Знайсці
17.09.2020 / 11:1415РусŁacБел

Чэмпіён свету па самба Сцяпан Папоў: Не веру, што Лукашэнка нават год пратрымаецца, людзі не могуць з ім жыць

Нядаўна ў інтэрнэце з’явіўся адкрыты зварот вядомых спартоўцаў з патрабаваннем новых свабодных выбараў, вызвалення палітвязняў і пакарання садыстаў.

Адзін з такіх спартоўцаў — зорны беларускі самбіст Сцяпан Папоў, чэмпіён свету і Еўропы, пераможца першых Еўрапейскіх гульняў.

Напэўна, пра яго ўчынак у фінале Еўрапейскіх гульняў у Баку прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў потым расказваў Аляксандру Лукашэнку: Папоў, адолеўшы балявым прыёмам чампіёна свету Аміля Гасімава, вынес таго пад авацыі публікі ў раздзявальню, бо Гасімаў не здолеў пайсці сам.

Самбісты — адны з самых лаяльных да Лукашэнкі спартоўцаў: гэты спорт не алімпійскі, а таму ягоная падтрымка цалкам залежала ад волі ўлады, у федэрацыях на першых ролях былі блізкія да кіраўніцтва Уладзімір Япрынцаў і Юрый Чыж.

Але вось як, нават Папоў вырашыў выказацца. Чаму?

Пра гэта ён расказаў «Нашай Ніве».

Арцём Гарбацэвіч: Спартоўцы падпісалі ліст, бачу, яны нават стварылі такі нефармальны рух SOS-2020. Раскажыце, як гэта ўзнікла?

Сцяпан Папоў: Узнікла ўсё як чат, куды стыхійна, хаатычна кожны дадаваў кожнага, каб пагаварыць разам, абмеркаваць усё тое незразумелае, што робіцца ў краіне. Абмеркаванне было вельмі эмацыйнае, разумееце, гэта ж не тое, што людзі ў інтэрнэце відэа наглядзеліся, не! У кожнага ці праз аднаго нейкі сябра ў камісіі або назіральнік. Яны ўжо да асноўнага дня галасавання пачалі расказваць, як нешта не тое адбываецца, а потым: «80%» — дык нават тыя, хто галасаваў «за», схапіліся за галаву.

Потым нарадзіўся тэкст адкрытага ліста, усе прачыталі — пагадзіліся. Праўда, не ўсе падпісалі. Потым усяляк пачалі ціснуць на некаторых: як гэта, спартоўцы адкрылі рот? Хацелі ўсіх пазвальняць, але ўсе падпісанты выказалі ўльтыматум — калі некага запрэсуюць, то ўсе адмаўляюцца выступаць за зборную. Таму ў выніку кіраўніцтва зрабіла выгляд, што ліста і не было.

З’явілася ўзаемападтрымка і разуменне, што калі дзяржава не можа дапамагчы ў нейкіх сітуацыях парадай, юрыдычна, фінансава, ну дык самі гэта будзем рабіць.

Арцём Гарбацэвіч: А вы за каго галасавалі? 

Сцяпан Папоў: За Ціханоўскую. Я не тое каб яе прэзідэнтам бачу, я галасаваў за праграму — новыя выбары. Каб пабачыць годных кандыдатаў, якіх, я ўпэўнены, знойдзецца шмат, калі ім не будзе пагражаць аўтаматычная турма. 

Арцём Гарбацэвіч: Як вы персанальна аказаліся сярод падпісантаў ліста? 

Сцяпан Папоў: Я пайшоў да галоўнага трэнера зборнай параіцца, прапанаваў: маўляў, давайце, я звольнюся, а потым буду выказвацца. А ён кажа: «Не трэба, хай звальняюцца тыя, хто гэтае бязмежжа дапусціў». Ён таксама падпісаў ліст. І я такі ж самы, як большасць падпісантаў: практычна ва ўсіх усё ёсць. І заробкі, і спартыўныя вынікі, бізнэсы, яны ведаюць, што і без спорту нешта здольныя паказаць, самадастатковыя светлыя людзі.

І я таксама паставіў на кон усё: у мяне добры вынік на чэмпіянаце свету — ёсць з гэтага заробак, перспектыва развіваць дзіцячы спорт праз камерцыйныя клубы. Але я рызыкнуў, я не для сябе нават гэта зрабіў — у мяне ўсё крута.

Гучыць пафасна, але пайшоў супраць сістэмы за людзей, якіх падманулі і пабілі. Каб гэтага бязмежжа не было больш у краіне. І не дзеля нейкіх там грошай з фондаў, гэта смешна, ніхто на гэта не разлічвае. Раней я ўвогуле апалітычным чалавекам быў.

Арцём Гарбацэвіч: Дык а што змянілася? Напэўна, як самбіст і заслужаны майстар спорту вы персанальна знаёмы з Лукашэнкам. 

Сцяпан Папоў: У мяне быў доступ у колы да Лукашэнкі. Ён мне ўручаў заслужанага майстра спорту, так. Я яго паважаў, нягледзячы на нейкія рэчы, якія пра яго пісалі: пра 2010 год, яшчэ нешта. Але тое, што ён рабіў для самба, — гэта было добра. Я так ацэньваў. Ну і персанальна: я быў на адкрыцці аднаго рэстарана, там ужо зусім у цесным коле, дзяцей яго бачыў, яго нефармальна бачыў. Яны сябе вельмі культурна паводзілі, ён… Уражанне ў мяне вельмі добрае засталося. І на сустрэчы з прафсаюзамі я таксама быў, калі толькі-толькі пачынаўся каранавірус. Ён выступаў, казаў, чаму не будзем закрываць прадпрыемствы на каранцін, супакойваў, я гэтую прамову падтрымаў. Але потым, калі людзі пачалі паміраць, а ён іх як бы саміх у гэтым абвінавачваў, калі людзі пачалі дапамагаць медыкам, калі тым бракавала ўсяго — дык пачалі прэсаваць і валанцёраў і медыкаў. Я ўжо прызадумаўся. Потым: пасадкі аднаго за адным кандыдатаў у прэзідэнты, адбракаваныя подпісы, працэнт, агучаны на выбарах. І ён як бы быў для мяне адным чалавекам, а потым раз — і ўсё, стаў іншым, у мяне перавярнулася свядомасць.

Гэтыя «прабіцці дна» пачаліся адно за адным, дайшло да таго, што Ургант яго высмейвае, гэта абсурд, нельга дапускаць, каб з прэзідэнта смяяліся. Але апошняй кропляй стала поўнае беззаконне, збітыя і пакалечаныя людзі. Улада перайшла рысу незвароту і яшчэ кажа нам: «Так, мы гэта рабілі, і што?» Апраўдваюць натуральны садызм! 

Мой стрыечны брат трапіў на Акрэсціна, я гэта ўсё бачыў не з экранаў, а жыўцом, я начаваў там у ноч на 12-га, пад сценамі, калі выпускалі людзей, бачыў, як адтуль выходзіў і мой блізкі чалавек, і проста мае знаёмыя. А мой брат — дырэктар дзяржаўнай структуры, мае зброю. Ён не ўдзельнічаў у мітынгу, яго выцягнулі з машыны на Ціміразева, пабілі, гематома на галаве ў яго — білі са спіны, па галаве кулаком. Ён не супраціўляўся, а на судзе — 15 сутак. Прытым што ў яго ўсе доказы ёсць: камеры ў машыне, камеры назірання на вуліцы. Ніхто не бярэ гэтага да ўвагі: вінаваты — і ўсё. Ён дагэтуль судзіцца аб незаконным затрыманні і прысудзе, але нешта апеляцыйная інстанцыя ўжо трэці раз не можа адбыцца. Я ўпэўнены, што там усё ясна, проста не могуць прызнацца і вынесці справядлівае рашэнне. 

Брат расказваў, што там бачыў: людзей катавалі. Нельга дараваць гэтае бязмежжа, ніколі ніхто не даруе. 

Арцём Гарбацэвіч: Дык як з сітуацыі выходзіць, па-вашаму?

Сцяпан Папоў: Да гэтай сістэмы даверу больш няма. Людзі злыя, і іх вельмі шмат, вочы ім усім не заплюшчыш і раты не закрыеш. З імі трэба дамаўляцца, патрэбна, каб усе вінаватыя ў катаваннях і фальсіфікацыях панеслі пакаранне. Тых, хто здзекаваўся, адносна невялікая колькасць ад усіх сілавікоў, але яны дэскрэдытавалі цэлыя інстытуты. Як ім давяраць? Калі людзей цяпер не задобрыць, не паказаць, што закон ёсць, што ён будзе і ў будучыні, то я нават не ведаю. Накіпіць, я думаю. І так здзіўляюся, што ўсё так мірна праходзіць, бо ў многіх, відаць, цярпенне на мяжы. Ну або людзі проста разбягуцца адсюль, бо як жыць, калі ўсе разумеюць, што закона няма ў краіне? Што суда няма ў краіне — ён толькі карае. Жыць так немагчыма, няма гарантый, што ты выйдзеш раніцай з дому і вернешся назад у той жа дзень і што вернешся цэлы. Закон павінен быць для ўсіх, і для тых, хто яго нібыта ахоўвае. 

Ну і выбары: нават дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў, чыноўнікі, дэпутаты прызнаюць, што з лічбамі нешта не тое. А калі нават мінімальная падтасоўка — усё, няма даверу. У людзей адабралі галасы і думалі, што ўсе гэта прымуць. Але не. Як жыць далей, каб за цябе ўсё вырашалі? У чалавека ёсць слова, значыць, трэба, каб яго пачулі. Я хачу справядлівых выбараў, іх трэба праводзіць нанова, і ўсе, хто быў у камісіях, цудоўна ведаюць, хто насамрэч перамог і за каго былі самыя вялікія стосы ў дзень выбараў.

Арцём Гарбацэвіч: Але ціск на спартоўцаў працягваецца? Мы бачым асобныя яго праявы — людзей звальняюць, не даюць займацца бізнэсам.

Сцяпан Папоў: Ціск быў і ёсць. На кагосьці большы, на кагосьці меншы. Некаторыя дзяўчаткі наслухаюцца, паплачуць дзень-два, а потым сціснуць кулакі і заднюю не дадуць. Вось міністр спорту, ён ваенны чалавек, мне ён быў сімпатычны. Ведае спартоўцаў, ва ўсе віды спорту спрабуе паглыбіцца. Але я думаю, што міністр павінен падтрымліваць і абараняць спартоўцаў, іх інтарэсы, а не інтарэсы ўладаў. Нам кажуць: вы павінны быць удзячныя за грошы, за спаборніцтвы. Так, мы ўдзячныя, але гэта не азначае закрыць рот. Ну і зноў жа — якія там грошы? Грошы сённяшняга дня, я б не сказаў, што яны надта вялікія, будучыню ты на іх не забяспечыш. Калі трэніруешся, паказваеш вынік, то яны ёсць. Як атрымаў траўму — ну то ўсё, выкручвайся. Той жа Андрэй Краўчанка (легкаатлет, на Алімпіядзе-2008 атрымаў срэбра ў дзесяцібор'і — «НН») дзясяткі тысяч даляраў патраціў на аперацыі.

Я думаю, што мы іх, Міністэрства, таксама кормім. Сваімі выступамі і трэнерствам у наступным. Як мы засунем языкі ў дупы, калі нашых заўзятараў б’юць? Спартовец — гэта не салдат, які бярэ пад казырок і выступае. Каб была сістэма, як у войску: кожны дзень столькі гадзін трэніровак, меню і рэжым адпачынку, то ўсе былі б алімпійскімі чэмпіёнамі. Але гэта не так. Чэмпіёны — асобы ўнікальныя, нам патрэбны драйв, каб матывавацца, псіхалогія вырашае ўсё. Маральна цкаваць чэмпіёнаў — дык не будзе вынікаў. І так з гэтым падыходам ужо няма каму выступаць, на лаве сядзяць ветэраны куды ні глянь. Моладзь нейкая, здаецца, і ёсць, выступае, а потым глядзіш — знік. Куды? А пайшоў у ІТ зарабляць, навошта яму тут сябе гробіць за тыя грошы, якія нібыта спартоўцы маюць? Ёсць што мяняць і ў сістэме спорту. У любым разе, з’ехаць — не праблема. Мы сябе знойдзем за мяжой, але гэтага дакладна не хочацца. Гэта наша краіна, чаму мы павінны з’язджаць? Тут нашы бацькі, дзеці. Мы хочам жыць у сваёй краіне, але каб было бяспечна. Хто прывык працаваць — а сапраўдны спартовец прывык працаваць, — ён знойдзе сабе паўсюль прымяненне.

Арцём Гарбацэвіч: А якія настроі сярод байцоў, дагэтуль дзеліце татамі з сілавікамі? 

Сцяпан Папоў: Я трэніруюся са зборнай, тут трохі іншы калектыў. Хаця вось, напрыклад, Краўчанка — ён працаваў у КДБ 16 год, быў «пад пагонамі», як у нас кажуць — калі лічыцца, што служыш у ведамстве, але праз Мінспорту адкамандзіроўваецца чалавек для трэніровак і выступленняў, ва ўсім свеце так. Аднак Краўчанка звольніўся, прыйшлося, бо падпісаў ліст. А пасля падзей 9-11 жніўня мне пішуць многія трэнеры, якія трэніруюць аматараў: «Ну як? Як мы іх вучылі? Мы дакладна ведаем, што яны на разгонах былі, а пасля гэтага яны яшчэ спрабуюць прыходзіць у залы?» І гэта не толькі самбісты кажуць, гэта і баксёры, тайцы. Выходзіць, сілавікі ў нас навучыліся спецыяльным прыёмам, а потым пайшлі і білі людзей. І калі б нейкі аднаклубнік апынуўся не ў тым месцы, то і на яго б напалі. І мы з гэтым нічога зрабіць не можам — іх нават штурхануць нельга, толькі падстаўляй галаву пад дубінкі — вось іх законы.

Арцём Гарбацэвіч: Як ставіцеся да тых спартоўцаў, якія публічна выказваюцца за Лукашэнку? Нядаўні вось векамопны прыклад з адным трэнерам у машыне з бутэлькай гарэлкі ў руках… Вы з імі сварыцеся? 

Сцяпан Папоў: Не, не сваруся. Заўважыў, што на абвастрэнне ідуць толькі такія людзі, нешта там прад’яўляюць, крытыкуюць. А я сваю пазіцыю выказаў — і ўсё, я вас не чапаю. 

Я выступаю за свабоду, незалежнасць, правы чалавека без прывязкі да асобы. А яны крычаць: «Мы за бацьку!» Даруйце, а гэта за што канкрэтна? А калі яго не будзе, вы за што будзеце? У чым ваша ідэя? А дзе «За закон!», «За справядлівасць!»? Дзіўная пазіцыя. Я такім людзям не давяраю, бачу крывадушша, яны заўтра здрадзяць. «Сядзі, не рвіся, выконвай», — я за такую ідэалогію выступаць не буду. 

Я думаю, што гэтыя людзі думаюць толькі пра сябе і баяцца страціць заробкі. Напэўна, і многія дзяржслужачыя так лічаць. Але як нізка сябе трэба цаніць, каб усур’ёз так лічыць. Вы што, сапраўды думаеце, што нідзе не рэалізуецеся, калі вас спішуць? Як можна заплюшчваць вочы, калі людзей гвалтуюць, апраўдваючы гэта халяўнымі выгодамі? Ім з гэтым жыць. І па сцягах хто спрабуе раздзяліць, той доўбень. Ну камусьці бліжэйшы гістарычны сцяг, герб «Пагоня», яны прыгожыя. Камусьці — афіцыйны. Я не бачу праблему, калі нават два будуць, ну і што? Але ворагамі лічыць тых, хто за БЧБ, — ну даруйце, мы ўсе беларусы. Тыя, хто за перамены, людзей не дзеляць. 

Арцём Гарбацэвіч: Вы верыце, што перамены будуць? 

Сцяпан Папоў: Калі мы ўсе скажам сваё слова, то за кошт масы і энергетыкі ўсё зменіцца, я веру. Сістэма сама сябе знішчыць. Зрэшты, як там наш дзяржаўны доўг, грошы ёсць яшчэ плаціць? Канечне, мне хацелася б, каб ён узяў адпачынак, паляцеў у цёплую краіну, дзе ціха і мірна, дзе нікім не трэба кіраваць. Але, напэўна, у палітыцы такога не бывае. Я веру, што як раней ужо не будзе. І гэтае бязмежжа не паўторыцца. Я не веру, што Лукашэнка застанецца і нават год пратрымаецца, людзі не могуць з ім жыць.

Арцём Гарбацэвіч, фота Надзеі Бужан

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера