Знайсці
03.10.2020 / 10:233РусŁacБел

Гісторык Аляксей Аўласовіч расказаў, што знайшлі падчас раскопак на гарадзішчы пад Магілёвам

Кандыдат гістарычных навук Аляксей Аўласовіч пра пошукі першых на Магілёўшчыне славян, летапісныя падзеі і самасвядомасць беларусаў.

Кабінет навукова-даследчай лабараторыі археалогіі МДУ імя А. Куляшова цалкам завалены сёлетнімі знаходкамі. Карыснага матэрыялу магілёўскія археолагі накапалі ажно 70 кілаграмаў. На сталах па кучках раскладзены дробныя керамічныя чарапкі, сярод якіх тутэйшыя эксперты невядомым чынам вызначаюць донцы, канву і нават малюнак гаршкоў жалезнага веку.

Аляксей Аўласовіч: вось такія ўпрыгажэнні жанчыны насілі ў жалезным веку

Тут нараджаюцца адкрыцці

Гляджу, як гараць вочы выкладчыка і яго студэнтаў, і разумею, што адкрыцці ёсць. Першай справай Аляксей Аўласовіч вядзе да стала, дзе ляжаць самыя каштоўныя рэчы, знойдзеныя на месцы сёлетніх раскопак — гарадзішчы Агееўка у Магілёўскім раёне.

— Гэта месца, дзе людзі жылі з трэцяга стагоддзя да нашай эры да другога — нашай. Наогул мы шукалі там прадметы жалезнага веку, але раптоўна натрапілі на пахаванні XVІІ стагоддзя, — расказвае гісторык. — З ІІ да XVІІ стагоддзя гарадзішча пуставала, і вось праз 15 стагоддзяў нашы продкі пачалі капаць там магілы. Мы ўвесь час знаходзілі то чалавечыя косткі, то кераміку. І так па ўсім гарадзішчы. Ад трун нічога, акрамя цвікоў, не засталося. Пры адным немаўляці аказаўся крыжык, а яшчэ ў адным пахаванні знайшлі зашпількі ад адзення. З каштоўных знаходак перыяду жалезнага веку нам трапілася бронзавае жаночае ўпрыгажэнне і прасліца.

У археалагічных раскопках заўсёды задзейнічаны студэнты-першакурснікі, але сёлета было шмат валанцёраў з іншых курсаў. Будучыя настаўнікі гісторыі трэцякурснікі Павел Васілёнак і Дар'я Логвінава ў раскопках удзельнічаюць не ўпершыню.

Паўлу і Дар'і цікава зазірнуць у мінулае, на некалькі стагоддзяў таму

— Цікава акунуцца ў гэтае жыццё, пажыць у палявых умовах, — кажа Павел. — Хочацца разабрацца, як усё было там, у мінулым.

— Вось прыйшлі сюды яшчэ раз паглядзець на нашы знаходкі, — дадае Дар'я. — Насамрэч іх вельмі цікава перабіраць. Паступова пачынаеш адрозніваць, дзе тут донца, дзе сценка, а дзе венчык гаршчочка. Гэта цудоўна.

— Цяпер нам да самай вясны работы хопіць, — усміхаецца Аляксей Аўласовіч. — Менавіта тут і нараджаюцца археалагічныя адкрыцці. Некаторыя моманты пры раскопках могуць быць незразумелыя. А калі ты акуратна расклаў матэрыял, кожны чарапок перагледжаны, пачышчаны, тады шмат што становіцца зразумелым. Усё гэта спатрэбіцца нам для заняткаў і навуковых даследаванняў.

Шукалі славян, а знайшлі этнічнае насельніцтва

Па Агееўцы ніякіх пісьмовых крыніц не захавалася, таму тут усе спадзяванні на археолагаў. І яны шмат пра што ўжо даведаліся. Старажытныя людзі жылі ў рубленых дамах з двухсхільным дахам, заглыбленых у сярэднім на метр у зямлю. Пасярод жытла знаходзіўся ачаг з камянёў. Вядома, што насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, таксама вырошчвала для сваіх патрэб буйную рагатую жывёлу.

Галоўным спадзяваннем сёлетняй экспедыцыі было не проста даследаваць гарадзішча жалезнага веку, але і знайсці сляды славян. Напрыклад, сустракаюцца прыкметы іх прысутнасці ў V стагоддзі ў самім Магілёве. Гэта тая ж Пелагееўка (Змееўка) каля ракі Дубравенкі ў цэнтры горада. Найбольш яскравае адрозненне славян — гэта кераміка. У іх былі свае традыцыі лепкі і прафілёўкі гаршкоў — выцягнутых, што нагадваюць бутон цюльпана з крыху адагнутым наверх венчыкам.

— На жаль, славян у Агееўцы мы так і не знайшлі, там жыло этнічнае насельніцтва, якое складана нават прывязаць да якога-небудзь этнасу. Тое ўпрыгажэнне з бронзавага дроту, якое мы знайшлі, магло быць этнічнай прыкметай, а магло быць завезенае. Гэтыя людзі карысталіся гаршкамі з шурпатай, грубай паверхняю з крыху адагнутым венчыкам. На краі яго магла быць зарубка пазногцем як дэкор. Гэта прыкметы зарубінецкай культуры — трэцяе стагоддзе да нашай эры, другое — нашай. Наш матэрыял пацвердзіў ужо існуючую традыцыю і абверг тэорыю, што тут панавала больш паўночная археалагічная культура штрыхаванай керамікі. Мы пераканаліся, што ў Магілёўскай вобласці большы ўплыў быў не штрыхавікоў, а зарубінецкай культуры. Апошняя потым распалася і яе рэшткі сталі адным з элементаў у фарміраванні славянскага этнасу. Хацелася б знайсці гарадзішча, каб зразумець, на аснове якіх плямёнаў склаліся славяне. Пакуль тут дыскусійнае пытанне. Тэарэтычна гэта была кіеўская археалагічная культура, якая часткова перажыла прыход гунаў, і нейкія астаткі зарубінецкай.

Гэтым разам археолагі больш даведаліся пра абарончыя валы. У Агееўцы іх аказалася тры.

— Мы прарэзалі вал і ўбачылі, што яго пяць разоў падсыпалі, — расказвае гісторык. — Былі ўсталяваны бярвенні, якія яго падтрымлівалі. А яшчэ натрапілі на каменную брукаванку. Уяўляеце, жалезны век, і такая цывілізацыя. Яе, на жаль, моцна парэзалі магілы.

Найбольш каштоўныя знаходкі з гарадзішча

Знайсці поле бітвы радзімічаў з войскам князя Уладзіміра

Сярод археалагічных помнікаў, якія даследавалі за апошнія некалькі гадоў магілёўскія археолагі, курганныя могільнікі ў Бялыніцкім раёне, у тым ліку Галоўчанскі замак, які быў разбураны падчас Паўночнай вайны. Пры раскопках у Слаўгарадскім раёне археолагі натрапілі на пахаванні дружыннікаў Х стагоддзя з племя радзімічаў, якія супрацьстаялі князю Уладзіміру Краснае Сонейка.

— Вядома летапісная падзея, калі гэта адбылося — 984 год, — кажа Аляксей Аўласовіч. — Ёсць розныя пункты гледжання наконт таго, дзе адбылася бітва. Адны лічаць, што на Гомельшчыне, іншыя, што на Браншчыне, а мы лічым, што на Магілёўшчыне. Гэта была асноўная версія, і цяпер яна пацвердзілася. Знойдзеныя пахаванні даказваюць, што менавіта на рацэ Пясчанцы ў Слаўгарадскім раёне княжацкае войска атрымала перамогу над радзімічамі. Засталося знайсці канкрэтнае поле бітвы. Але мы ўжо вельмі блізка падышлі да яго.

Вельмі перспектыўны Бабруйскі раён, дзе было зроблена шмат сенсацыйных знаходак. Адзін шлем Х стагоддзя чаго каштуе.

— Летась Бабруйск стаў археалагічнай сталіцай Беларусі, таму што столькі прадметаў узбраення, колькі там знойдзена за адзін год, не было знойдзена за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі сумарна. Сякеры, меч канца Х — пачатку ХІ стагоддзя — гэта час Уладзіміра Краснае Сонейка і яго сыноў, — кажа Аляксей Аўласовіч. — Цікава адкуль там гэтыя прадметы, якія працэсы там адбываліся. Магчыма, там была летапісная бітва, а можа, горад, пра які мы не ведаем. Столькі прадметаў высакастатуснага ўзбраення проста так не бывае.

Адкуль узяліся беларусы

Апошнім часам вельмі часта ўзнікаюць спрэчкі наконт паходжання беларусаў і нашай краіны. Часцей за ўсё гісторыкі і палітолагі спасылаюцца на летапісныя крыніцы. Але археалогія — рэч неаспрэчная.

— Беларусы як народ сфарміраваліся ў XVІ стагоддзі, — кажа Аляксей Аўласовіч.— Тыя помнікі, якія мы даследуем, датычацца або старажытнарускай народнасці або пачатку славянскага этнасу. Пра беларусаў тут казаць дастаткова складана. Але не маюць рацыі тыя, хто сцвярджаюць, што ў Х стагоддзі Беларусі не было. Так, не было, але існавалі дзяржаўныя ўтварэнні, сацыяльныя структуры, якія з'яўляліся першымі дзяржавамі, якія далі пачатак узнікненню нашай дзяржаўнасці. Мы гэта цяпер вывучаем. Далёка не ўсё захоўваецца ў пісьмовых крыніцах, да таго ж яны рэч суб'ектыўная. Па іх мы можам зразумець, у якіх адносінах знаходзіліся княства, якія былі палітычныя абставіны. А вось археалагічныя матэрыялы непрадузятыя. Раскапалі і ўбачылі, напрыклад, што тут у V стагоддзі жылі славяне і ніякіх германцаў не было. На тэрыторыі Магілёўскай вобласці наогул няма балцкіх матэрыялаў. У Віцебскай і Мінскай ёсць, там славяне ўварваліся на балцкую тэрыторыю і асімілявалі яе. А ў нас балтаў не было. Ёсць археалагічны матэрыял, які гэта пацвярджае. Археалогія заглядвае туды, дзе не хапае пісьмовых крыніц ды аб'ектыўнага матэрыялу.

Нэлi Зігуля, «Звязда»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930