Знайсці
16.11.2020 / 23:39РусŁacБел

Звольнены доктар Андрэй Вітушка: Там мой быў дом, маё пакліканне

РНПЦ «Маці і дзіця» не будзе працягваць кантракт з вядомым дзіцячым рэаніматолагам, кандыдатам медыцынскіх навук Андрэем Вітушкам. Вось, як ён гэта пракаментаваў у сваім фэйсбуку.

21 год.

Гісторыя пачалася ў 1999 годзе. Калі я, студэнт 4 курса медунівера, прыйшоў у аддзел кадраў 7 гарадской клінічнай бальніцы ўладкоўвацца на пасаду медсястры ў вольны ад вучобы час (на начныя дзяжурствы). Хацелася быць бліжэй да клінічнай медыцыны, адчуць яе атмасферу ўсім арганізмам. Мне адразу сказалі: «Схадзі ў рэанімацыю нованароджаных — там заўжды трэба людзі». Я мала ведаў пра нованароджаных, вучыўся на лячэбным факультэце (тады не было педыятрычнага) і рыхтаваўся быць нейрахірургам. Тады я яшчэ не здагадваўся, што прыйшоў у месца, дзе знайду сябе.

Сястрынская праца ў рэанімацыі складаная. Заўжды вялікая нагрузка, выдатная трэніроўка ўвагі, хуткасці рэакцыі і мультызадачнасці. Многія доўга не вытрымліваюць, таму мне сказалі, што заўжды патрэбныя работнікі.

Паступова я зразумеў, у якое незвычайнае месца патрапіў — месца, дзе людзі ў літаральным сэнсе аддаюць свае сілы і энергію для жыцця іншых — меншых і слабейшых. І палюбіў гэтую працу і людзей.

У 2001 я атрымаў дыплом і стаў лекарам ў рэанімацыі нованароджаных. Неўзабаве шпіталь ператварыўся ў рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця». Я вельмі ўдзячны сваім настаўнікам: найперш загадчыцы аддзялення Аксане Якаўлеўне Свірскай. Гэта мая мама ў прафесіі. Яна дапамагла мне і многім вырасці з учарашніх студэнтаў у спецыялістаў. А таксама ўдзячны іншым старэйшым калегам — іх шмат, я баюся каго-небудзь не назваць.

Паступова я зразумеў, што трапіў у самую дынамічную галіну педыятрыі. Сапраўднае шчасце — назіраць і ўдзельнічаць у яе прагрэсе ў Свеце і Беларусі. Быць часткай каманды, якая ўпарта працуе над тым, каб больш дзяцей выжывалі і раслі здаровымі. Бачыць поспехі і няўдачы гэтай каманды, ганарыцца дасягненнямі і працаваць над памылкамі, каб рабіць лепшымі вынікі нашай дзейнасці.

Неверагоднае адчуванне — з радасцю ісці на працу і радасна вяртацца дадому.

Я скончыў аспірантуру для таго, каб адказаць на пытанне, як мы лепш можам папярэдзіць цяжкія кровазліцці галаўнога мозга ў глыбоканеданошаных дзяцей — паталогіі, якая за хвіліны мяняе жыццё самога дзіцяці, даючы яму інваліднасць, і мяняе жыццё ягонай сям'і. Таксама імкнуўся пастаянна вучыцца ў сваіх калег сусветнага ўзроўню, каб быць не горш за іх, бо нашыя дзеці гэтага вартыя, а мы на гэта здольныя.

Больш за ўсё ад майго жыццёвага выбару дасталася маёй сям'і — заробкі лекара-рэаніматолага заўжды былі сціплымі. У жыцці я меў некалькі развілак, каб выбраць больш прыбытковы занятак, не звязаны з медыцынай. Але я ўпарта вяртаўся назад - у рэанімацыю нованароджаных РНПЦ «Маці і дзіця». Бо там мой быў дом, маё пакліканне.

Сёння я даведаўся, што праз месяц мяне там не будзе.

Начальнік аддзела кадраў прыйшла сама а 7-ай раніцы да мяне на дзяжурства, каб самастойна ўручыць мне «уведомление». Яе перадусім цікавіў мой подпіс (уручыць мусяць за месяц да канца кантракта). Атрымала подпіс і збегла без тлумачэнняў і размоў. Потым з пошты я забраў заказны ліст, дзе таксама было «уведомление». На тую ж тэму, але з іншым подпісам (адно падпісаў дырэктар, а другое яго намеснік). Я па змоўчанні лічу людзей добрымі і стараюся іх разумець. Але чаму не патлумачыць прычыны разрыву працоўных адносін спецыялісту, які 21 год жыцця аддаў шпіталю, якім вы кіруеце, я не магу зразумець. Верагодна таму, што не хачу каб прынцып «вы же сами всё понимаете», вяртаўся ў нашае жыццё. Бо за ім гніенне, разбурэнне і смерць.

Зараз адкрыты для прапаноў працы. Хачу толькі спакойна сустрэць Каляды з роднымі. Упершыню за шмат год без недасыпу пасля дзяжурстваў.

Шмат чаго ўмею. Добра разбіраюся ў медыцыне, умею зразумела тлумачыць розныя яе аспекты. Пішу добрыя прафесійныя тэксты. Валодаю ангельскай, польскай і крыху нямецкай. Не збіраюся спыняцца ў працы на карысць святла, дабра, праўды і справядлівасці. Таму што гэта мой абавязак. Як доктара і чалавека. Вялікі дзякуй за салідарнасць і падтрымку!

Андрэй Вітушка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера