Знайсці
14.09.2020 / 12:071РусŁacБел

Актуальная прэм'ера: гомельскі «Дзядзька Ваня» гаворыць пра жаданне і боязь перамен

Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр зноў здзівіў. Смеласцю, адвагай, амбітнасцю. І — мастацкім вынікам. Піша Вячаслаў Ракіцкі. 

Сёлетнім драматычным летам, калі тэатры, як і іх патэнцыйныя гледачы, вымушаныя былі пайсці на самаізаляцыю, каранцін, вельмі мабільны і скіраваны на творчасць невялікі калектыў Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра пад кіраўніцтвам іх адважнай дырэктаркі рызыкнуў не зачыніцца, не ізалявацца, не імітаваць працэс анлайн-чыткамі, а кінуцца ў рэалізацыю надзвычай амбітнага праекту — пастаноўкі вялікай п’есы сусветнага рэпертуару, «Дзядзькі Вані» Антона Чэхава.

Фота Марыі Амелінай, прадастаўлена для друку Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатрам. 

Пасля шэрагу яскравых, эфектных і псіхалагічна пераканаўчых пастановак сучасных п’ес, пераважна заходніх аўтараў, якія выклікалі павышаную цікавасць і спецыялістаў, і тэатральных гурманаў, гамельчукі вырашылі даказаць, што яны гатовыя і да класікі, што ім ёсць што сказаць пра праблемы вечныя і што яны гэтыя праблемы вечныя могуць актуалізаваць і для нашага жыцця-быцця. Так, у паўзе паміж эпідэміяй і прэзідэнцкімі выбарамі, пра наступствы якіх тады і не думалі, яны паспелі, змаглі паставіць цікавы і вельмі сучасны, дасканалы паводле формы, а з гледзішча ідэі і вельмі востры спектакль, які мусіць стаць цэнтральнай падзеяй новага тэатральнага сезона ў Беларусі. Гэтым спектаклем тэатр зачыніў сезон 7 жніўня, а сёння, 11 верасня, распачаў сезон новы.

Натуральна, што дзеля свайго новага мастацкага і, паўтаруся, вельмі амбітнага кроку яны запрасілі з Мінска рэжысёра (цяпер ужо былога) Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Віталя Краўчанку. Менавіта ў супрацы з гэтым рэжысёрам цягам апошніх трох гадоў тэатр набыў новае дыханне. Пастаўленыя ім спектаклі «Метад» Жордзі Гальсэрана, «Каралева прыгажосці» Марціна Макдонаха, «Пачвара» Марыуса фон Маенбурга заваёўваюць шматлікія прызы на міжнародных фестывалях, гастралююць па Беларусі і за мяжой. «Метад» і ўвогуле ўзбударажыў тэатральную грамадскасць Беларусі і быў уганараваны Нацыянальнай тэатральнай прэміяй.

Віталь Краўчанка прапанаваў тэатру «Дзядзьку Ваню», бадай, самую складаную для пастаноўкі драму Чэхава, якая за выключэннем некалькіх даўніх пастановак і, як сведчаць даследчыкі тэатра, не вельмі ўдалых, не мае сцэнічнай гісторыі ў Беларусі. Асабіста я «Дзядзьку Ваню» бачыў толькі на замежных сцэнах, і застаўся ў маёй памяці хіба што літоўскі спектакль Эймунтаса Някрошуса, зрэшты, у свой час паказаны і ў Мінску.

Складанасць для пераносу на сцэну літаратурнай асновы заключаецца ў шматслоўнасці тэксту, вялікіх маналогах герояў, у напружаных псіхалагічных дачыненнях паміж перасанажамі, да таго ж, загнаных у падтэкст.

Фота Марыі Амелінай, прадастаўлена для друку Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатрам.

Пастаноўшчык сутыкнуўся і з няпростай праблемай выбару на ролі акцёраў. Трупа вельмі маленькая, у разы меншая за купалаўскую. Ядро выканаўцаў склалі тыя, з кім стала працуе ў гэтым тэатры Віталь Краўчанка, — Валерыя Лагута (Алена), Галіна Анчышкіна (Марыя Васільеўна Вайніцкая), Сяргей Арцёменка (Міхаіл Астраў), Яраслаў Кубліцкі (Ілля Цялегін). Да іх далучыліся дасведчаны Сяргей Чугай (Аляксандр Серабракоў) і Ірына Чарняўская (Соня). На яшчэ дзве ролі давялося запрашаць акцёраў іншых гомельскіх тэатраў. Івана Вайніцкага, гэта значыць дзядзьку Ваню, сыграў Яўген Хромаў з лялечнага тэатра, а Марыну, няньку, — артыстка абласнога драматычнага тэатра Наталля Задорына. І, як гэта ні дзіўна, склаўся добры ансамбль. А гэта для любога спектакля паводле Чэхава — абавязковая ўмова і палова поспеху, бо без арганічнага наладжвання жыцця на сцэне немагчыма расказаць уцямна і псіхалагічна дакладна гісторыю.

Віталь Краўчанка вырашыў спектакль у жанры, як пазначана на афішы, «трагікамічных сцэн з вясковага жыцця». Падзеі спектакля развіваюцца як бы ў міжчассі, паміж эпохай Чэхава і нашым днём, але галоўны пасыл, паведамленне тэатра скіраваныя ў наш дзень, у нашу сённяшнюю ментальнасць і наш сённяшні, скалечаны сучаснымі рэаліямі і абцяжараны недалёкай гісторыяй, траўматычны светагляд.

Прырода пачуццяў герояў іранічная. Яна ідзе ад разумення якасці смеху ў камедыях Чэхава: героі існуюць на сцэне як бы ў камічным, іранічным бачанні іх і іхных учынкаў іншымі персанажамі. І хоць «Дзядзька Ваня» аўтарам не пазначаецца як камедыя, адрозна ад іншых яго п’ес, рэжысёр гомельскага спектакля пераасэнсоўвае жанр як сінтэз камічнага і трагічнага, і, як мне падаецца, гэта вельмі пасуе да чэхаўскага разважання пра сутнасць чалавечага жыцця, коратка адведзенага яму на час зямны.

Жанр выяўляецца і ў іранічнай сцэнаграфіі Крысціны Баранавай, стылізаванай пад старасвецкі вясковы маёнтак: драўляная тэраса з драўлянай мэбляй, сцены з пакаў старога сена. І ў гэтыя экстэр’еры іранічна дадаюцца элементы сучаснага дачнага ці вясковага побыту: у левым баку сцэны стаіць традыцыйная вясковая прыбіральня, у якую ці не кожны персанаж будзе час ад часу збягаць, хавацца ў старым часе, калі няма чым адказаць на выклікі часу новага. Праз нейкі крок ад прыбіральні знаёмы нам з савецкіх часоў рукамыйнік, гук якога, калі дачнікі мыюць рукі, выдатна чуюць праз платы і суседзі. Бліжэй да авансцэны — драўляны пляжны ляжак, на якім будзе спакусліва аблягацца прыгажуня Алена. Згодна з задумай рэжысёра, сутыкнуць і спрасаваць час мінулы з часам сучасным, сабраны і рэквізіт. Прыкладам, свае алегарычныя функцыі выканаюць і самавар, і кававарка. Фактура дэкарацыяў — зацвілае ад часу дрэва і старое сена ў шэра-рудых адценнях. Такая жа колеравая гама ўласцівая і касцюмам, у якую ў якасці кантрапункту ўрываюцца чорны і белы колеры адзежы сужэнства Серабраковых. Чарговая выдатная праца мастачкі па касцюмах Таццяны Лісавенкі! І, выглядае, яна, сапраўдны майстар сваёй справы, далучаецца да цікавага маладога пастановачнага тандэма — Віталя Краўчанкі і Крысціны Баранавай.

Фота Марыі Амелінай, прадастаўлена для друку Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатрам.

Іроніяй прасякнутая ўся хада спектакля. Лейтматывам і дзеяння, і ідэі, і спосабу існавання артыстаў, гэта значыць, скразным лейтматывам спектакля стаў раманс Сяргея Рахманінава «Мы отдохнем» («Мы адпачнем!») у выкананні Саламона Хромчанкі, які кампазітар напісаў на словы маналога Соні з гэтай п’есы Чэхава. Раманс некалькі разоў разразае прастору спектакля. Ён гучыць то іранічна, то драматычна, то трагічна. Ён пашырае прастору спектакля, выносіць пакуты персанажаў, які існуюць у сваёй замкнёнай, зямной прасторы на ўзровень уласцівых кожнаму чалавеку мараў, якія звычайна разбіваюцца аб прозу жыцця і ўласнай няздатнасці іх ажыццявіць, няўмення ці нежадання, або недахопу сіл перамагчы сябе і абставіны, вырвацца з утульнага жыцця на новы ўзровень.

Акурат у гэтай плашчыне і знаходзіцца ідэя спектакля Віталя Краўчанкі. Яна выразна гаворыць пра нас, пра сучасную Беларусь. Пра істотны разрыў паміж слаямі грамадства — паміж элітамі, якія хочуць перамен, пакутліва шукаюць выйсця са старога, звыклага укладу, і той бальшынёй, якая не хоча ніякіх перамен, для якой традыцыйны улад, стан рэчаў вельмі ўтульны, для якой любыя зрухі ў іншы бок, не кажучы пра рэвалюцыю, пра разбурэнне муроў непрымальныя і трагічныя.

Менавіта з такой пазіцыі і адбываецца расстаноўка персанажаў п’есы. Цэнтральным героем у гомельскім спектаклі становіцца не Іван Вайніцкі, загалоўны дзядзька Ваня, а прафесар Аляксандр Серабракоў. Ён, якога ўсё гэтае таварыства лічыць графаманам, псеўдавучоным, нягеглым старым, прапануе выйсце з замкнёнага кола, прапануе шанец на новае жыццё — прадаць стары фальварак і купіць дачу ў Фінляндыі. Але для іх есці локшыну ў дакладна заведзены час, хадзіць у прыбіральню-шпакоўню і падцірацца там акуратна парванымі на шматкі газетамі, піць гарбату з самавара, а не каву з кававаркі больш зручна, спакойна, а пра неба ў дыяментах можна паміж іншага памарыць хоць бы ў той жа прыбіральні ці пад сталом.

Фота Марыі Амелінай, прадастаўлена для друку Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатрам.

Спектакль пачнецца з іранічнай працэсіі, якая суправаджае прыезд прафесара Серабракова з жонкай: самога «генія» вязуць у будаўнічым вазку-тачцы, а ўслед нясуць атрыбуты новага жыцця: тую саму туалетную паперу, кававарку, пераносную магнітолу. І ў фінале ён ад’едзе падобным чынам, а ў тачку загрузяць усё тое, што Серабраковы прывезлі з сабою. З’едуць яны, а ўся кампанія радасна ўсядзецца за стол з самаварам, будзе наразаць газеты на шматкі для прыбіральні, а затым з вялікай каструлі будуць есці локшыну. Соня ж, набіўшы рот той самай локшынай, з-пад стала прамовіць свой маналог пра тое, што яны адпачнуць, што ўбачаць анёлаў і неба ў дыяментах, убачаць, як ўсё зямное зло патоне ў міласэрнасці, а бог злітуецца над імі і пакажа ім жыццё светлае і цудоўнае… Не патрэбная ім ніякая дача ў Фінляндыі. Так жыць і прасцей, і спакайней.

Абы толькі ніхто не трывожыў, нічога не прыдумляў, не клікаў да перамен. І міжволі дадаеш да слоў і думак чэхаўскіх герояў, што ажылі ў нечаканым ракурсе ў нашы дні, думкі многіх беларусаў: абы не было вайны, абы не было тут, у нас, Майдану.

Вось так сёння востра згучаў чэхаўскі тэкст, які рэжысёр цалкам захаваў і ніводнага ад сябе слова не дадаў. Але, разумеючы, што доўгія маналогі і дыялогі з падтэкстамі сучаснаму гледачу ўжо нязвыкла і няпроста ўспрымаць, Віталь Краўчанка максімальна пераводзіць яго ў дзеянне: ніякіх доўгіх маналогаў у тэатральна застылых позах, ніякіх прыдыханняў і наўмысных слёз у вачах акцёраў. Словы, якія яны натуральна, арганічна прамаўляюць, узнікаюць з вынаходлівых мізансцэн, працягваюць іх, каб паўстала новая мізансцэна — метафарычная, алегарычная.

Фантазія аж накрывае рэжысёра. Часам нават падаецца, што рэжысёрскіх прыдумак аж зашмат. Хочацца нават сказаць: будзьце ашчаднымі, прыберажыце іх на наступныя пастаноўкі. Дзеянне развіваецца імкліва, кожная перыпетыя адпрацоўваецца лагічна, дакладна, як у дэтэктыве ці трылеры.

Адзначу, што ў вынаходліва пастаўленых мізансцэнах вынаходліва працуюць і ўсе артысты, ствараюць вельмі выразныя вобразы на мяжы з гратэскам. Гледачу няма калі засумаваць, зала цалкам паддаецца шквалу эмоцый, якімі іх накрываюць са сцэны. А вынікам — глыбокі роздум пра тое, дык як жа жыць: у самазаспакаенні, з заплюшчанымі вачыма, вечным адпачынку ці ўсё ж пайсці на перамены, якія запатрабуюць сур’ёзных высілкаў, патурбаваць сябе? Гомельскі спектакль гэтае пытанне паставіў у заключных сцэнах вельмі востра, а адказваць на яго давядзецца кожнаму з нас самастойна, як і адказвалі на яго нашыя папярэднікі ў розныя эпохі.

Сёлетні тэатральны год надзвычай скупы на прэм’еры. Спачатку пандэмія зблытала ўсе планы. Цяпер тэатральны працэс, па сутнасці, прыпыніўся з прычыны сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў і гвалту, які распачала дзяржава над іншадумным грамадствам, улучна з тэатрамі. Можа так стацца, што «Дзядзька Ваня» ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры будзе адной з нямногіх яркіх прэм’ер гэтага цяжкога года. Тым больш важны яго пафас і пасланне занепакоенаму грамадству.

Нягледзячы ні на што, сумленны і шчыры тэатр гаворыць. Гаворыць уласцівай яму мовай. 

Вячаслаў Ракіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера