Знайсці
03.11.2020 / 00:00РусŁacБел

Старшыня прафсаюзаў Вілейкі ў захапленні ад стабільнасці. А яе сына адлічылі з медунівера за ўдзел у пратэстах

На мінулым тыдні ўніверсітэты пачалі адлічаць актыўных студэнтаў. У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, па інфармацыі навучэнцаў, пад раздачу трапіў 21 чалавек.

Адзін з іх — другакурснік педыятрычнага факультэта Ян Шляпо.

Фота з сацсетак

«Праблем з вучобай у мяне не было. Як і ва ўсіх, каго адлічылі, наколькі ведаю. Адлічылі з прычыны «сістэматычнага парушэння правілаў унутранага распарадку», — расказвае хлопец.

Па яго словах, ёсць надзея, што студэнтаў могуць узнавіць ва ўніверсітэце — калі яны выбачацца і перастануць удзельнічаць у пратэстных акцыях.

Адметна, што маці Яна — старшыня Вілейскіх раённых прафсаюзаў Вольга Шляпо. Перад выбарамі яна сустракалася з Наталляй Эйсмант падчас яе візіту ў рэгіён.

Фота з сацсетак

«Які цікавы час перажываем. Столькі адчуваю розных эмоцый ад таго, што адбываецца: абураюся, калі «апазіцыйныя» крытыкі агрэсіўна падкрэсліваюць недахопы нашага жыцця і старанна не заўважаюць яго добрых якасцяў, ствараюць хвалю абурэння ў душах людзей, каб на гэтай хвалі ўехаць ва ўладу і пасля «крыху пераразмеркаваць рэсурсы», — пісала Вольга пра выбары. — Сустрэча з Наталляй Эйсмант для мяне — падзея. Адчула яе харызму, сапраўдны прэс-сакратар — таленавітая, разумная, прыгожая, у кожным слове — сіла жыцця, упэўненасць».

Палітычныя погляды сына маці не падзяляе і цяпер.

«Настойвала на тым, што я сам вінаваты і мне трэба каяцца, але пры гэтым рабіла ўсё магчымае і немагчымае, каб мне дапамагчы, пісала хадайніцтва, — адзначае Ян. — Я спрабаваў пераканаць маму ў поглядах, але наўрад ці гэта ў каго атрымаецца. Самы папулярны яе аргумент — стабільнасць. Маўляў, няма вайны і жывецца няблага».

Ян акцыі пратэсту падтрымаў, бо надакучыла маўчаць.

«Кожны дзень я чытаю навіны аб затрыманнях, збіцці і катаваннях. Я бачу грэбаванне законам з боку ўладаў і наогул несправядлівасць. Таму я пайшоў баставаць», — дзеліцца хлопец.

Як стала вядома «Нашай Ніве», Яна ўсё ж аднавілі ва ўніверсітэце. У панядзелак яго выклікалі ў дэканат і зноў уручылі студэнцкі білет.

Чытайце таксама: Больш за 200 выкладчыкаў Медуніверсітэта пратэстуюць супраць адлічэння студэнтаў, патрабуюць адстаўкі кіраўніцтва

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930