Даслаць навіну
Знайсці
31.08.2020 / 16:37

Тлумачым, як працуе механізм адклікання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў: падводныя камяні і рызыкі

На мінулым тыдні ў Мінску, а таксама ў некаторых іншых гарадах Беларусі, былі заўважаныя чэргі з грамадзян, якія адгукнуліся на прапанову Каардынацыйнай рады ініцыяваць адкліканне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. «НН» пацікавілася ў палітолага і юрыста Юрыя Чавусава, як працуе гэты механізм і ці просты ён у выкананні.

Павялічыць

Чарга, каб ініцыяваць адкліканне дэпутата Палаты.

«Нормы пра адкліканне дэпутата, якія захаваліся ў беларускім заканадаўстве, — гэта рудымент савецкай эпохі. Нідзе ў свеце, апроч краін з сацыялістычным бэкграўндам, гэты інстытут не захаваўся.

Гэта вельмі старая ідэя «імператыўнага мандату». Калі выбарцы не проста абіраюць свайго прадстаўніка, які далей дзейнічае на сваё бачанне, але «даюць наказ» свайму дэпутату. І калі гэты «наказ» не выконваецца, маюць права адклікаць свайго прадстаўніка. Гэта сярэднявечная ідэя. Здаецца, гэта было нават у Рэчы Паспалітай. У ХХ стагоддзі такі «імператыўны мандат» захаваўся толькі ў СССР, адкуль перакачаваў у беларускае заканадаўства.

На практыцы гэтая норма ніколі не прымянялася. Неаднаразова нават сама Лідзія Ярмошына казала, што яе трэба выдаліць. Але гэта не проста норма выбарчага заканадаўства, яна нават замацаваная ў Канстытуцыі! Менавіта на гэтую норму ківала Ярмошына, калі казала, што для ўвядзення прапарцыйнай (партыйнай) выбарчай сістэмы нам трэба змяніць Канстытуцыю. Бо пры партыйнай сістэме ніякага адклікання быць не можа.

У выбарчым заканадаўстве працэдура адклікання вельмі падрабязна апісаная. Але на справе яна ніколі не прымянялася, бо працэдура нават больш складаная, чым правядзенне рэферэндумаў ці заканадаўчай ініцыятывы.

Чаму яна больш складаная? Бо больш этапаў, на якіх гэтую ініцыятыву можна зарэзаць. У 2007 годзе кааліцыя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў спрабавала выкарыстаць гэтую норму для мабілізацыі сваіх прыхільнікаў, нават адмысловая брашура, прысвечаная гэтаму пытанню, была выдадзеная. Нават да збору подпісаў тады справа не дайшла.

Калі мы бачым, што Давыдзька выступаў на запатрабаванне выбаршчыкаў — гэта зусім іншая гісторыя. Справаздача дэпутата перад выбарцамі — гэта зусім іншая працэдура, якая прапісаная яна ў статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Але гэта ніяк не звязана з адкліканнем дэпутатаў.

У выбарчым кодэксе адкліканне дэпутатаў абмежаванае шэрагам бар’ераў: «Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў, якi не апраўдаў даверу выбаршчыкаў, што выявiлася ў невыкананнi прадугледжаных законам дэпутацкіх абавязкаў, парушэннi Канстытуцыi, законаў, актаў прэзiдэнта, здзяйсненні дзеянняў, якія дыскрэдытуюць дэпутата, можа быць адкліканы выбаршчыкамі ў парадку, устаноўленым гэтым Кодэксам».

Нібыта норма добрая, і я разумею, чаму яна прыцягвае да сябе ўвагу. Але давайце паглядзім, як гэтая норма рэалізуецца. Першае — ініцыяванне адклікання дэпутата. Сапраўды, гэта можа зрабіць невялікая група выбаршчыкаў. 150 выбаршчыкаў, якія жывуць у акрузе, могуць ініцыяваць сход аб пытанні адклікання дэпутата. Калі гэтыя подпісы сабраныя, то яны падаюцца ў мясцовыя саветы дэпутатаў з просьбай правесці сход. Але мы разумеем, што нават старшыня мясцовага савета дэпутатаў можа даць адмову на правядзенне такога сходу. І гэта першы этап, дзе ініцыятыва можа быць заблакаваная.

Калі ідэолагі Лукашэнкі захочуць дазволіць людзям выпусціць пару ў адносна небяспечнай форме, то яны дадуць згоду на правядзенне сходаў. Калі не, то абскардзіць рашэнне можна будзе ў раённых судах, а вы разумееце, якая там верагоднасць нешта выйграць.

Але ўявім, што старшыня мясцовага савета дае згоду на сход і ён праводзіцца. У такім мерапрыемстве ўжо павінна ўзяць удзел 300 чалавек, што пражываюць на тэрыторыі акругі. Але наколькі я памятаю, яшчэ ніколі не даваліся згоды на правядзенне такіх сходаў. На такім сходзе людзі прымаюць рашэнне аб заснаванні ініцыятыўнай групы па адкліканні дэпутата, фармулююцца падставы. І гэтая ініцыятыўная група падае дакументы на рэгістрацыю ў выбарчую камісію. Гэта наступны этап, дзе можна заблакаваць ініцыятыву.

Паколькі да гэтага справа яшчэ ніколі не заходзіла, то цяжка сказаць, дзе ж тут падводныя камяні. Адзначу толькі, што ЦВК нават ніколі не рэгістраваў ініцыятыўную групу па правядзенні рэферэндуму, а тут юрыдычна ўсё больш складана.

Калі ж уявім, што і тут рэгістрацыя пройдзеная, то наступны этап — гэта збор подпісаў. І сабраць неабходна досыць вялікую колькасць — 20% ад агульнай колькасці выбарцаў дадзенай акругі. Калі вы прыехалі жыць у акругу ўжо пасля выбараў, то ўсё адно можаце ўдзельнічаць ва ўсіх этапах кампаніі.

20% — гэта колькі? У нас у сярэднім на акругу прыпадае 60 тысяч выбарцаў, то-бок неабходна сабраць каля 12 тысяч подпісаў. Калі параўноўваць з прэзідэнцкімі выбарамі, то адносна няшмат, але складанасць, што гэта павінны быць подпісы толькі жыхароў адной акругі.

Калі ж гэтыя 12 тысяч сабраныя, то яны падаюцца на праверку ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Справа ў тым, што тэрытарыяльных выбарчых камісій жа цяпер няма. Думаю, праверка будзе адбывацца прыкладна гэтаксама, як падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў, але нават без прысутнасці назіральнікаў. Па выніках праверкі мясцовы савет дэпутатаў падае дакументы падаюцца ў ЦВК. У выніку ўжо ЦВК прызначае галасаванне аб адкліканні дэпутата. Абскардзіць гэтае рашэнне можна будзе ў Вярхоўным судзе.

Раней гэта выкарыстоўвалася для мабілізацыі людзей, але цяпер нікога мабілізоўваць не трэба, мы бачым гэта па грамадзянскай актыўнасці. Нянавісць людзей да дыктатара тут перанакіроўваецца на ўсіх служак рэжыму, як Генадзь Давыдзька ці Маша Васілевіч. Тут цікава, якія палітычныя задачы ставяць паліттэхнолагі, якія выкарыстоўваюць гэтую норму», — сказаў Юры Чавусаў.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2020 2021 2022
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 14 15 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31