Знайсці
06.11.2020 / 10:42РусŁacБел

«Яна такая маленькая, а ёй рукі круцяць»: у Слоніме асудзілі на «хімію» хлопца, які заступіўся за дзяўчыну з бчб-сцягам

Максіму Кучынскаму 25 гадоў, ён ураджэнец Слоніма і цяпер працягвае жыць у гэтым райцэнтры. Вучыўся ў БДУ на фізіка-праграміста, але не давучыўся. Потым скончыў Мінскі аўтамеханічны каледж па спецыяльнасці «лагіст». На гэты момант працуе кіроўцам, развозіць прадукты.

4 лістапада суддзя Аляксандр Ярмолік вынес прысуд Максіму Кучынскаму па артыкуле 364 КК «Гвалт, альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» — два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы. Гэта так званая «хатняя хімія». Што ж стала прычынай такога рашэння?

Максім Кучынскі з мамай. Фота прадставіў сам Максім

Максім кажа, што вечарам 9 жніўня разам з мамай выйшаў пагуляць на вуліцу. Прыйшлі на цэнтральную плошчу, дзе сталі збірацца людзі, якія патрабавалі справядлівага падліку галасоў. Была, вядома ж, і міліцыя.

«Бачым: ідзе дзяўчына з бел-чырвона-белым сцягам, маленькая такая, як падлетак, а ёй пачынаюць рукі круціць. Мы стаялі ля фантана, і мама рынулася абараняць гэтую дзяўчынку, — і ёй таксама рукі заломваюць. Я крыкнуў, каб маму адпусцілі, яны адпусцілі. Потым я пабег ратаваць тую дзяўчыну, я не адзін быў, нас такіх чалавек 30, можа, было. Але я нават не дабег, адчуў удар па патыліцы і паваліўся. І так атрымалася, што паваліўся на міліцыянера Максіма Герасімчыка», — кажа Кучынскі.

Асуджаны расказвае: калі яго затрымлівалі, то ставілі калена на шыю, а сінякі былі на спіне, руках і нагах. У выніку хлопца спачатку асудзілі па адміністрацыйнай справе на 7 сутак, а калі ён адбываў пакаранне, то завялі яшчэ і крыміналку. «Судмедэксперт абследваў мяне і таго міліцыянера, усё гэта ёсць у заключэннях, што я быў збіты, а на ім не было ніводнай драпіны. Калі б я ляцеў яго біць, то, пэўна, б нанёс удар».

Кажа, што на адміністрацыйным і крымінальным судах паказанні міліцыянераў зусім не сыходзіліся. На адміністрацыйным казалі, што Кучынскі паводзіў сябе вельмі актыўна, лаяўся матам, прыцягваў увагу, а на крымінальным, наадварот, кажуць, што яго да таго інцыдэнту ніхто не бачыў.

На судзе дэманстравалася відэа, знятае на камеру на Слонімскім райвыканкаме, але нешта разабраць там было амаль немагчыма. Камеры, якія былі замацаваныя на саміх міліцыянерах, «чамусьці не працавалі».

«Калі б яны працавалі, то ніякага б суда не было», — перакананы хлопец.

На судзе міліцыянер Герасімчык казаў, што прэтэнзій да Кучынскага не мае. Абвінавачаны віны не прызнаў, з адвакатам дапамаглі праваабаронцы.

«Калі я сядзеў на сутках, то міліцыянеры расказвалі, што дзяўчына тая прыехала з Польшчы, яна там ва ўніверсітэце працуе. Кажуць, яна ж спецыяльна прыехала, каб вас правакаваць. Я спачатку і думаю, ага, правакавала. А потым разважаю, хто каго ўсё ж правакаваў? Ну далі б ёй прайсці спакойна і не затрымлівалі, што б здарылася?»

Максім кажа, што раней быў дастаткова апалітычным чалавекам. «Цяпер я дакладна не за ўладу пасля ўсяго гэтага. Калі я выйшаў з сутак і стаў чытаць, што адбывалася 9-11 жніўня ў Мінску, то не верыў, што ў нашай краіне такое можа быць. У людзей няма ўжо ніякіх правоў», — гаворыць хлопец.

Апроч «хіміі», Кучынскі мусіць сплаціць міліцыянеру тысячу рублёў маральных стратаў. Прысуд абскарджваць ён не збіраецца. Максім прызнаецца, што нават не цікавіўся пытаннем, ці можа быць прызнаны палітвязнем.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930