Знайсці
09.11.2020 / 14:22

Памятаеце хлопца, які спрачаўся з памочнікам Лукашэнкі? Учора яму зламалі нагу пры затрыманні

30 жніўня 21-гадовы Ягор Фатыхаў трапіў ва ўсе навіны: ён адкрыта спрачаўся з Мікалаем Латышонкам, памочнікам Лукашэнкі, які выйшаў да пратэстоўцаў.

Цяпер Ягор расказвае пра сваё затрыманне 8 лістапада, калі невядомыя з дубінкамі зламалі яму нагу пры затрыманні.

«Я быў на Стэле з боку праспекта Машэрава. Унутраныя войскі пачалі перакрываць дарогу, і на вуліцы выйшлі людзі ў разгрузачных камізэльках і касках паверх цывільнай вопраткі — я так зразумеў, што гэта ГУБАЗіК.

Пачаўся хапун. Салдаты ўнутраных войскаў пачалі грукаць па шчытах і ісці наперад. Меркаваны ГУБАЗіК палез на прыгорак каля гатэля «Планета», пачаліся затрыманні, — распавядае Ягор. —

Пабеглі людзі, пабег і я. За мной кінуўся адзін з сілавікоў з крыкам: «Стой, сука!» Дагнаў, ударыў дубінкай па назе. Я ўпаў, зляцелі акуляры, я спрабаваў іх знайсці. Пасля я змог падняцца, але зрабіў тры крокі і зразумеў, што нага не ў парадку.

Да мяне падскочыў той сілавік, зрабіў падсечку. Я ўпаў. Мяне ўдарылі яшчэ раз па назе, з мацюкамі зацягнулі сцяжкі на руках. Я папрасіў знайсці акуляры — адзін з сілавікоў усё ж падняў іх і засунуў мне ў кішэню.

Павялі ўніз з горкі. Я прасіўся, каб яны не так моцна мяне нахілялі, бо не мог наступаць на нагу, у адказ мне прыгразілі зламаць яшчэ і другую нагу».

Ягора павялі ў аўтазак.

«Я па дарозе зноў упаў — і ў той момант парваліся сцяжкі на руках. Гэта было выпадкова.

Я прыціснуў рукі да жывата, сілавікам гэта вельмі не спадабалася, яны акружылі мяне са словамі: «Ты што, сука, супраціўляешся?» Мяне ўдарылі ў твар, рассеклі губу. Гэта бачылі людзі, пажылыя жанчыны пачалі прасіць: «Адпусціце хлопчыка!»

Я ў той момант хацеў пракрычаць людзям нумар бацькоў, каб яны паведамілі ім, што мяне затрымалі, але чамусьці рэфлекторна пачаў выкрыкваць свой нумар.

Пасля гэтага са словамі «Ты чо, б***!?» да мяне прымянілі задушлівы прыём. І адзін сказаў: «Горш будзе!» — згадвае Ягор.

— Тады я папрасіў паабяцаць, што мяне нармальна давядуць да аўтазака, сказаў ім, што не буду супраціўляцца. Адзін з сілавікоў паабяцаў, але словы не стрымаў: мне завялі рукі за спіну, заціснулі сцяжкамі яшчэ мацней, чым было, і па дарозе яшчэ мацней нахілялі. Пакуль вялі, я некалькі разоў падаў, мяне яшчэ пару разоў прыдушвалі. Пагражалі: можа, цябе нашым аддаць на разарванне? Білі па галаве, калі не мог ісці, цягнулі па зямлі, я сцёр далоні».

Фатыхаў кажа, што да аўтазака яго давялі ў напаўпрытомным стане. Сказалі: «Лезь».

«Я не мог падняцца на ногі, папрасіў дапамагчы, за што мяне ўдарылі дубінкай па ягадзіцах і пракаментавалі: «Нічога сабе патрабаванні!» Я палез на каленях па прыступках, унутры мяне падхапіў сілавік», — кажа Ягор.

Пасля хлопца павезлі ў Савецкае РУУС.

«У аўтазаку я намагаўся наладзіць нейкі дыялог з сілавікамі. Яны слухалі мяне адэкватна, але не адказвалі. Нягледзячы на затрыманні, у мяне застаецца гуманістычнае стаўленне да іх. Я чалавек з юрыдычнай адукацыяй і ведаю людзей з органаў, якія хацелі б штосьці змяніць, але не могуць, — тлумачыць Фатыхаў. — І пасля, калі ў РУУСе трэба было выйсці з аўтазака, я папрасіў аднаго з сілавікоў дапамагчы мне — ён без мацюкоў і сілы проста дапамог. Ды і ў РУУСе былі некалькі работнікаў, яшчэ студэнтаў Акадэміі — яны вельмі тактоўна сябе паводзілі».

У РУУСе Ягора паставілі да сценкі разам з іншымі. Ён патлумачыў, што не можа стаяць, бо па назе моцна ўдарылі дубінкай.

«Пазней адзін з работнікаў пасадзіў мяне на лавачку, але з’явіўся нейкі начальнік, які сказаў: «А чаму ён тут? Да сценкі хуценька!»

Тады я папрасіў, каб дазволілі ўстаць на калені хаця б, бо так балела, што на нагах я трымацца не мог. Мне дазволілі. Я стаяў на каленях, але адзін з афіцэраў сказаў: не, так справы не робяцца. Мне загадалі ўстаць як усім.

Я ўстаў, але ногі аж трэсліся ад болю. Тады ўсё ж дазволілі мне вярнуцца на лавачку. Выклікалі мне хуткую — але я чакаў яе каля 5-6 гадзін. Тлумачылі гэта тым, што няма каго выдзеліць у канвой, каб паехалі ў бальніцу разам са збітымі, — расказвае Ягор. —

На месцы ніякай медыцынскай дапамогі мне не аказалі. Адзін з затрыманых прапанаваў дапамогу, але яму жорстка адказалі, што не трэба, прыгразілі, што для яго гэта кепска скончыцца».

На лавачцы, кажа хлопец, з ім сядзелі дзве дзяўчыны, адну ванітавала, другая вельмі хвалявалася, бо ў яе і сястру затрымалі.

«Загадалі, каб галава была апушчаная. Але я час ад часу падымаў, лічыў людзей ля сцяны — было 94 чалавекі, — згадвае Ягор. — Часам у мяне на твары была грымаса ад болю, міліцыянты думалі, што я пасміхаюся. Казалі: б**, хлопец, у цябе тут прывілегіраванае становішча, цябе дзяўчаты грэюць!»

Нарэшце прыехала хуткая, з канвоем Ягора павезлі ў бальніцу хуткай дапамогі.

«Закрытая ЧМТ лёгкай ступені, сатрасенне мазгоў, ушыб мяккіх тканак, ранкі на далонях, рассячэнне губы, закрыты пералом малой галёначнай косткі», — зачытвае Фатыхаў спіс сваіх траўмаў.

Канвой чакаў яго, але Ягора забралі адразу на аперацыю — ўправілі нагу — тады міліцыянты з’ехалі.

Але раніцай 9 лістапада нейкі міліцыянт завітаў да яго ў палату.

«У РУУСе пратакол на мяне не склалі. А той, што прыходзіў сёння, апытваў, як я атрымаў траўмы. Я пераказаў, што мяне білі, — кажа Фатыхаў. — Ці буду я падаваць заяву аб збіцці, пакуль не ведаю — вырашу пасля кансультацыі з адвакатам».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28