Знайсці
19.11.2020 / 07:39РусŁacБел

«Мяне здала адміністрацыя». Звольненая выкладчыца МДЛУ Наталля Дуліна пра свой арышт

Натальля Дуліна

Былая выкладчыца катэдры італьянскай мовы ў МДЛУ Натальля Дуліна выйшла на волю пасьля 14 сутак адміністрацыйнага арышту, які адбывала ў ІЧУ ў Баранавічах.

Натальля Дуліна сказала «Свабодзе», што «катэгарычна» ня вернецца ва ўнівэрсытэт і ня будзе спрабаваць там аднавіцца.

«Па-першае, калі я туды вярнуся, то працягну рабіць тое, што я рабіла. Паколькі там нічога глябальна не памянялася, мы будзем хадзіць па коле, і мяне зноў, відаць, павінны будуць звольніць. Гэта бессэнсоўна. Па-другое, я ведаю дакладна, што мяне здала нашая адміністрацыя. То-бок я была затрымана пры яе судзеяньні. Пасьля гэтага мне туды наогул ня хочацца ісьці».

Паводле Натальлі Дулінай, новую рэктарку ўнівэрсытэту паставіў Аляксандар Лукашэнка, і таму яна прымае рашэньні, як скажа ўлада.

«Міліцыянт сказаў, што я ня маю права знаходзіцца ва ўнівэрсытэце»

Натальлю Дуліну звольнілі 29 кастрычніка, пасьля таго як яна падтрымала страйк ва ўнівэрсытэце і студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях салідарнасьці. Ёй паведамілі, каб яна расьпісалася ў загадзе аб звальненьні і забрала працоўную кніжку. 30 кастрычніка яна прыйшла ва ўнівэрсытэт.

«У нас там цяпер стаяць міліцыянты, нібыта для аховы. Мы не зусім разумеем іх функцыю. Адзін зь міліцыянтаў сказаў, што я ня маю права знаходзіцца ва ўнівэрсытэце, бо я звольненая. Я сказала, што нічога не падпісвала, цяпер страйкую. Ён пастаянна за мной хадзіў, некаму тэлефанаваў. Мы са студэнтамі пайшлі ў аўдыторыю, каб абмеркаваць свае пляны, а міліцыянт стаяў на ўваходзе».

Потым Натальлю Дуліну выклікаў дэкан, які перадаў патрабаваньне з аддзелу кадраў: здаць пасьведчаньне.

«Калі я зайшла на катэдру, мне патэлефанавалі, што на мяне аблава і я павінна прыдумаць, як мне сысьці з унівэрсытэту. Я выйшла за брамку ўнівэрсытэту, і да мяне падышоў чалавек: «Пройдзем з намі». Спынілася машына ДАІ, мяне туды пасадзілі і павезьлі ў РУУС. То-бок унівэрсытэт зрабіў усё, каб мяне пасьпець звольніць і каб я ў гэты момант знаходзілася за тэрыторыяй унівэрсытэту. Гэта было зроблена зь ведама кіраўніцтва».

«Мяне прынялі за арганізатара, хоць я ім не была»

Натальля Дуліна далучылася да страйку 26 кастрычніка і афіцыйна абвясьціла студэнтам пра адмену заняткаў. Яна перадала рэктару ўведамленьне ад імя выкладчыкаў, якія таксама падтрымалі страйк.

«Я папрасіла загадчыка катэдры і студэнтаў, каб яны не хавалі прычыну маёй адсутнасьці, бо я была на страйку, каб уся краіна бачыла нашую салідарнасьць. Фармальна мяне звольнілі за прагулы, але насамрэч з палітычных прычын, — кажа Натальля Дуліна. — Мяне прынялі за арганізатара, хоць я ім не была. Я ад пачатку падтрымала студэнтаў, якія вырашылі адкрыта выказваць свой пратэст, сваю грамадзянскую пазыцыю. За гэта яны пацярпелі на пачатку верасьня, калі іх затрымлівалі ва ўнівэрсытэце. Я не магла не падтрымаць іх, як і многія іншыя выкладчыкі».

Натальля Дуліна брала ўдзел у відэазвароце ста сарака выкладчыкаў, якія патрабавалі спыніць гвалт і правесьці сумленныя выбары.

«Я ўпершыню заплакала ў турме, калі атрымала стос лістоў»

Пасьля затрыманьня ў пастарунку Натальля Дуліна падпісала пратакол, бо ў справе былі фатаздымкі, якія пацьвярджалі яе ўдзел у акцыі студэнтаў 26 кастрычніка ў дворыку БДУ. Потым яе адвезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна, дзе яна была да 5 лістапада. А потым разам зь іншымі ў аўтазаках этапавалі ў ІЧУ ў Баранавічах.

«У нас была камэра на 19 месцаў. У цэлым ніякіх злоўжываньняў я не заўважыла: турма гэта турма. Там ёсьць жорсткія правілы, напрыклад, цэлыя суткі гарыць сьвятло. Адзін раз нас вывелі на шпацыр на Акрэсьціна і адзін раз у Баранавічах, астатняе рабілася па інструкцыях. Я была гатовая да таго, што гэта турма, і не чакала ніякіх прыемных сюрпрызаў».

Разам з Натальляй Дулінай сядзелі людзі па «абсурдных абвінавачаньнях, ад якіх сьціскалася сэрца». Але ўсе праходзілі па артыкуле 23.34.

«Гэта былі людзі розных прафэсій, і зь імі было лёгка, бо ў нас многа супольнага: інтарэсы, кнігі, кіно, — кажа Натальля Дуліна. — Я ўпершыню заплакала ў турме, калі атрымала стос лістоў нават ад незнаёмых людзей. Я заплакала ад усплёску станоўчых эмоцый».

Натальля Дуліна кажа, што сваіх сваякоў рыхтавала да таго, што можа зь ёй адбыцца, і псыхалягічна яе арышт ня стаў для іх нечаканасьцю.

«Назвалі гэты малюнак «12 апосталаў»»

У турме Натальля Дуліна намалявала некалькі малюнкаў, адзін зь якіх разьмясьціла ў фэйсбуку.

«У камэры ў Баранавічах на памяць — фотаапарата не было — я намалявала алоўкам, як я гэта бачыла. Камэра вялікая, і, калі я сядзела на сваіх нарах, я бачыла два шэрагі нар, пасярэдзіне доўгі стол і лаўкі. Дзяўчаты сьмяяліся і назвалі гэты малюнак «12 апосталаў», бо на ім было 12 чалавек».

Адзін з малюнкаў Натальля даслала поштай сваякам.

«Адна з сукамэрніц сумавала па сваёй котцы. Я спытала, як яна выглядае, і намалявала для яе гэтую котку».

З рэштак хлеба і мыльнай вады Натальля вылепіла фігурку коткі, медзьведзяняткі і мышкі, але на волю іх вынесьці не ўдалося, бо раскрышыліся.

«Проста хацелася там нечым заняцца, бо там магчымасьці абмежаваныя. Можна запісаць нейкія думкі, а больш нічога. Іншым разам мне хочацца выказаць нейкую эмоцыю менавіта ў малюнку».

Што будзе далей з пратэстамі студэнтаў

Для Натальлі Дулінай сёлета ўжо 30-ы навучальны год. Яна кажа, што раней студэнты баяліся і нічога падобнага не было. Цяперашнія пратэсты праходзяць мірна, без парушэньня вучэбнай дысцыпліны.

«Пакуль яны трымаюцца, выказваюць сваю пазыцыю, не мяняюць сваіх перакананьняў, яны пасьлядоўныя. Мірны пратэст ня стаў агрэсіўным ці навязьлівым. Я захапляюся імі, што яны пранікліся і актыўна адгукнуліся на падзеі ў краіне. Нават на тое, што адбылося з Ромам Бандарэнкам, і стварылі свой мэмарыял. Студэнты паводзяць сябе па-грамадзянску, я імі ганаруся».

Натальля Дуліна пакуль застаецца беспрацоўнай, але кажа, што будзе вырашаць пытаньні з працай, «не чапаючы дзяржаўных структур».

Nashaniva.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера