Знайсці
14.11.2020 / 12:54РусŁacБел

У Магілёве судзяць былога амапаўца і супрацоўніка службы аховы Лукашэнкі: бараніў дэманстрантаў

Экс-амапаўцу пагражае пяць гадоў турмы паводле абвінавачвання ў збіцці супрацоўніка міліцыі, піша «Радыё Свабода». 

У Ленінскім раённым судзе Магілёва 13 лістапада прайшло першае судовае пасяджэнне па крымінальнай справе індывідуальнага прадпрымальніка Уладзіміра Шустава. Яго вінавацяць у наўмысным ужыванні гвалту ў дачыненні да міліцыянта падчас разгону людзей 10 жніўня ў цэнтры Магілёва (арт. 364 КК РБ).

Справу разглядае суддзя Алена Літвіна.

Паводле інфармацыі сайта 6tv.by, пракурор запатрабавала пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму для Уладзіміра Шустава, у мінулым камандзіра падраздзялення АМАП і супрацоўніка службы аховы Лукашэнкі. Падсудны адмаўляе сваю віну.

Фота 6tv.by

Інцыдэнт 10 жніўня

Як сцвярджае Шустаў, увечары 10 жніўня 2020 года ён разам з дарослым сынам паехаў у цэнтр горада, каб выпіць піва. У гэты час ля Плошчы зорак, што побач з кінатэатрам «Радзіма», экіпіраваныя ў бронекамізэлькі, шлемы і іншую амуніцыю супрацоўнікі міліцыі разганялі людзей, якія знаходзіліся там. Адзін з іх схапіў ззаду за горла ні ў чым не вінаватага, на думку Шустава, хлопца і пачаў душыць.

Гэта абурыла былога амапаўца, які ўбачыў, як міліцыянты збіваюць і затрымліваюць мірных грамадзян. Паводле яго слоў, ён не нападаў ні на кога, але пры гэтым атрымаў дубінкай па галаве. Спатыкнуўшыся і падаючы наперад, ён закрануў галавой тулава пацярпелага ўчастковага інспектара міліцыі Аляксандра Шмаянкова, які стаў побач, а затым, спрабуючы ўтрымацца, схапіўся за яго ногі. З-за гэтага міліцыянт упаў на ягадзіцы.

Што кажа пацярпелы міліцыянт

Па словах жа Шмаянкова, ён казаў Шуставу і іншым грамадзянам пакінуць Плошчу зорак, пры гэтым ён нікога не біў. У сваю чаргу Шустаў нібыта нечакана ўдарыў яго галавой у бронекамізэльку, а потым захапіў рукамі ногі.

Тады ж былога амапаўца і яго сына затрымалі і асудзілі да адміністрацыйнага арышту па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай акцыі). Уладзімір Шустаў затым стаў фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Суддзя адхіліла хадайніцтвы Шустава

У абвінавачанага ў гарадской бальніцы хуткай меддапамогі 10 жніўня дыягнаставалі страсенне галаўнога мозгу, і ён напісаў заяву аб збіцці. Вынікі праверкі па заяве да гэтага часу ні яму, ні яго адвакату не вядомыя. Шмаянкоў жа напісаў пра тое, што ў дачыненні да яго быў ужыты гвалт, толькі ў ноч з 11 на 12 жніўня. Пры гэтым пра якія-небудзь цялесныя пашкоджанні ва ўчастковага міліцыянта гаворкі не ідзе.

На судзе быў прагледжаны відэазапіс, які, як сцвярджае падсудны і ягоны адвакат, ніяк не адпавядае апісанню і інкрымінаванаму дзеянню. Суддзя Алена Літвіна 13 лістапада адхіліла ўсе хадайніцтвы Шустава, па якіх, па яго словах, можна зрабіць выснову аб яго невінаватасці.

У спрэчках пракурор заявіла, што лічыць віну падсуднага ва ўжыванні гвалту да Шмаянкова як да прадстаўніка ўлады даказанай і прасіла прызначыць Шуставу пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Адвакат сказаў, што віна ягонага падабароннага не даказаная, і прасіў па гэтай прычыне вынесці апраўдальны прысуд.

У сваім апошнім слове былы амапавец папрасіў прабачэння ў сваёй жонкі, якая разам з сынам прысутнічала ў зале суда. Звяртаючыся да пацярпелага ён сказаў:

«Вам далі каманду, і вы яе выканалі. І дрэнна выканалі. Вы парушылі закон. Я закон не парушаў. Я невінаваты. У мяне ўсё».

Nashaniva.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930