Знайсці
18.11.2020 / 13:24РусŁacБел

Генпракуратура апублікавала размову з мамай Бандарэнкі — просіць забраць цела. Сям'я тлумачыць, як гэта было

Генпракуратура заявіла, што сям'я можа забраць цела Рамана Бандарэнкі, і выклала пры гэтым аўдыёзапіс размовы з маці загінулага мужчыны. Пра гэта паведаміла прэс-служба ведамства. Родныя кажуць, што гэты званок адбыўся сёння раніцай, піша Tut.by.

У паведамленні Генпракуратуры гаворыцца, што раніцай у панядзелак, 16 лістапада, прадстаўнікі ведамства праінфармавалі маму Рамана Бандарэнкі, які загінуў пры пакуль не высветленых абставінах пасля затрымання невядомымі на Плошчы Перамен у Мінску, пра тое, што дазвол на выдачу цела яе сына накіраваны ў Дзяржкамітэт судовых экспертыз. Такім чынам ведамства абвяргае паведамленні сваякоў загінулага аб тым, што яго цела ім не выдаюць.

Таксама Генпракуратура абнародавала аўдыязапіс размовы з мамай Рамана Бандарэнкі. Супрацоўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз цікавіцца ў яе, калі сваякі будуць забіраць цела, адзначаючы, што яна напярэдадні атрымала неабходныя дакументы.

— Я была ўвечары, мяне ўвечары выклікалі ў Генеральную пракуратуру, і я размаўляла там з людзьмі. Я сказала, што мне трэба выспацца і прыйсці ў сябе, і я яшчэ нават не пачала займацца арганізацыяй. Вось таму… — адказвае жанчына.

— Пакуль вы яшчэ, так разумею, не гатовыя сказаць, так? — кажа мужчына.

— Гэта было ўчора ўвечары, і за ноч нічога не змянілася. Я яшчэ… мы яшчэ не пачыналі нічога рабіць, так. Як толькі нешта будзе, ну, вядома, я паведамлю. Не трэба, калі ласка, мне названьваюць.

— Добра, прабачце, калі ласка, за турботы. Ну, значыць, вы тады паведаміце, прыедзеце, так? Можа быць, гэта будзе сёння, можа, заўтра, так, я так разумею?

— Так. І мы яшчэ нават не пачыналі, я яшчэ сплю.

У канцы размовы мужчына яшчэ раз адзначае, што ў іх «усё гатова».

Пры гэтым у паведамленні прэс-службы Генпракуратуры пазначана, што «да цяперашняга часу сваякі памерлага ўхіляюцца забраць цела рамана Бандарэнкі».

— Званок, які выклала Генеральная пракуратура, паступіў сёння раніцай, хоць з паведамлення ствараецца ўражанне, што гэта было яшчэ ў панядзелак. Нам здаецца дзіўным і не зусім карэктным, што асабісты званок публікуе афіцыйнае ведамства, — каментуе Tut.by Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра рамана Бандарэнка.

Яна пацвярджае, што сапраўды двойчы ў панядзелак сям'я звярталася ў пракуратуру з пытаннем аб выдачы цела.

— Мы цяпер жывём у машыне, спім па 2-4 гадзіны, каб вырашыць усе юрыдычныя пытанні, — адзначае Вольга.

Учора сям'я ездзіла купляць касцюм для Рамана.

— За намі сачылі не менш за 20 чалавек, людзі ў цывільным стаялі на кожным паверсе крамы. Мы не ведаем, для чаго гэта робіцца, — кажуць родныя Рамана Бандарэнкі.

Нагадаем, днём 16 лістапада Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра рамана Бандарэнкі, распавяла Tut.by, што яго мама ў той дзень двойчы прыязджала ў Генеральную пракуратуру — у 9 і 11 гадзін раніцы. Па словах Вольгі, жанчыну там так і не прынялі, прапанаваўшы чакаць адказу і звяртацца пазней.

— Яшчэ ў пятніцу былі ў Следчым камітэце, там адказалі, што справа ўжо ў Генпракуратуры, звяртацца варта туды. Мы так і зрабілі, адказу не атрымалі. Нам казалі, што менавіта следчы павінен даць дазвол на выдачу цела, — распавяла Вольга. — Мы не ведаем нічога: зрабілі экспертызу ці не, цела Рамана нам пакуль не аддалі, з намі ніхто не звязваўся. Трэба ж планаваць пахаванне … Пайшоў чацвёрты дзень.

31-гадовы Раман Бандарэнка 11 лістапада выйшаў на «плошчу Перамен», каб спытаць у людзей у грамадзянскай форме і масках, навошта яны здымаюць бел-чырвона-белыя стужкі. Як распавядалі відавочцы, на Рамана накінуліся невядомыя, сталі біць, а потым «прафесійна затрымалі» і аднеслі ў мікрааўтобус. Праз паўтары гадзіны ён быў дастаўлены з Цэнтральнага РУУС Мінска ў бальніцу. Аперацыя доўжылася некалькі гадзін, жыццё маладога чалавека выратаваць не ўдалося.

Кацярына Барысевіч, Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера