Знайсці
09.11.2020 / 13:25

Віктар Марціновіч: Не думаў, што дажыву да новай жалезнай заслоны

Павялічыць

president.gov.by

Віктар Марціновіч для budzma.by пра «новую жалезную заслону» і пра тое, чаму важна не дапусціць яе з'яўлення.

Я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе і выдатна памятаю часы, калі выехаць можна было хіба што ў Сочы. Я не думаў, што дажыву да новай жалезнай заслоны, у імавернасць якой не верылі, здаецца, нават тыя, хто ёй пужаў.

Дык віншую вас, шаноўныя! 

Дачакаліся!

Ужо!

Пасля словаў пра тое, што дактары, якія выехалі на працу ў суседнія краіны, не здолеюць вярнуцца, факт выбудоўвання вялікай кітайскай сценкі з рамана «Мова 墨瓦», можна прызнаць, адбыўся. 

Асабліва з дадаткам, што гэта «не пагроза, гэта загад».

І не варта супакойваць сябе тым, што яны яшчэ толькі прымерваюцца, спрабуюць грамадства на зуб. 

Прымерваліся яны тады, калі масава адмаўлялі ў праве на ўезд замежным журналістам. 

А пунктам незвароту сталася тое, калі не пусцілі на радзіму Кандрусевіча.

І так, у выпадку з Кандрусевічам былі яшчэ нейкія адмазкі. Маўляў, у таго ёсць іншае грамадзянства. Але потым яны пачалі адмаўляць ва ўездзе студэнтам, што навучаюцца за мяжой. І вось у гэтых маладых людзей ніякіх запасных варыянтаў няма. Пры тым, што не мне вам тлумачыць, колькі каштуе здымаць кватэру ў іншым горадзе. І не мне нагадваць пра артыкулы Канстытуцыі, якія гарантуюць грамадзянам вольнае перасоўванне праз межы.

Не трэба думаць, што гэта хаця б неяк звязана з эпідэміяй і скончыцца разам з ёй. Хаця б таму, што на адпаведнай нарадзе амаль усе слухачы сядзелі без масак. Эпідэмія тут — толькі нагода ўвесці тое, на што ўжо даўно рукі часаліся. 

Закрыць краіну. 

Ператварыць яе ў працоўны лагер. 

Фармальна ручаі для адʼезду яшчэ ёсць, хай сабе ніхто цяпер не можа быць упэўненым у вяртанні. А гэтай няўпэўненасці, нявызначанасці выпадкаў прымянення новай «жалезнай заслоны» якраз і дастаткова, каб большасць паставілася да яе як да новай рэальнасці і нават не спрабавала, не спрабавала.

І тут праблема нават не ў тым, што ўсе заходнія рэгіёны Беларусі жылі дробным памежным гандлем. Праблема ў тым, што сучасны чалавек не можа існаваць без свабоды вандровак, без неабмежаванага выбару таго, дзе яму здабываць грошы. Закрываючы перспектыву на вяртанне, іх пазбаўляюць Радзімы і гэта ўжо зусім па-за межамі этыкі.

Я не буду казаць пра інвестыцыйную прывабнасць нашай краіны, якая пасля закрыцця межаў зробіцца параўнальнай з Паўночнай Карэяй. Пра тое, што калі аддаюцца загады, якія проста супярэчаць не толькі законам, але і глузду, і гэтыя загады пачынаюць выконвацца, ніхто з замежнікаў сюды проста не сунецца. Праблема, нарэшце, не ў эканоміцы і не ў дэмакратыі. Праблема ў нас з вамі. 

Нам далей тут жыць. 

З закрытымі межамі. 

Без магчымасці выехаць на вучобу. Без магчымасці атрымаць прыстойны і ганаровы кантракт за мяжой. Без магчымасці наведаць краіны-суседкі, не маючы ў страўніку сцюдзёнага каменьчыка сумнення, а ці дадуць вярнуцца.

Але гэта і дае надзею. 

Бо загады відавочна робяцца ўсё больш экзатычнымі, ужо мяжуючы з тым абшарам, пасля якога на іх выкананне ні ў кога не хопіць смеласці. І потым — тыя самыя выканаўцы з урада. Яны ж разумеюць, як важна падчас эпідэміі мець у краіне ўсіх дактароў, якія вырашылі вярнуцца, каб дапамагчы. І ніякія меркаванні помсты непараўнальныя хаця б з адным жыццём, якое тыя дактары могуць выратаваць.

То калі тэндэнцыя працягнецца — а яна дакладна будзе працягвацца, — мы пабачым, як, наблізіўшыся да мяжы вар’яцтва, тыя загады перастануць выконвацца. Бо, па сутнасці, нікому не хочацца жыць у Паўночнай Карэі. Нават тым, хто сядзеў на нарадзе па кавідзе без масак. Не хочацца жыць, асабліва памятаючы ранейшае жыццё. 

І зараз да ўсіх іх паступова будзе даходзіць тое, што ўжо дайшло да нас: ніякага «як раней» быць не можа. Будзе ці то значна лепей, калі ўладзе і грамадству ўдасца дамовіцца, ці значна, значна горай, калі неабвешчаная вайна з усімі працягнецца. І самае страшнае ў той вайне — што пад «усімі» будуць мецца на ўвазе не грамадскія актывісты, не чальцы штабоў — усе гэтыя людзі даўно за мяжой. Цяпер за жалезную завесу спрабуюць загнаць літаральна ўсіх, уключна з сем’ямі тых самых чальцоў урада. 

Я ўпэўнены, што гэта не спрацуе. Я ўпэўнены, што краіна не можа жыць без тэатраў, без дактароў, без студэнтаў. Без права грамадзян на вольны выезд на працу ці адпачынак з гарантаваным Канстытуцыяй правам на вяртанне.

То асадзіце назад, даражэнькія

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
сакавік красавік май
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30