Знайсці
21.11.2020 / 10:00РусŁacБел

«Прыняў актыўны ўдзел». Міліцыя даслала пратакол па 23.34 мінчуку, які памёр сем гадоў таму

Мінская міліцыя даслала копію пратакола па 23.34 КаАП на імя і адрас чалавека, які памёр сем гадоў таму. «Пратакол прачытала мама, яна вельмі знервавалася», — паведаміў Tut.by сваяк нябожчыка.

Мітынг у Мінску 13 верасня. Фота Tut.by

Дзіўную паперу з Першамайскага РУУС Мінска жыхары адной з кватэр у доме 34 па вуліцы Цікоцкага выявілі ў паштовай скрыні ў пачатку лістапада. 

— Гэта копія пратакола, там напісана, што Мельнікаў Аляксандр Яфімавіч 13 верасня ўзяў актыўны ўдзел у недазволеным мітынгу. Так клікалі майго бацьку, і ён сапраўды жыў па гэтым адрасе, — распавёў Антон Мельнікаў, сын нябожчыка. — Пратакол прыйшоў на адрас бацькоў, яго прачытала мама. Вельмі знервавалася, бо гэта не найлепшы спосаб памінаць блізкага чалавека.

Мельнікава Аляксандра Яфімовіча спрабавалі праінфармаваць, што ён парушыў Закон «Аб масавых мерапрыемствах» і ў дачыненні да яго вядуць адміністрацыйны працэс паводле артыкула 23.34 КаАП. 

— У пратаколе пазначаны асабісты нумар правапарушальніка, але мы не ведаем, ці бацькоўскі, бо пашпарта не засталося. Тэлефон паказаны чамусьці мой — той, якім я больш не карыстаюся. Моцна не супадае толькі дата: Мельнікаў Аляксандр Яфімавіч па пратаколе нарадзіўся ў 1978-м, хоць наш бацька — у 1945-м.

У 1978-м не нарадзіўся таксама ніводзін з двух сыноў Аляксандра.

Сям'я падала ў рэдакцыю копію пасведчання аб смерці свайго сваяка. У Першамайскае РУУС звяртацца не сталі.

— Мець зносіны з міліцыяй няма жадання, ёсць жаданне толькі знайсці моцнага медыума і падзякаваць бацьку за яго грамадзянскую пазіцыю. Быў бы ён жывы, напэўна два сведкі бадзёра сцвярджалі б, што бачылі менавіта яго, менавіта ў тым месцы і ў той час. Бацьку пашанцавала з алібі, — іранізуе мінчук.

Што кажуць у міліцыі

— Тэхнічная памылка. Справа ў тым, што з такімі імем, прозвішчам і імем па бацьку ёсць некалькі чалавек. Памылкова выслалі копію пратакола іншаму, — патлумачыла афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама Наталля Ганусевіч. — Мы вельмі просім прабачэння перад сваякамі за дастаўленыя нязручнасці, але гэта адзінкавы выпадак.

Год таму Tut.by распавядаў гісторыю пра мінчанку, якая загінула ў цісканіне на станцыі «Няміга» ў 1999-м, але апынулася ў базе дармаедаў. Бацькі дзяўчыны распавядалі праваабаронцу, што на працягу дваццаці гадоў ім прыходзілі і іншыя лісты на імя загінулай-то з выканкама, то з органаў унутраных спраў.

Nashaniva.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930