Знайсці
21.09.2020 / 16:0913РусŁacБел

«За сістэматычнае парушэнне дысцыпліны». Звальняюць выкладчыцу, якая стварыла чат «БДУ 97%»

Святлана Волчак працавала на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ з 2014 года. Але сёлета яе звальняюць. Святлана лічыць, што гэта звязана з яе палітычнай актыўнасцю, адміністрацыя універсітэта абвяргае.

«Сітуацыя такая, што ходзяць чуткі пра маё звальненне. Я ведаю, што мае калегі не маюць прэтэнзій да працы і паведамілі пра гэта адміністрацыі. Калегі пісалі хадайніцтва, якое падпісалі і загадчык кафедры, і дэкан — што я каштоўны супрацоўнік. Але кіраўніцтва сказала, што рашэнне ўжо прынятае, — распавяла «Нашай Ніве» Святлана Волчак. — На мой погляд, гэта звязана з тым, што я стварыла чат «БДУ 97%», збірала подпісы пад петыцыяй, насіла яе ў рэктарат, удзельнічала ў стварэнні страйкавага камітэту».

Святлану разам з мужам затрымлівалі ў Янаве, дзе яны былі на адпачынку. Нагодай стаў рэпост паведамлення аб пратэстным маршы. Гэта прызналі заклікам да незаконнага масавага мерапрыемства, міліцыя прыйшла ў дом, які здымала сямейная пара. І Святлана, і яе муж атрымалі па 15 сутак, сядзелі да 12 верасня.

«Пасля выхаду я прасіла калегу, каб мяне падмянілі ў панядзелак — нармальная практыка сярод выкладчыкаў. Пасля адміністрацыя БДУ папрасіла ў мяне тлумачэнні наконт двух тыдняў і таго панядзелка. Наконт двух тыдняў не было пытанняў, але замена ў панядзелак ім вельмі не спадабалася. У пятніцу я даведалася, што быў сход прафкамаў розных факультэтаў, ім зачыталі загад рэктара аб маім звальненні. Прафкамы вырашылі, што мая тлумачальная запіска не з’яўляецца апраўданнем, то-бок мяне варта звольніць, — кажа Святлана.

— Ходзяць чуткі, што мяне, хутчэй за ўсё, будуць звальняць па артыкуле, калі не звольнюся сама. Але сама пісаць заяву я не хачу прынцыпова.

Цяпер я хачу, каб рэктар праясніў сітуацыю, паказаў загад аб звальненні. Бо мяне пакуль нікуды не выклікалі, дакладна я нічога не ведаю».

У БДУ пацвердзілі — Святлану Волчак звальняюць. Заяву агучылі ў прэс-службе БДУ:

«Ва ўніверсітэце да ўсіх работнікаў аднолькавае стаўленне, якое рэгулюецца Працоўным кодэксам і калектыўнымі дамовамі. Па палітычных матывах нікога не звальняюць. Прычынай звальнення можа стаць сістэматычнае парушэнне працоўнай дысцыпліны.

У дачыненні Волчак Святланы завяршаецца працэдура скасавання працоўнай дамовы за парушэнне працоўнай дысцыпліны і неправядзенне заняткаў ужо пасля яе адміністратыўнага арышту. Просім усіх не накаляць сітуацыю і не шукаць сэнсы, якіх у гэтай сітуацыі няма».

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930