Знайсці
06.11.2020 / 12:25

Экс-начальнік ДАІ з Акрэсціна трапіў у шпіталь, яму выносяць прысуд за прысудам 

Сяргей Маслоўскі службу ў міліцыі сканчаў на пасадзе начальніка ДАІ Мінскай вобласці. 11 кастрычніка яго затрымалі за ўдзел у нядзельным маршы. Як высветлілі родныя, да яго з самага пачатку было «асаблівае» стаўленне, паколькі Маслоўскі адразу сказаў, што ён былы міліцыянт. Яму далі 15 сутак арышту, на наступны дзень пасля суда ён на хуткай трапіў у шпіталь з падазрэннем на інсульт, ударамі і гематомамі. Па заканчэнні арышту на волю не выйшаў, яго затрымалі зноў, ужо за непадпарадкаванне ўчастковаму, і тая ж суддзя «выпісала» яшчэ 15 сутак. Сяргей паспеў сказаць у судзе, што больш за два тыдні яго трымалі ў карцары ў жудасных умовах, сям'я рыхтуе скаргу ў Камітэт супраць катаванняў ААН, піша TUT.BY. 

Павялічыць

Сяргей Маслоўскі (злева) і Алег Воўчак

Сяргею Маслоўскаму 56 гадоў, палкоўнік у адстаўцы, доўгі час служыў у аператыўна-пошукавым аддзеле УУС Мінаблвыканкама, скончыў службу на пасадзе начальніка ДАІ Мінскай вобласці, пенсіянер.

— У бацькі былі шматлікія медалі і нагрудныя знакі за дасягненні ў службе, у тым ліку падпісаныя Караевым і Лукашэнкам, — распавядае дачка Вольга. — Нават не знаходзячыся на службе, ён стараўся выканаць грамадзянскі абавязак: аднойчы, спыняючы вулічную бойку, атрымаў пералом носа, а ў 2011 годзе, ужо пасля выхаду на пенсію, заўважыў на аўтарынку рабаўніка, здолеў спыніць яго і вярнуць пацярпеламу грошы. Падчас службы ён заўсёды кіраваўся загадам МУС «аб ветлівым і ўважлівым стаўленні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і вайскоўцаў унутраных войскаў да грамадзян», змест якога патрабавалася ведаць на памяць. Тое, што робіцца цяпер, з гэтым загадам зусім несупастаўляльна.

11 кастрычніка Сяргея Маслоўскага затрымалі. Паводле матэрыялаў адміністрацыйнай справы, адбылося гэта ў раёне гасцініцы «Планета» ў 15:40. Як пакажа сведка-міліцыянт Бельскі Н. А., Маслоўскі ўзяў удзел у шэсці групы людзей, пазначаных бел-чырвона-белай сімволікай, і выкрыкваў «Жыве Беларусь!».

— Відавочцы распавялі, што да яго адразу было «асаблівае» стаўленне, таму што ён сказаў, што служыў у міліцыі, — кажа Вольга. — Неўзабаве ён трапіў у шпіталь з падазрэннем на інсульт.

14 кастрычніка адбыўся суд, на якім Сяргей Маслоўскі заявіў, што сапраўды ўдзельнічаў у шэсці, але лозунгі не выкрыкваў. Раней да адміністрацыйнай адказнасці былы міліцыянт не прыцягваўся, як пазначана ў пастанове суда, аднак яму адразу ж далі максімальна магчымае пакаранне (па ч. 1 арт. 23. 34 Каап) — 15 сутак арышту. Справу разглядала суддзя Савецкага суда Марына Фёдарава.

А ўжо на наступны дзень Маслоўскага на хуткай прывезлі ў шпіталь МУС (тут аказваюць медычную дапамогу не толькі дзейным, але і былым міліцыянтам). Родных да яго не пусцілі, патлумачыўшы гэта неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам. І даслалі адказ на зварот аб стане здароўя.

Як паказана ў дакуменце за подпісам намесніка галоўнага лекара Алены Багровай, Маслоўскі быў дастаўлены ў шпіталь па экстранных паказаннях брыгадай хуткай дапамогі, з падазрэннем на інсульт, былі і іншыя дыягназы пад пытаннем. У выніку абследавання дыягнаставалі артэрыяльную гіпертэнзію ІІІ-й стадыі (самая высокая, ціск больш за 180/больш за 110) рызыка 4 (самая высокая), крызавае цячэнне і шэраг іншых захворванняў. Таксама адзначана, што ў пацыента выяўлены «ўдары, гематомы абедзвюх сцёгнаў, ранкі ў вобласці абодвух прамянёвазапясцевых суставаў, якія не ўплывалі на агульны стан пацыента».

У матэрыялах адміністрацыйнай справы не ўказваецца, што Маслоўскі аказаў супраціў пры затрыманні і што да яго ўжывалася фізічная сіла і спецыяльныя сродкі ў адпаведнасці з законам «Аб органах унутраных спраў». Пры гэтым намеснік галоўнага доктара ўказала, што Маслоўскі паведаміў лекару-хірургу, што «11 кастрычніка быў збіты невядомымі асобамі ў масках».

«Расследаванні прычын і механізм атрымання траўмаў не ўваходзіць у задачы шпіталя», — указвае ў адказе Багрова.

Па законе, пры звароце (дастаўцы) у бальніцу пацыентаў з траўмамі крымінальнага (гвалтоўнага) характару супрацоўнікі прыёмнага пакоя абавязаны інфармаваць пра гэта органы ўнутраных спраў. Ці зрабілі гэта ў шпіталі МУС, высветліць не ўдалося: у прыёмнай адмовіліся звязаць журналіста з галоўным лекарам.

— У нас была надзея, што з улікам стану здароўя бацькі яго пасля бальніцы адпусцяць дадому, але праз тры дні яго вярнулі ў ізалятар даседжваць «суткі», — распавядае Вольга. — Адваката да яго не пусцілі. Як мы высветлілі пазней, бацьку ўтрымлівалі ў жудасных умовах у карцары. Перадачы з адзеннем і прадуктамі, якія ў нас прымалі, яму ў выніку не аддалі.

26 кастрычніка родныя загадзя, у 14:00, прыехалі да ІЧУ на Акрэсціна, каб сустрэць Сяргея. Аднак у 15:40, як меркавалася, ён на свабоду не выйшаў.

— Прыкладна ў 16:20 нам сказалі, што ён знаходзіцца ў Савецкім РУУС, — успамінае Вольга. — Мы паехалі туды, нам пацвердзілі, што ён у іх, і сказалі, што пасля РУУС ён зноў паедзе на Акрэсціна.

У матэрыялах ужо другой адміністрацыйнай справы пазначана, што 26 кастрычніка ўчастковы міліцыянт Савецкага РУУС Тыцык А. І. затрымаў Сяргея Маслоўскага «для высвятлення асобы» ў 15:50 па адрасе завулак Якуба Коласа, 9. Але паколькі Маслоўскі ўпіраўся, хапаўся за форменнае абмундзіраванне і адмаўляўся сесці ў службовы аўтамабіль, каб прайсці ў міліцыю, яго затрымалі за непадпарадкаванне (Савецкае РУУС знаходзіцца за 400 метраў ад месца затрымання (завулак Якуба Коласа, 3). Як Сяргей Маслоўскі апынуўся на завулку Коласа ў 15:50, калі па дакументах яго павінны былі адпусціць з Акрэсціна 15:40, засталося загадкай, адлегласць паміж гэтымі аб'ектамі — амаль 10 км.

Сам Маслоўскі ў судзе сказаў, што быў у ІЧУ, непадпарадкавання супрацоўнікам міліцыі не аказваў. Паказанні супраць яго даў той жа сведка Бельскі Н. А., які выступаў і на першым працэсе, калі палкоўніка судзілі за акцыю. І працэс вяла ўсё тая ж суддзя суда Савецкага раёна Марына Фёдарава, якая зноў «выпісала» максімальнае пакаранне — 15 сутак арышту.

— На другім судзе ён паспеў сказаць, што 15 дзён яго трымалі ў карцары ў жудасных умовах, суддзя ўсё гэта чула. І толькі нядаўна (другі суд адбыўся 28 кастрычніка, па першай справе быў затрыманы 11 кастрычніка — заўв. TUT.BY) яго перавялі ў звычайную камеру, — кажа дачка Маслоўскага. — Мы лічым, што ўтрыманне ў карцары прывяло да пагаршэння яго здароўя.

Бацька дагэтуль знаходзіцца ў ізалятары, адваката да яго па-ранейшаму не дапускаюць. Цяжка падабраць словы, каб апісаць страх і бездапаможнасць ад таго, што паважаны ў грамадстве чалавек у адзін момант, на думку некаторых дзяржслужачых, можа стаць непажаданым і атрымаць да сябе адпаведнае стаўленне з боку ўлады.

Адар'я Гуштын, TUT.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28