Знайсці
28.09.2020 / 08:181РусŁacБел

Маладыя з Мінска вырашылі адсвяткаваць вяселле на нядзельным маршы

Антось і Настасся (прозвішча пара папрасіла не называць у мэтах бяспекі) узялі шлюб і адсвяткавалі вяселле на нядзельным маршы 27 верасня.

Фота Кацярыны Карпіцкай

Маладыя разам больш за пяць год. Ажаніцца вырашылі менавіта ў 2020 годзе.

— Нам раней быць распісанымі неяк не было патрэбы, але цяпер такі час — без паперкі мы адно аднаму ніхто, перадачкі нават не перадасі. Так што мы вырашылі аформіць адносіны афіцыйна, каб мець магчымасць адно аднаму дапамагаць.

Пазнаёмілі будучую пару знаёмыя. Антось, як і Настасся, любіць вандраваць. І, пабываўшы ў Фінляндыі, па просьбе дзяўчыны падзяліўся з ёй досведам: як туды прасцей дабрацца з Беларусі, якія падводныя камяні. Хутка яны пачалі вандраваць разам. На дадзены момант у топе любімых краін на дваіх — Партугалія. На жаль, каранавірус пакуль паставіў супольнае хобі на паўзу.

— Прапановы як такой не было. Мы разам абмеркавалі апошнія падзеі ў краіне і досыць будзённа адшукалі ЗАГС, дзе можна як мага хутчэй распісацца. Гэта было падобна да запісу да доктара з разуменнем, што тая адна базавая велічыня, якую мы аддаём за роспіс, цалкам сябе акупіць у выпадку чаго, — працягвае расказваць Антось.

У ЗАГС маладыя адправіліся ў звычайным адзенні ў пятніцу. Пасля схадзілі ў рэстаран. А вось ужо на маршы вырашылі адзначыць вяселле разам з тысячамі беларусаў: надзелі фату і чорна-белыя касцюмы.

— Да нядзелі ніхто, акрамя бацькоў, не ведаў, што мы ўзялі шлюб. Бацькі, дарэчы, успрынялі адсутнасць традыцыйнага святкавання нармальна. Для сяброў наша з’яўленне на маршы ў вобразе мужа і жонкі стала сапраўдным перформансам-навіной. Цяпер віншуюць у інстаграме. А яшчэ прыдумалі для нас лозунг-крычалку ў стылі «Сабачку!»: «Свадьбачку!» — смяецца суразмоўца.

Акрамя сяброў, 27 верасня пару віншавалі дзясяткі незнаёмцаў. Шмат людзей падыходзілі да іх, каб сфатаграфаваць для сябе і сказаць «Горка!», шчыра радаваліся іх новаму статусу.

Дарэчы, ідэя адправіцца на марш у такіх вобразах належыць менавіта Антосю. Ëн працуе ў сферы абслугоўвання і прызнаецца, што вельмі любіць, калі на шэсцях з’яўляюцца карнавальныя элементы.

— Мне падаецца, цяпер усім нам не хапае весялосці, — кажа хлопец. — Хочацца, каб людзі хаця б крыху пасміхаліся. Хочацца культываваць радасць, а не страх.

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031