Знайсці
10.11.2020 / 23:04РусŁacБел

З мінскага завода імя Вавілава звольнілі галоўнага метролага і яшчэ 15 чалавек, якія пратэставалі

Начальнік аддзела кадраў холдынгу БелОМА Яўген Ігнатчык пацьвердзіў, што за тыдзень было звольнена больш за 15 чалавек. Бальшыня «па згодзе бакоў», два чалавекі па артыкуле 42 Працоўнага кодэксу — па ініцыятыве наймальніка. Звольненыя лічаць, што яны пацярпелі за сваю пазыцыю, піша «Свабода».

Адкрыта выказваць сваю пазыцыю некаторыя працаўнікі завода імя Вавілава пачалі яшчэ ў жніўні. У абедзены перапынак яны абмяркоўвалі сытуацыю, пісалі звароты ва ўсе органы ўлады з патрабаваньнем спыніць у краіне гвалт, нават прыгразілі страйкам. У жніўні рабочыя БелОМА выходзілі на пікет да тэлецэнтру.

«З намі спрабавала праводзіць гутаркі кіраўніцтва заводу. З кожным асобна размаўлялі. Выклікалі паасобку і ў РУУС, хаця што незаконнага мы зрабілі? Напісалі ў органы ўлады лісты. Адказаў не атрымалі, здаецца, была адна адпіска. 26 кастрычніка, калі быў абвешчаны агульнанацыянальны страйк, мы таксама сабраліся на плошчы на тэрыторыі заводу ў абедзены перапынак, але занялі яшчэ 40 хвілін працоўнага часу. Хацелі пасьля працы выйсьці на вуліцу», — распавядае ўжо былы галоўны мэтроляг БелОМА Сяргей Хрыповіч.

Звольнены мэтроляг адпрацаваў на заводзе 36 гадоў

На наступны дзень генэральны дырэктар сабраў начальнікаў структурных падразьдзяленьняў, пагаварылі даволі карэктна, кажа Сяргей Хрыповіч. Яшчэ празь дзень зьявіўся загад — вынесьці ўсім шараговым працаўнікам заўвагі, а Хрыповічу як кіраўніку — вымову.

А ў чацьвер, 29 кастрычніка, усім парушальнікам дысцыпліны прапанавалі звольніцца па згодзе бакоў. У пятніцу звольнілі першую групу — 7 чалавек.

«Я сказаў, што не напішу заяву па ўласным жаданьні. Завод Вавілава — маё адзінае месца працы, я тут адпрацаваў 36 гадоў. Разьмеркавалі мяне сюды пасьля тэхнікуму, адсюль пайшоў у войска, скончыў радыётэхнічны інстытут, прайшоў усе стадыі — ад сьлесара, інжынэра, начальніка аддзела да галоўнага мэтроляга», — кажа Сяргей Хрыповіч.

3 лістапада Сяргея Хрыповіча звольнілі па артыкуле 42 пункце 6 Працоўнага кодэксу — «па ініцыятыве наймальніка»: за вымову, да якой знайшлі яшчэ адну нібыта «непагашаную заўвагу».

4 лістапада звольнілі яшчэ 7 чалавек. Яшчэ адзін намесьнік начальніка адзьдзела адмовіўся падпісаць заяву «па згодзе бакоў», яго таксама звольнілі па артыкуле.

Сяргей Хрыповіч мае намер падаць заяву аб незаконным звальненьні ў суд.

Начальнік аддзела кадраў: «Рашэньне аб звальненьнях прымаў ня я»

Намесьнік генэральнага дырэктара па рэжыму, кадрах і ідэалягічнай працы Беларускага оптыка-мэханічнага аб’яднаньня Вячаслаў Кузьняцоў з 9 лістапада ў адпачынку. У прыёмнай гендырэктара накіравалі да начальніка аддзела кадраў Яўгена Ігнатчыка.

Спадар Ігнатчык пацьвердзіў, што за тыдзень (у апошнія дні кастрычніка і першыя дні лістапада) было звольнена больш за 15 чалавек. У асноўным — «па згодзе бакоў», а два чалавекі — па ініцыятыве наймальніка за спагнаньні.

«Што тычыцца Хрыповіча, ён быў звольнены па 42-му артыкулу. Зразумейце, рашэньне прымаў ня я. У аддзел кадраў паступілі дакумэнты, нам давялося іх аформіць. Загад аб спагнаньні быў падпісаны генэральным дырэктарам Аляксандрам Марозам і намесьнікам па ідэалёгіі і кадрам Вячаславам Кузьняцовым. Я ведаю, што зь імі размаўляла кіраўніцтва. Але фармальна яны парушылі крыху працоўнае заканадаўства — 40 хвілін працоўнага часу занялі сваім сходам», — тлумачыць начальнік аддзела кадраў Яўген Ігнатчык.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930