Знайсці
21.09.2020 / 18:437РусŁacБел

«Ён заўсёды быў шэрым, флюгерным»: што кажуць пра новага рэктара Акадэміі кіравання Даніловіча

Аляксандр Лукашэнка 21 верасня прызначыў новага рэктара Акадэміі кіравання. Ім стаў 46-гадовы Вячаслаў Даніловіч, які да гэтага ўзначальваў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.

Даніловіч нарадзіўся ў Полацку. Вучыўся ў БДПУ імя Максіма Танка. Там жа, пасля нядоўгага досведу працы ў школе Наваполацка, пачаў кар’еру гісторыка. Кандыдацкую дысертацыю Даніловіч абараніў па тэме «Дзейнасць арганізацыі «Змаганне» ў Заходняй Беларусі (1927—1930)».

Вячаслаў Даніловіч. Фота sb.by.

У 2011 годзе Вячаслаў Даніловіч стаў дырэктарам Інстытута гісторыі. Гэта стала магчыма праз тое, што былы кіраўнік Аляксандр Каваленя пайшоў на павышэнне. Даніловіча прызначылі, нягледзячы на ягоны не самы сталы ўзрост. У 2016 годзе атрымаў з рук Лукашэнкі медаль Францішка Скарыны.

Даніловіч часта выступаў на дзяржаўным тэлебачанні ў розных ток-шоу і як эксперт па гістарычных пытаннях. Звычайна ён стараўся займаць пазіцыю дзесьці пасярэдзіне, але пасля прэзідэнцкай кампаніі —2020 наспеў час займаць канкрэтную пазіцыю. І гісторык зрабіў выбар.

«Варта задумацца, да чаго вядзём з гэтым сцягам. Па сутнасці, калі мы станем на пазіцыі беларускіх нацыянальных калабарацыяністаў, то… яны хацелі стварыць нейкую беларускую дзяржаву, але стварыць пад нямецкім пратэктаратам. Размова нават не ішла, каб стварыць незалежную дзяржаву. Гэта значыць, апрыёры гаворыцца пра тое, што трэба рухацца пад гэтым сцягам да нейкага пратэктарату са знешняга боку», — сказаў Даніловіч у эфіры «Беларусь-1».

Гэта выклікала абурэнне ў цэлага шэрагу гісторыкаў. Сярод падпісантаў быў кандыдат гістарычных навук Аляксандр Пашкевіч. Сваё меркаванне адносна Даніловіча ён выказаў у каментары для «НН».

«Вячаслаў Даніловіч — гэта ў найчысцейшым выглядзе крэатура Аляксандра Кавалені. Ён з'явіўся ў Інстытуце гісторыі неўзабаве пасля таго, як туды быў прызначаны дырэктарам Каваленя. Распачаўшы чыстку Інстытута, новы дырэктар стаў запаўняць іншыя кіраўнічыя пасады выхадцамі са свайго ранейшага месца працы, з БДПУ. Цікава, што Даніловіч быў і застаецца толькі кандыдатам навук, доктарам не стаў дагэтуль, нават пры ўсіх магчымасцях, якія дае такая высокая адміністратыўная пасада.

Мая асабістая думка пра Даніловіча — што гэта асоба абсалютна бясколерная і бесхарактарная, цалкам залежная ад Кавалені. Упэўнены, што менавіта таму ён і быў апошнім на гэтую пасаду прасунуты, каб самому працягваць фактычна кіраваць Інстытутам у якасці шэрага кардынала і пасля перамяшчэння вышэй. І наколькі я магу меркаваць, так яно ўсё рэальна і было. Сам жа Даніловіч у сваіх публічных выступленнях быў заўсёды вельмі шэрым, флюгерным. Казаў тое, што ад яго хацелі пачуць замоўцы, і пазіцыя вагалася разам з «лініяй партыі». Прытым сам стыль выказванняў заўсёды бетонна-афіцыйны, у ім нічога жывога.

Нядаўняе скандальнае выказванне пра бел-чырвона-белы сцяг — класічнае з такога шэрагу. Была пастаўлена задача падаць сцяг як нацысцкую сімволіку — Даніловіч паслухмяна яе выканаў, паставілі б задачу падаць больш аб'ектыўна і памяркоўна — таксама без праблем. Найхарактэрнейшы тып «чего ізволіте». Гэта не ідэйная непрыхільнасць да нацыянальных сімвалаў, а менавіта кан'юнктурнасць. Даводзілася чуць, што ў маладосці і да пачатку чыноўніцкай кар'еры стаўленне да ўсяго гэтага ў Вячаслава Віктаравіча было іншае.

Карацей, Даніловіч як адміністратар — чысты выканаўца без усялякай уласнай ініцыятывы і, бадай, без уласнай думкі. Прынамсі, без смеласці яе выказаць. Можна быць упэўненым, што і на новай пасадзе ён будзе абсалютна паслухмяна выконваць усе інструкцыі зверху — таму відавочна і прызначаны. Час такі, што запатрабаваныя менавіта маўклівыя і паслухмяныя шрубкі сістэмы. Нейкага развіцця ВНУ пры ім чакаць, вядома, не даводзіцца. Але цяпер гэта нікога не хвалюе, перадусім цэніцца вернасць і бесхрыбетнасць», — лічыць Аляксандр Пашкевіч.

Анатоль Сідарэвіч займаецца тым самым перыядам гісторыі, што і Даніловіч, час між дзвюх сусветных войнаў. «Даніловіч — несур’ёзны гісторык, — перакананы Сідарэвіч. — Адзіная ягоная больш-менш важкая праца — пра арганізацыю «Змаганне» ў Заходняй Беларусі. Калі сачыць за ягонымі публікацыямі ў перыядычным друку, то, мяркую, ён хоча абараніць доктарскую на тэму камсамолу. Можна ўявіць, што там будзе, сыходзячы з патрэб часу.

Гэта страшная дэградацыя, што акадэмічнымі інстытутамі кіруюць кандыдаты навук — такі стан быў толькі пасля вайны. Няўжо ў нас няма вартых дактароў навук?

Дурная рэпліка Даніловіча пра «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг — гэта ніжэй за плінтус для яго як гісторыка. Не можа быць, каб ён не ведаў, што нацыянальны сцяг выкарыстоўваўся ў Нарвегіі падчас кіравання Квіслінга ці ў Францыі падчас марыянетачнага рэжыму Вішы.

У савецкія часы быў такі анекдот, што дырэктар школы — гэта заггасп з вышэйшай адукацыяй. Тое самае можна сказаць і пра рэктара ВНУ. Думаю, ён там хутчэй будзе займацца адміністрацыйнымі справамі, чым навучальным працэсам», — мяркуе спадар Сідарэвіч.

Папярэднім рэктарам Акадэміі кіравання быў Генадзь Пальчык, фізік, які перад гэтым быў дырэктарам Ліцэя БДУ, а таксама ўзначальваў Вышэйшую атэстацыйную камісію.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930