Знайсці
17.11.2020 / 13:02РусŁacБел

«Нечакана адзін з аўтазакаў уехаў у натоўп». Падзеі 9 жніўня, з якіх 100 дзён таму ўсё пачалося, аднаўляе фатограф «Нашай Нівы» 

Споўнілася 100 дзён з пачатку пратэстаў ў Беларусі. Фатограф «Нашай Нівы» Надзея Бужан успомніла, як усё пачыналася.

9 жніўня 2020 года, Мінск, Беларусь. Дзень, калі адбыліся выбары. Назіральнікаў не дапускаюць на ўчасткі. А людзей, якія мірна стаялі каля ўчасткаў, каб пабачыць вынікі падліку, разганяе АМАП. 

Я сама дзяжурыла на адным з мінскіх участкаў і бачыла, як «лічаць» галасы.

З адчуваннем, што іх галасы скралі, людзі выходзяць у цэнтр горада з мірным пратэстам.

Сілавікі парэзалі Мінск на некалькі раёнаў, раздзялілі людзей, каб яны не змаглі сабрацца ў адным месцы. Я трапіла ў самы «гарачы» адрэзак таго вечара.

Калі мы прыйшлі на праспект Машэрава, сілавікі і вайсковая тэхніка ўжо былі гатовыя да дзеянняў. Здалёк я пачула незнаёмы мне гук — гэта была светлашумавая граната. Падышоўшы бліжэй, я ўбачыла людзей, якія становяцца ў счэпку насупраць АМАПа. Варта адзначыць, дэманстранты трымаліся на вялікай адлегласці. Яны стаялі, узяўшыся за рукі і скандавалі нешта накшталт «Ганьба», «Мы хочам сумленных выбараў».

Перыядычна самыя смелыя хлопцы з натоўпу падбягалі да ачаплення. Я чула, як яны крычалі сілавікам, спрабавалі растлумачыць сваю пазіцыю дзеля чаго яны выйшлі.

Тады я яшчэ не верыла ў тое, што ў мірных людзей будуць страляць і кідаць гранаты, таму досыць спакойна працавала. Калі дзесьці вельмі блізка разарвалася першая светлашумавая граната, я сапраўды спалохалася.

Здалося, што выбухная хваля прайшлася па нагах. Пачалася лёгкая паніка, але людзі працягвалі стаяць на месцы.

Каб застрашыць дэманстрантаў, міма туды-сюды пачалі ездзіць хуткія і аўтазакі. Нечакана адзін з аўтазакаў не зніжаючы хуткасці ўехаў у натоўп ззаду.

Усё адбывалася вельмі хутка, я не змагла заўважыць, ці былі пацярпелыя ад удару аўтамабіля. Пазней высветлілася, што былі. Людзі ў апошні момант зразумелі, што ў іх заязджае машына. Частка паспела адбегчы ў бок. Частка стала спрабаваць спыніць машыну. Некалькі мужчын разбілі шкло ў кабіне машыны і заскочылі на яе. Гэта ўсё адбывалася на хуткасці.

Аднаму з пратэстуючых удалося забрацца на кабіну і павіснуць спераду перад кіроўцам. Але машына пачала набіраць хуткасць, ён не ўтрымаўся і зваліўся пад колы грузавіка. У той момант у мяне была толькі адна думка: «Толькі б ён застаўся жывы». Было вельмі страшна.

Надзея Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера