Знайсці
10.11.2020 / 17:03РусŁacБел

Суддзя была ў шоку. Пасля гэтага ВІДЭА ўчастковы прызнаўся, што пісаў пратакол са словаў невядомага ў балаклаве

«Нашай Ніве» стала вядомая гісторыя жыхара Баранавіч Дзмітрыя Лянько, якога затрымалі ў сваім горадзе 10 жніўня. 

Ён прайшоў праз пабоі ў СІЗА, хлуслівы пратакол, пяціхвілінны суд, але здолеў даказаць, што пратакол на яго сфабрыкавалі. У выніку міліцыянер прызнаўся, што пісаў яго не сам. 

Вось што расказвае Дзмітрый. 

«10 жніўня я сядзеў у машыне з таварышам і ягонай жонкай у ціхім завулку блізка да цэнтра горада. Было каля 20-й гадзіны, у прынцыпе, нічога не адбывалася. Але тут прыехаў аўтобус з «касманаўтамі», яны адтуль выбеглі і пачалі хапаць нейкіх адвольных людзей. Мы ўключылі камеру, бо сітуацыя для нас незвычайная, пачалі ад'язджаць, як тут яны крыкнулі: «Хапай іх». Да нашай машыны падскочылі людзі ў масках, адкрылі дзверы, нас затрымалі і павезлі ў СІЗА.

Там нас збівалі, там жа і судзілі — прыехала на трэція суткі суддзя Кацярына Груда і дала 7 сутак. Падставай стаў пратакол, дзе напісана, што я кідаўся на міліцыю, крычаў і гэтак далей. Але гэта ўсё няпраўда — у мяне было відэа, дзе ўсё разборліва відаць.

Вядома, дастаць гэтае відэа і падрыхтавацца да суда мне не далі. 

Потым з СІЗА выпусцілі — хачу падкрэсліць — такім дзіўным чынам: перад выхадам усіх распраналі і прасілі «круціцца». Тых, што без пабояў, выпускалі праз галоўны выхад, бо там дзяжурылі валанцёры і здымалі пабоі. А другіх, з пабоямі, садзілі ў аўтазак і выкідвалі каго дзе, возячы па горадзе і прыгарадзе. Каб, на іх думку, было цяжэй даказаць, дзе атрыманы пабоі. 

 «Віна цалкам пацверджана пісьмовымі матэрыяламі»: рассудзіла суддзя Кацярына Груда

Словам, калі я выйшаў, то вырашыў гэта не пакідаць, а паехаў з апеляцыяй у Брэст. Там першае рашэнне суда адмянілі, убачыўшы відэа з абставінамі затрымання, якое супярэчыць усяму, што напісана ў пратаколе. 

Гэтае відэа далучылі да справы, быў пераразгляд з іншым суддзёй у Баранавічах, выступаў той самы лейтэнант Папчэня, які нібыта мяне затрымліваў.

Суддзя Аксана Копач праглядзела відэа. Папчэня знайшоў у сабе мужнасць прызнацца, што ўсё было не так. 

Быў прыкладна такі дыялог, суд пытаўся: 

— Вы гэтага чалавека ведаеце? 

— Я яго ўбачыў у СІЗА. 

— Дык гэта вы затрымлівалі? Ваш подпіс стаіць. 

— Я напісаў пратакол са словаў невядомых супрацоўнікаў, якія былі ў СІЗА. Я не ведаю, хто яны, бо былі ў балаклавах, імёны назваць не магу. 

Канечне, суддзя была ў шоку. Скончылася ўсё тым, што мяне прызналі невінаватым, бо віна не даказаная», — расказаў Дзмітрый. 

Гэтае пасяджэнне адбылося 3 лістапада. 

«Не сумняюся, што справядлівы суд чакае ўсіх», — так ён каментуе сваю гісторыю. 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930