Знайсці
08.12.2020 / 20:22РусŁacБел

Papa Doc Дзювалье, яго сілавікі і што стала з іх краінай

Гаіці — самая бедная краіна Амерык. І гэтая стабільная беднасць — родам з дыктатуры бацькі, а пасля і сына Дзювалье. Піша Андрэй Акушка.

Shutterstock.com, by Natsumi

Гаіці — гэта ўзор таго, што прыгожыя тэорыі часам вядуць да кашмарнай практыкі.

Гаіці — гэта феномен са знакам мінус.

Побач магутныя ЗША, гіганцкі рынак. Побач — краіны Цэнтральнай Амерыкі і Карыбаў, розныя па сваёй праблемнасці і заможнасці, але ўсё ж дэмакратыі. Але на Гаіці ўсё гэта мала паўплывала. Яна адзіная з краін рэгіёна, якая належыць да ліку найбяднейшых у свеце, дзе адсталасць нібы закансервавалася. Астатнія ў тым спісе — краіны Афрыкі і Азіі.

У тэорыі, развіццё краін трэцяга свету тармазіў каланіялізм. Але Гаіці першая на сваім кантыненце каланіяльную залежнасць скінула. Была Гаіцянская рэвалюцыя (1791—1804), іскра для яе прыляцела з метраполіі — ад Французскай рэвалюцыі. І перамагла яна, бо Парыж быў заняты ўнутранымі пытаннямі. Гаіці стала першай краінай, дзе перамаглі рабы, было адменена рабства. Аднак тое вызваленне не зрабіла краіну лідарам.

Многія ў нас вераць у карысць «моцнай рукі» на этапе станаўлення дзяржаўнасці. Не будзем браць ХІХ стагоддзе — тады Гаіці кіравалі нават чорныя «імператары». Возьмем нядаўняе ХХ: бацька і сын Дзювалье кіравалі краінай жорсткімі метадамі 29 гадоў. Гаіці пры іх кіраванні стабільна і ўпэўнена апусцілася на тое самае апошняе месца ў Амерыках, з якога не можа падняцца дагэтуль.

Побач быў кубінскі камуністычны эксперымент. Побач былі нацыяналістычная дэмакратыя Мексікі, ідылічная, без арміі, дэмакратыя Коста-Рыкі, бананавыя — залежныя ад ЗША — рэспублікі і дыктатуры, але менавіта рэжым Дзювалье стаў адзіным у сваім родзе. Чаму ён, такі, на погляд назіральніка, абсурдны і карумпаваны, трымаўся так доўга?

Расавае пытанне

Доктар Франсуа Дзювалье прыйшоў да ўлады на хвалі дэкаланізацыі нумар два. Чорная большасць гаіцян перастала мірыцца з дамінацыяй меншасці — мулатаў.

Мулаты — гэта нашчадкі змяшаных шлюбаў, белых з чорнымі. У выпадку Гаіці — нават не столькі шлюбаў, колькі сувязяў белых мужчын з чорнымі жанчынамі. Менавіта яны, выхадцы з асяроддзяў, дзе кантакты з «белым светам» і яго ўплывамі былі найбольш інтэнсіўнымі, паступова канцэнтравалі багацце і ўладу.

Гаіці мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай — востраў падзелены па моўным прынцыпе. Захад у свой час каланізавалі французы, а ўсход — іспанцы. Shutterstock.com, by Pin Map

Дзювалье прыйшоў у палітыку ў 1946 годзе. Тады Дзюмарсэ Эсцімэ выйграў прэзідэнцкія выбары, эксплуатуючы расавае пытанне. 39-гадовы Дзювалье быў прызначаны міністрам аховы здароўя новага ўрада.

У 1950-м вайскоўцы адхілілі Дзюмарсэ ад улады, новым прэзідэнтам стаў генерал Поль Маглуар. Праціўнікі новай улады сышлі ў падполле, і Франсуа Дзювалье не стаў выключэннем. У 1954-м моцны ўраган разбурыў многія гарады і вёскі, пачаліся праблемы ў эканоміцы, а з імі — масавыя дэманстрацыі. Праз два гады Маглуар збег з краіны, а Дзювалье зрабіў галоўны крок у жыцці — высунуў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта.

Ён і яго паплечнік генерал Кебро здолелі пераканаць усёмагутныя ў тым рэгіёне ў той час ЗША, што іх праціўнікі звязаныя з СССР.

Перад выбарамі ўладу ўзяла хунта на чале з Кебро. Яна арганізавала выбары так, што Франсуа перамог з вялікім адрывам. 

Цяжка сказаць, колькі людзей на самай справе прагаласавалі за новага лідара на тых першых, адносна свабодных выбарах. Тата Док абяцаў выцягнуць людзей з беднасці. Ён запэўніваў, што спыніць тэракты (гэта было няцяжка: многія з іх падстройвалі самі сілавікі). Разам з тым Дзювалье агрэсіўна выказваўся пра камунізм. Усё разам гэта і называлася палітыкай дзювальерызму.

Пераўтварэнне ў «нядобрага доктара»

22 кастрычніка 1957-га Дзювалье стаў прэзідэнтам Гаіці. Яго сябар Клеман Барбо ўзначаліў таемную паліцыю, а Кебро — армію. Першае, што зрабіў новы кіраўнік, — змяніў патэнцыйна нелаяльных чыноўнікаў, асабліва мулатаў. Усе партыі, акрамя адной, забаранілі. Тое самае чакала прафсаюзы і студэнцкія арганізацыі. Палітычныя праціўнікі Таты Дока былі забітыя ці збеглі за мяжу. Ператасавалі і вайскоўцаў, нават Кебро ў сакавіку 1958-га знялі з пасады і адправілі паслом. А пасля вяртання на радзіму ён хутка памёр — магчыма, ад атруты.

Захапіць уладу было лягчэй, чым утрымаць. У красавіку 1958-га апаненты Дзювалье спрабавалі яго ўзарваць. Хутка дзясятка беглых вайскоўцаў высадзілася на востраве і пайшла на сталіцу. Іх удалося разбіць. А прапаганда пасля гэтага ўпершыню загаварыла аб прэзідэнце як пра «бацьку нацыі».

Выступы супраць Дзювалье навялі яго на думку, што патрэбныя новыя сілавыя структуры, якія б дапаўнялі армію і паліцыю і былі абсалютна верныя таму, хто іх стварыў. Так нарадзіліся тантон-макуты.

Афіцыйна яны называліся «Добраахвотная міліцыя нацыянальнай бяспекі».

Тантон-макуты (на заднім фоне) былі гаспадарамі гаіцянскіх вуліц. Histotyannews.co.uk

Набіралі іх з небагатых грамадзян, для якіх служба ў сілавых структурах была вяршыняй магчымасцей. Патрабаванні да адукацыі былі мінімальныя, інтэлектуальныя здольнасці, адпаведна, таксама. Патрабаваліся фізічная сіла і дысцыпліна. Задача была адна — трымаць насельніцтва ў падпарадкаванні, любымі метадамі.

«Быкам», якія ішлі ў тантон-макуты, таксама многага было не трэба: даход трохі большы, чым мелі іх бацькі. І ўлада. Такая прыемная штука, як улада. Калі цябе баяцца, калі ты — моцны чалавек.

Краіна бедная, таму дружыннікам спачатку не выдавалі нават формы. Але людзі на месцы лёгка іх пазнавалі: каўбойкі, чорныя акуляры, джынсавыя курткі, мачэтэ, зброя.

Калі неўзабаве ў краіне сталі знікаць людзі, праціўнікі Дзювалье, да «дружыннікаў» прыляпілася — можа быць, яны нават самі так сталі называць сябе — назва «тантон-макуты».

Згодна з мясцовымі паданнямі, тантон-макут, «дзядзька з мяшком», — страшная істота, якая ходзіць па дамах і забірае непаслухмяных дзяцей. Кідае іх у мех, заносіць да сябе, а пасля з’ядае іх на сняданак. Менавіта такая роля — страху для кожнага — была адведзеная тантон-макутам.

Дзювалье мала зважаў на тое, што прынята ці не прынята ў заходнім, «цывілізаваным» свеце. Ён дзейнічаў метадамі, зразумелымі ў сваім грамадстве. А грамадства гэтае, малапісьменнае, забітае, разумела сілу. Сілу ён ужываць не саромеўся. А яшчэ дыктатар навучыўся апраўдваць сілу з дапамогай вераванняў, незразумелых еўрапейцам, але невыкараняльных на востраве. Гэта было вуду — вераванні, якія былі прынесеныя рабамі яшчэ з Афрыкі і перажылі мудрагелістыя трансфармацыі пад уплывам каталіцызму і назірання за белымі панамі.

Дзювалье ствараў сабе рэпутацыю чалавека выключнай сілы, выключных здольнасцей — нават звышнатуральных. Для еўрапейцаў гэта было смешна: якія там здольнасці, які там святар вуду — банальны ж дыктатар, але на Гаіці — спрацоўвала.

Тантон-макуты атрымалі фактычную недатыкальнасць. Іншыя структуры ўлады не мелі права іх чапаць. Гэта былі «людзі прэзідэнта». І толькі ён і непасрэдныя камандзіры мелі права караць іх ці звальняць. І ўсё, больш нічога не трэба — астатняе яны дабіралі сабе самі. Даілі мясцовых рамеснікаў, абкладалі паборамі сем’і «бунтаўнікоў». А з часам, з выслугай гадоў, сядалі на даходныя пасады ў дзяржапараце ці няхітрым гаіцянскім бізнэсе.

Спробы паскардзіцца на «дружыннікаў» у суд канчаліся кепска. Можна ж і знікнуць назаўсёды: інтэрнэту тады не было, хто што даведаецца за краем твайго гарадка.

Эфектыўнасць тантон-макутаў была такая, што Дзювалье змог цяпер без рызыкі для сябе арыштаваць нават кіраўніка ўласнай спецслужбы і сябра Барбо. Гэта здарылася ўжо ў 1959-м.

У дыктатараў сяброў не бывае. Прынамсі сяброў, роўных сабе.

Росквіт дзювальерызму

Летам 1959-га дыктатуру чакала чарговае выпрабаванне — спроба рэвалюцыі. Зімой рэвалюцыя перамагла на Кубе, а гэта ж суседні востраў. Дзювалье зноў перамог — не без дапамогі замежных інструктараў. Ад ЗША Дзювалье штогод атрымліваў да 12,5 мільёна долараў (больш за 100 мільёнаў па сучасных цэнах), каб не дапусціць камуністаў да ўлады. Падтрымка зменшылася пасля ўезду ў Белы дом Джона Кенэдзі, але аднавілася пры яго наступніку Ліндане Джонсане.

Тата і мама Докі. 1957 год. Histotyannews.co.uk

Далей — болей. 

У чэрвені 1964-га прайшоў рэферэндум аб прызнанні Дзювалье пажыццёвым прэзідэнтам. На бюлетэнях быў толькі адзін варыянт: «Згодны». Нязгодныя самі павінны былі напісаць «Супраць». За ходам рэферэндуму сачылі назіральнікі — тантон-макуты. У выніку 2,8 мільёна аказаліся «згодныя» і толькі 3 тысячы выказаліся супраць.

Далей Дзювалье звярнуў увагу на рэлігію: у 1966-м ён запатрабаваў сабе права прызначаць каталіцкіх біскупаў. Ватыкан атрымаў ультыматум — калі ён надалей жадае прасоўваць тут каталіцызм, то трэба мяняць малітвы і падпарадкавацца дыктатару. І Святы Пасад саступіў. Хутка ў малітвах на Гаіці загучала новая версія «Ойча наш», дзе ў дадатак да Пана Бога з’явіўся Тата Док. А ў храмах вуду партрэты Дзювалье віселі на алтарах. 

Дыктатура зарабляла нават на крыві — у прамым сэнсе слова. Грамадзян прымушалі здаваць кроў, якую куплялі ЗША. 

Пры гэтым большасць насельніцтва выжывала ў неверагоднай беднасці.

Дэмантаж дыктатуры

Дыябет скасіў «сімвал Гаіці» адносна маладым. У 1971-м Франсуа Дзювалье было ўсяго 64 гады.

На рэферэндуме 100% грамадзян падтрымалі перадачу ўлады Дзювалье-малодшаму. Так 19-гадовы Жан-Клод стаў самым маладым прэзідэнтам у гісторыі.

Новы кіраўнік Гаіці правёў касметычныя рэформы, амніставаў палітвязняў і дазволіў крытыкаваць сябе ў СМІ. Вось толькі падзелу ўладаў не з’явілася, а тантон-макуты нікуды не дзеліся. Сам Жан-Клод не вельмі давяраў «зомбі» свайго таты, таму стварыў асабістую арганізацыю — «леапардаў». Іх было меней, чым тантон-макутаў, аднак «леапарды» былі добра падрыхтаванымі прафесіяналамі.

У 1985-м Жан-Клод правёў чарговы рэферэндум — аб пашырэнні сваіх паўнамоцтваў. «За» налічылі 99,98%. Але прайшла літаральна пара месяцаў, і на вуліцы выйшлі студэнты — іх разагналі, некалькі чалавек загінулі. Толькі выступленні працягвалі пашырацца, а ў студзені 1986-га ў сталіцы прайшла настолькі вялікая дэманстрацыя супраць Бэбі Дока (так у народзе звалі маладога Дзювалье), што Вашынгтон зразумеў: пара мяняць.

Так Дзювалье схілілі да ад’езду за мяжу тыя, хто яго доўгія гады цярпеў і падтрымліваў, — амерыканцы. Амерыка сама выкарыстоўвала аргумент дэмакратыі і правоў чалавека ў змаганні з Савецкім Саюзам, і гэты рэжым пад бокам яе дыскрэдытаваў. Часы змяніліся, сям’я Дзювалье — не.

Жан-Клод Дзювалье з жонкай Мішэль едуць у аэрапорт, каб пакінуць Гаіці. 1986 год. Wikimedia Commons

Сілай, якая падтрымала дэманстрантаў, на Гаіці стала армія — як і ў Румыніі трыма гадамі пазней. У гэтым пастка дыктатараў: без арміі трымацца немагчыма, бо замежныя пагрозы такі існуюць, адна паліцыя няздольная абараніць краіну. А армія, якая ні ёсць, а ўмее страляць.

Амерыканцы настойліва парэкамендавалі сям’і Дзювалье пакінуць краіну. Армія такую параду падтрымала. Бэбі Док паўпіраўся яшчэ тыдні з два, але такі адолеў дарогу ў аэрапорт імя свайго бацькі.

Дзювалье ўцяклі, але тантон-макуты засталіся.

А іх ненавідзелі настолькі, што падчас рэвалюцыі многіх з іх проста забілі на месцы. Іншыя збеглі з краіны. А большасць была вымушаная прыстасоўвацца да новай улады, у якой запраўляла ўжо армія. Напрыклад, новая партыя «Фронт за развіццё і прагрэс Гаіці» амаль цалкам складаўся з былых тантон-макутаў. Гэтая паўбандыцкая арганізацыя яшчэ падтрымала ваенную хунту, што кіравала краінай з 1991 па 1994 год. Пасля звяржэння хунты «Фронт» быў ужо заканадаўча ліквідаваны.

Андрэй Акушка

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера