністр і найбольш важныя члены кабінета мусілі ўзгадняцца ў Вярхоўным Савеце). Уладзімір Мельнік прапаноўваў у першай палове 1990-х нават увядзенне нечага накшталт midterm elections — перавыбрання паловы дэпутацкага корпусу пасярод кадэнцыі.

Арыгінальнае «штатніцтва» беларускага канстытуцыяналізму можна давесці да лагічнага завяршэння. Часткай палітычнай традыцыі амерыканскай рэспублікі з’яўляецца вядомы ва ўсім свеце спосаб «змяняць і дапаўняць» асноўны закон. Тэкст канстытуцыі застаецца нязменным; мясціны, якія згубілі сілу, адмыслова пазначаюцца (дужкамі). Беларускі заканадаўца мог бы пераняць гэты падыход. Ягонай перавагай было б рэчыўнае адчуванне гістарычнай пераемнасці дзяржаўнай традыцыі. Пры чым не толькі такой, якая адвольна вынаходзіцца праз перайменаванне заканадаўчага сходу ці кіраўніка ўрада.

Безумоўна, і такія рэчы таксама могуць быць часткай мадэрнізацыі канстытуцыйнага ладу, пагатоў яны маюць багатую традыцыю ў беларускай канстытуцыйнай дыскусіі.

Мітрафан Доўнар-Запольскі яшчэ ў 1918-м выклаў прапановы змянення беларускага палітычнага слоўніка: сойм, соймікі, канцлер, маршалак, падскарбі, войты. У 1991-м сойм, рады і райцы ўсур’ёз разглядаліся для тае ж мэты.

Сёння здаецца, што і палітычная традыцыя рэвалюцыйнай эпохі 1910—1920-х гадоў магла б быць узятая пад увагу. Калі б усебеларускі з’езд ці сакратар (для міністарскай пасады) сталі адным з дапаўненняў у канстытуцыйным тэксце, яны б яшчэ раз падкрэслілі не толькі рэвалюцыйны, але і «амерыканізаваны» характар палітычнага парадку.

«Амерыканскі» тып канстытуцыйнай рэформы стварае свабоду, уводзячы канкрэтныя абмежаванні. Ён робіць вірлівыя палітычныя спрэчкі першай паловы 1990-х гадоў часткай сімвалічнай ДНК беларускай рэспублікі. Але дазваляе крытычна зірнуць на іх, пераацаніць, удакладніць і ўдасканаліць іхны вынік.

Беларуская канстытуцыя, дарма што яна дастатковая кароткая, усё ж пакутуе на шматслоўнасць. Гэтая шматслоўнасць вынікала з таго ж заганнага мыслення, пра якое я гаварыў у пачатку артыкула. Канстытуцыйны заканадаўца ў 1990—1993 гадах імкнуўся як мага падрабязней выкласці правы грамадзяніна. Гэта быў інтэлектуальны адказ на савецкі досвед бяспраўя і прыгнёту, і ён выявіўся недастатковым. Нішто не замінае беларускай дзяржаве ігнараваць слушныя нормы.

Затое шматслоўнасць дае ёй магчымасць абгрунтоўваць нават самыя арыгінальныя ідэі. У 1995—1996 гадах Лукашэнка актыўна карыстаўся першым пунктам артыкула 100, каб абгрунтаваць сваё адкрытае парушэнне канстытуцыі. Гэты пункт варта выключыць — не таму, што ён быў прычынай узнікнення абсалютнай улады, а таму, што ён — атавізм, рудымент неактуальнага мыслення пра канстытуцыяналізм і інстытуты. Тое ж тычыцца і беларускай «устаўной граматы правоў». Калі Рузвельт у ЗША прапанаваў зрабіць сацыяльныя і эканамічныя правы часткай канстытуцыі, ягоны праект змяшчаўся на адной старонцы. Беларуская канстытуцыя шчодрая ў выкладанні дэталяў, але ў гэтым няма патрэбы. Затое артыкул 56, які абвяшчае абавязак удзельнічаць у фінансаванні дзяржавы, быў выкарыстаны, каб абгрунтаваць сумнеўны «дэкрэт пра дармаедаў».

Скарачэнне канстытуцыйнага тэксту да сутнасных палажэнняў выражала б гатоўнасць канстытуцыйнага заканадаўцы да нефанабэрыстага самаабмежавання. Канстытуцыя не можа ўстанавіць дасканалы грамадскі парадак.

Сёлета мы багата гаворым пра давер у сувязі з крызісам легітымнасці і рэвалюцыяй, і канстытуцыя павінна быць часткай гэтай дыскусіі. Вытворчасць даверу ў палітычнай сістэме — давер да суддзі, давер да выбарчай камісіі, давер да слоў прысягі, прамоўленай нова- ці перавыбраным прэзідэнтам — складаная задача, якую адна канстытуцыя не можа выканаць. Гэта сістэмны працэс.

Але канстытуцыя не павінна быць путамі, яна не можа празмерна абмяжоўваць палітычную волю носьбіта суверэннасці — народа. З прычыны гэткіх недахопаў top-down approachнекаторыя правазнаўцы выступаюць супраць пісанай канстытуцыі як такой. Асноўны закон павінен рэгуляваць сутнасныя пытанні супольнага жыцця, ён мае быць рамкай канкурэнцыі інтарэсаў і фарміравання палітычнай волі. У ягоных межах палітычны суб’ект павінен мець магчымасць свабодна мысліць і дзейнічаць. У гэтым, вядома, палягае рызыка, і яна немінучая. Страх перад «народам» глыбока ўкаранёны ў амерыканскай канстытуцыі, якая не прадугледжвае рэферэндумаў і аддае выбранне прэзідэнта штатам, уводзячы electoral college.

Вялікі ўрок з гісторыі беларускай канстытуцыі акурат у тым і палягае, што, калі палітычны суб’ект пастановіць разбурыць інстытуты (правілы гульні), яго нічога не спыніць: менавіта гэты палітычны суб’ект, іначай, чалавек, — найвышэйшая каштоўнасць і мэта грамадства і дзяржавы.

Антон Лявіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930