Знайсці
08.11.2020 / 00:42РусŁacБел

«Я даведаўся пра адмену «Лістапада» ў чаце». Гутарка з дырэктарам фестывалю Ігарам Сукманавым пра далейшыя планы

За дзень да адкрыцця кінафестывалю «Лістапад» Міністэрства культуры паведаміла ў сваім тэлеграм-канале, што ён адменены. Афіцыйная прычына — эпідэміялагічная сітуацыя. Гэта стала сюрпрызам і для самой дырэкцыі, якая прыкладна ў той жа час атрымала з міністэрства проста электронны ліст. «Наша Ніва» пагутарыла з праграмным дырэктарам фестывалю Ігарам Сукманавым пра яго версію падзей і пра тое, што з «Лістападам» будзе далей.

— Калі кінафестываль адменены праз каранавірус, можа, ён усё яшчэ адбудзецца ў фармаце анлайн альбо будзе перанесены?

— Гэта цяпер ужо пытанне не да арганізатараў фестывалю, а да яго заснавальнікаў, а заснавальнікі менавіта адмянілі «Лістапад». Фармулёўка, з якой гэта было зроблена, кажа пра абсалютна высакародныя рэчы, але па сваёй сутнасці распаўсюджваецца на ўсё, што мы называем масавым мерапрыемствам. А паколькі адменены толькі «Лістапад», гэта выклікае шмат пытанняў і здзіўлення. Адказы на ўсё гэта трэба шукаць у тых, хто прымаў рашэнне, мы ж былі пастаўлены перад фактам і не атрымалі ніякіх дадатковых каментарыяў. 

— І які План Б?

— Правесці фестываль анлайн, на жаль, немагчыма, таму што большасць фільмаў праграмы занадта свежая для таго, каб трапляць на інтэрнэт-платформу. Але мы адабралі прыкладна сто дваццаці карцін — і ў гэтым выпадку выступаем хутчэй як Канская дырэкцыя, якая адмяніла сёлетні фестываль, але выпусціла спіс фільмаў з вось гэтым канскім лэйблам. У нас таксама застаецца праграма з лэйблам «Лістапада» — усё гэтае кіно рана ці позна стане даступным нашай публіцы, таму мы можам толькі рэкамендаваць следаваць нашаму спісу. Такая місія насамрэч заўсёды стаяла перад намі: зразумела, што за фестывальны тыдзень немагчыма пагледзець усё. Таму гэтая навігацыя, як нам заўсёды падавалася, вельмі важная — з ёй глядач ведае, на што варта звяртаць увагу.

— То-бок нешта з праграмы вы будзеце паказваць асобна?

— Так, ужо як кампанія «Арт Карпарэйшн» мы будзем працягваць займацца вось гэтай «культурнай экспансіяй». Я мару, каб нашы суайчыннікі былі ў курсе ўсіх дасягненняў сусветнага кіно, каб тое, што прапануе Канскі ці Венецыянскі кінафестывалі, было даступна калі не праз «Лістапад», значыць, праз іншыя мерапрыемствы. Пэўная частка карцін з нашай праграмы рана ці позна будзе паказана на вялікім экране, некаторыя пазаконкурсныя і нават конкурсныя фільмы, рэтраспектыва Войцеха Хаса — ужо ў самы бліжэйшы час. Усё гэта не прападзе: сасуд разбіты, але яшчэ магчыма сабраць аскепкі і скласці цудоўны пазл. Ведаеце, «Лістапад» цяпер — як скрыжаль. Яго нельга адмяніць, гэта факт, які ўжо адбыўся.

— Ці могуць у фестывалю ўзнікнуць праблемы з акрэдытацыяй FIAPF?

— Калі FIAPF знойдзе парушэнне, яно будзе пастаўлена на разгляд. Нельга па ўзмаху чарадзейнай палачкі нешта дазваляць ці адмяняць — гэта можна рабіць, калі гаворка ідзе пра мясцовае свята жыцця, а «Лістапад» — не цацка і не забава, а сур’ёзнае мерапрыемства, упісанае ў міжнародны каляндар. З гэтага пункту гледжання ўсе карэктывы павінны быць крыштальна зразумелыя ўсім.

— Як вы думаеце, калі б фестываль першапачаткова рыхтаваўся анлайн, яго б не адмянілі?

— Мне вельмі складана даваць ацэнку тым дзеянням, якія для мяне самога да канца не растлумачаны. Канечне, у галаве мы можам выбудоўваць розныя версіі таго, што адбываецца, але невядома, наколькі яны аб’ектыўныя. Я б не стаў уступаць у палеміку. Магу сказаць адно: не тое каб крыўдна, што прападае наша праца, — а мне абсалютна не крыўдна, я наадварот задаволены, што мы ўсё гэта змаглі зрабіць, — але я шчыра спачуваю сваім суайчыннікам у тым, што культурная падзея аказалася адсунута на другі план. Так, культура ў нас дагэтуль не стаіць сярод прыярытэтаў. Па-мойму, дэ Голь казаў, што Брыджыт Бардо зрабіла для іміджа Францыі больш, чым усе палітыкі разам узятыя, — і гэта праўда. Мы заўсёды пазіцыянавалі «Лістапад» не як лекі ад нуды, а як платформу для роздуму і дыскусіі, для таго, каб чалавек пашырыў унутраную прастору і зрабіўся багацейшым. Неразуменне такіх працэсаў кажа не на карысць, напрыклад, панятка духоўнага складніка нацыі.

— Як вы ўспрынялі спосаб паведаміць дырэкцыі пра адмену фестывалю?

— Асабіста я даведаўся пра гэта падчас размовы з сябрамі нашага журы, бо яно ўжо пачало працаваць, — проста убачыў паведамленне ў працоўным чаце. Я не адчуў шок, у мяне не адняло мову, я не выпаў з рэальнасці — мы настолькі гатовыя да рознага рода сюрпрызаў, што нам не да непрытомнасці. Я ўспрыняў гэта як працоўную інфармацыю, з якой трэба неяк дзейнічаць далей. Магчыма, у маіх калег іншыя адчуванні і іншае разуменне сітуацыі. Мы як нармальныя людзі ўсё гэта абмяркоўваем, але прафесійная этыка не дазваляе мне рабіць паспешлівыя высновы. Затое магу сказаць, што вельмі ўдзячны мінскай публіцы: нягледзячы на сапраўды няпросты час, на многія сеансы білеты ўжо былі раскуплены.

— Ці былі падчас падрыхтоўкі сёлетняга фестывалю нейкія крызісныя моманты ў камунікацыі з міністэрствам?

— Мы тут не навічкі. Безумоўна, пэўныя непаразуменні і дыскусіі заўсёды існавалі. Галоўнае, што мы былі шчырыя ў сваёй пазіцыі і стараліся ўсё аргументаваць — у большасці выпадкаў нам удавалася пераканаць той бок. Такія сустрэчы ты ўспрымаеш як выпрабаванне, якое можна пераадолець. Нават гэтая сітуацыя — не канец, мы не апускаем рукі і не адчуваем сябе зняважанымі і абражанымі. Я не буду тыкаць у некага пальцам і сцвярджаць, што ў нас хацелі выбіць глебу з-пад ног альбо ўчыніць нейкую расправу.

— У СМІ пісалі, што на «Лістападзе» не меўся ўручацца прыз прэзідэнта. Чаму яго адмянілі?

— Мы лічым, што любая палітызацыя не служыць фестывалю на карысць. Наша мэта — не сутыкаць ілбамі, а прасвятляць і дазваляць убачыць свет шматмерным. Таму калі грамадства дастаткова напружана, не варта падліваць масла ў агонь.

— Якімі меркаваліся быць цырымоніі адкрыцця і закрыцця?

— Вельмі сціплымі. Мы з года ў год намагаліся зрабіць адкрыццё і закрыццё святам не масавай культуры, а элітарнага мастацтва — няшчасце дапамагло. Нам было важна прадставіць праграму, журы і паказаць фільм адкрыцця — усяго тры складнікі. Гэта не адпавядала б паняццям «танец на касцях» альбо «пір падчас чумы». Увогуле на такія заўвагі я ўспамінаў «Дэкамерона» Бакача, дзе людзі, аб’яднаныя мастацтвам, маглі пераадолець чуму. У нашым кантэксце перамагчы чуму таксама можна толькі з дапамогай культуры.

— Як выглядае працэдура адмены фестывалю?

— Мы ва ўскораным рэжыме даем афіцыйныя тлумачэнні. Калі казаць цыркулярна, з 5 лістапада мы больш не з’яўляемся дырэкцыяй фестывалю, але, канечне, застаемся ў перамовах і шукаем найбольш выгадныя рашэнні для «Лістапада».

Гутарыла Ірэна Кацяловіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера