Знайсці
14.02.2021 / 13:35РусŁacБел

Спонсары вялікіх князёў. Як габрэі Вялікага Княства Літоўскага сталі неад’емнай часткай грамадства

Габрэі ў ВКЛ замянялі сабой банкі. Яны пазычалі грошы дзяржаве, якая часта не спяшалася іх аддаваць. Габрэяў у княстве шанавалі і ім жа зайздросцілі, піша Андрэй Шпунт.

Фота Shutterstock.com, by J.Chizhe

Пачатак гісторыі

Габрэі былі аднымі з першых іншаземцаў, якія стала аселі на нашых землях. Пераважна гэта былі купцы, выціснутыя ў канкурэнтнай барацьбе мяшчанскімі гільдыямі Еўропы. Неўзабаве да купцоў далучаліся ліхвяры і фактары, то-бок пасярэднікі ў розных здзелках. 

Недахоп пісьмовых крыніц не дае нам магчымасці нешта распавесці пра гісторыю габрэяў у ВКЛ да канца XIV стагоддзя, хоць іх прысутнасць тут і ў больш раннія часы цалкам верагодная.

Але пунктам адліку ў засяленні гэтым народам тэрыторыі княства прынята лічыць 24 чэрвеня 1388 года, калі габрэі Берасця атрымалі прывілей з пацвярджэннем іх грамадзянскіх правоў ад вялікага князя Вітаўта. Неўзабаве падобныя прывілеі атрымалі таксама габрэі Трокаў і Гародні. Тым самым габрэйскія грамады фактычна не толькі легалізаваліся, але і траплялі пад велікакняжацкі пратэктарат.

Гэта было ўзаемавыгадна. Гнаны адусюль народ хацеў хоць нейкай стабільнасці і гарантый, а ўладары ВКЛ, у сваю чаргу, былі зацікаўленыя ў эканамічным развіцці дзяржавы. А гэтаму несумненна спрыялі прадпрымальны характар уцекачоў і іх грошы. 

Асабістыя правы літоўскіх габрэяў сягалі далей за замацаваныя ў аналагічных заходнееўрапейскіх граматах і спачатку былі практычна роўныя з правамі шляхты. Прытым было гэта не толькі на паперы. Пры ўласным жаданні габрэі маглі служыць у войску, яны гэтак жа апраналіся і насілі тую ж зброю, што і літоўская шляхта. Уступаючы ў шчыльныя зносіны з хрысціянскім асяроддзем, яны паступова асіміляваліся, пра што сведчаць, напрыклад, такія іх славянскія мянушкі, як Зубец, Рабчык, Альшэйка, Краўчык, Глухі і падобныя.

Велікакняскія банкіры

Самыя багатыя габрэі складалі замкнёнае кола і займаліся галоўным чынам водкупамі. Гэта значыць, што за пэўную плату яны атрымлівалі ад дзяржавы права збору з насельніцтва розных дзяржаўных збораў. На гэтым рабіліся вялікія капіталы, і багацце такіх людзей рэзка кантраставала з матэрыяльным станам асноўнай габрэйскай масы. Тая вяла, як правіла, розныя дробныя гандлёвыя і фінансавыя аперацыі, пры якіх нярэдка абаротныя сумы пазычаліся пад заклад хатніх рэчаў, нават верхняй вопраткі. Неяк стачыць канцы з канцамі гэта дазваляла, але нічога асабліва зайздроснага не было.

Габрэй (крайні злева ў верхнім шэрагу) сярод іншых нацыянальных і сацыяльных групаў Рэчы Паспалітай на гравюры «Плач людзей розных станаў над памерлым крэдытам» («Lament różnego stanu ludzi nad umarłym kredytem») (каля 1655 года).

Ну а габрэі-адкупшчыкі былі багацейшыя і за мясцовых купцоў-хрысціян. Якімі сумамі адкупшчыкі варочалі, можна ўявіць з таго, што яны маглі сабе дазволіць чакаць па тры гады і больш сплаты такіх буйных сумаў, як 300, 400 і больш коп літоўскіх грошаў, набывалі цэлыя вёскі за 100 коп. У той жа час цэлая берасцейская габрэйская грамада, самая ўплывовая і заможная ў ВКЛ, у 1571 годзе залажыла для нейкіх сваіх патрэб срэбраныя сінагагальныя рэчы і на працягу шасці год была не ў стане іх выкупіць, хоць закладная сума разам з працэнтамі складала толькі 26 коп.

Багатыя габрэі ратавалі ад фінансавага краху пераемнікаў князя Вітаўта, якія пастаянна мелі праблемы з грашыма. Яны пазычалі ім вялікія сумы, а вяртання іх пагаджаліся чакаць гадамі. І аднойчы за гэта моцна пацярпелі.

Вялікі князь Аляксандр, пры якім ВКЛ ваявала з Маскоўскай дзяржавай і праз гэта патрабавала шмат наяўных грошай, аднойчы не ўтрымаўся ад спакусы вырашыць фінансавыя праблемы радыкальным шляхам: скасаваць даўгі перад габрэямі сваіх папярэднікаў, захапіць габрэйскія грошы, нерухомасць і зямельныя ўладанні, а саміх сыноў Ізраіля «з зямлі нашай вон выбці». Гэта было ў 1495-м. Спачатку ўсе, апрача габрэяў, былі гэтым задаволеныя, асабліва даўжнікі, але хутка аказалася, што перамога гэтая была піравай. 

У 1501 годзе Аляксандр стаў каралём Польшчы, але паўтарыць тое ж самае з кароннымі габрэямі ён не мог, бо тыя значна пераўзыходзілі літоўскіх па колькасці, значнасці ды багацці, а таму мелі магутных абаронцаў. Тым часам без габрэяў фінансавая сістэма ВКЛ пачала адчуваць праблемы. Немцы і шведы, якія прыйшлі на іх месца, аказаліся куды менш згаворлівымі.

Таму ў 1503 годзе эксперымент бясслаўна скончыўся. Аляксандр даў дазвол габрэям вярнуцца і атрымаць назад канфіскаванае ў іх, а таксама спагнаць грошы з даўжнікоў. Праўда, за гэта ён запатрабаваў ад грамады выставіць у войска тысячу вершнікаў, ад чаго габрэі адкупіліся грашыма.

Гады на чужыне не прайшлі для іх дарэмна. Габрэі вярнуліся з выгнання аб’яднаныя і кансалідаваныя. З нешматлікай канфесійна-этнічнай меншасці яны паступова пераўтвараюцца ў буйную частку народа ВКЛ агульнай колькасцю больш за 100 тысяч чалавек.

«Ды не адважацца насіць золата і срэбра»

У «залатым» для ВКЛ XVI стагоддзі дасягае свайго росквіту і мясцовае габрэйства. Расце ўплыў габрэйскіх капіталаў на эканоміку краіны, і ўвогуле жыць габрэям было тут дастаткова камфортна, асабліва ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі. Папскі легат кардынал Джавані Франчэска Камендонэ пісаў у 1565 годзе, наведаўшы ВКЛ: «У гэтых землях сустракаецца яшчэ шмат габрэяў, якімі тут не так грэбуюць, як у некаторых іншых месцах. Яны тут не жывуць у няшчасным становішчы і не займаюцца толькі нізкімі промысламі, але валодаюць зямлёй, займаюцца камерцыяй, вывучаюць медыцыну і астраномію. Яны валодаюць значнымі багаццямі і не толькі стаяць у шэрагу годных людзей, але і часта нават маюць уладу над імі. Яны не носяць ніякага знаку адрознення ад хрысціян, ім нават дазваляецца насіць зброю. Наогул, яны карыстаюцца ўсімі правамі грамадзян». 

Габрэі моляцца ў сінагозе на свята Ём-Кіпур. Карціна Маўрыцыя Готліба, 1878 год. Захоўваецца ў Тэль-Авіўскім музеі выяўленчых мастацтваў.

Пры гэтым жыццё ў ВКЛ працякала для габрэйскай грамады куды больш спакойна, чым у суседняй Польшчы, дзе мяшчанства буйных гарадоў, асабліва на захадзе, пераймала нямецкі антысемітызм, узмоцнены ў той час Рэфармацыяй.

Але зусім ідэалізаваць сітуацыю ўсё ж не варта, бо здараліся і спробы дыскрымінацыі. Гэтым адзначыўся Другі Статут ВКЛ 1566 года з яго дванаццатым раздзелам — ініцыятывай дробнай шляхты: «Ды не адважацца габрэі хадзіць у дарагіх строях з залатымі ланцугамі, а іх жонкі ў золаце і срэбры. Ды не адважацца габрэі насіць срэбра і золата на шаблях і ножнах… Хай носяць яны жоўтыя капелюшы, а жонкі іх наміткі з жоўтага палатна, каб кожны мог адрозніць хрысціяніна ад габрэя».

Праз два дзесяцігоддзі Трэці Статут ВКЛ 1588 года, праўда, скасаваў большасць зневажальных палажэнняў, а шляхта ўжо не настойвала на тым, каб увасобіць сваю зайздрасць ці глупства ў форме закона. 

Моц — у кагале

Пасля Люблінскай уніі і згасання дынастыі Ягелонаў моц каралеўскай і велікакняжацкай улады пачынае саступаць шляхецкай анархіі. Гэта стварала для габрэяў небяспечныя выклікі, таму адначасова ўзмацняецца габрэйская кагальная арганізацыя. 

Кагал (са старажытнагабрэйскага «кэгіла» — суполка) — гэта свайго роду ўрад габрэяў пэўнай мясцовасці: складаная арганізацыя, якая ахоплівала сваімі паўнамоцтвамі самыя розныя сферы: рэлігійна-выхаваўчую, адміністрацыйна-фінансавую, судовую, пасрэдніцкую (паміж габрэйствам і знешнімі ўладамі). Сэрцам кагалу была сінагога. Пры ёй месціўся сінагагальны двор — малельня і вучэльня, грамадскія лазні, кагальны дом, прытулак для бяздомных. Неадрыўна ад сінагагальнага комплексу існавалі габрэйскія могілкі. 

Тон у кагальным жыцці задавалі габрэйскія багацеі, яны ж бралі на сябе і асноўныя яго фінансавыя выдаткі. 

Кагалы розных мясцовасцяў мелі паміж сабой сувязі. А для каардынацыі іх дзеянняў у 1580 годзе быў створаны «Ваад (з іўрыта — камітэт) абласцей», які аб’ядноўваў усе буйныя кагалы Рэчы Паспалітай.

У новых рэаліях, калі вялікі князь або кароль ужо не надта мог абараніць габрэяў ад шляхты, ролю іх абаронцаў узялі на сябе магнаты. Яны аддавалі сваю гаспадарку пад габрэйскі нагляд, а габрэй выступаў пасярэднікам у ланцужку «пан — селянін».

Натуральна, што стаўленне сялян да сваіх наглядчыкаў не заўсёды было станоўчым. З мяшчанствам, якое было канкурэнтам для габрэяў у гандлёвых і фінансавых справах, адносіны таксама складваліся часам напружана, але кароль і магнатэрыя не дазвалялі і тут пераступаць межы.

Агульная колькасць габрэяў да сярэдзіны XVI стагоддзя ў Рэчы Паспалітай дасягнула паўмільёна. Тады гэта была не закрытая каста і не аднародная гаспадарчая група, а буйная частка народа, дзейнасць якой праяўлялася ў розных сферах сацыяльна-эканамічнага жыцця. Але многае змянілася пасля вайны з Масквой 1654—1667 гадоў, пасля якой не засталася ранейшай ні сама Рэч Паспалітая, ні габрэйская грамада ў ёй.

Ад заняпаду да ўздыму

Спачатку ў 1648 годзе на Украіне выбухнула казацкае паўстанне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Надпіс «А ляхам, жыдам і папам-супастатам сім бердышом заграю на іх тоўстых шыях», які «аздабляе» бердыш на адным з партрэтаў Хмяльніцкага — сціслы маніфест, у якім згаданыя тры саслоўі ўвасабляюць сабой незадаволенне казацтва ўласным палітычным, эканамічным і рэлігійным становішчам. Ахвярамі казацкага антысемітызму ў гэты час сталі многія ўкраінскія габрэі, ды і беларускім, асабліва ў паўднёвых абласцях ВКЛ, куды дабіраліся казацкія загоны, моцна дасталася. А праз шэсць гадоў пачалася трынаццацігадовая крывавая вайна з Масквой, вынікі якой сталі катастрафічнымі для ўсёй дзяржавы, беларускае габрэйства тут не склала выключэння. У многіх беларускіх мясцовасцях габрэйскія грамады былі выразаныя ледзь не пагалоўна.

Віленскі гаон, або Эліяху бен Шлома Залман (1720—1797) — самы ўплывовы духоўны аўтарытэт літоўскіх габрэяў. Распрацаваны ім напрамак у артадаксальным іўдаізме атрымаў назву міснагедскага, альбо літоўскага. Гаон, што азначае «геній», нарадзіўся ў Сяльцы цяперашняга Бярозаўскага раёна — ён зямляк Алеся Разанава.

Найлепшыя рабіны падчас той вайны загінулі, габрэйскія навучальныя ўстановы пуставалі пасля яе некалькі гадоў. Не стала былой кансалідацыі, што выклікала ўнутраныя спрэчкі. Па дапамогу ў іх вырашэнні кагальная старшына ўсё часцей звяртаецца да дзяржаўнай улады. Пераадольваючы вынікі вайны, габрэі вымушаныя былі рабіць пазыку за пазыкай, звычайна пад забеспячэнне кагальнай нерухомасцю. Так большая частка кагальнай маёмасці аказалася ў бестэрміновым закладзе. 

Але праходзіў час, і жыццё лепшала. У XVIII стагоддзі ў гарадах ВКЛ склаліся больш спрыяльныя ўмовы для заняткаў гандлем і рамёствамі, чым гэта было ў Каралеўстве Польскім. Габрэйскі кагал, плацячы гораду падатак, знаходзіўся тут па-за юрысдыкцыяй гарадскога магістрата. Гэта стымулявала габрэяў з Польшчы і Украіны перасяляцца ў Беларусь і Літву, у выніку чаго іх колькасць імкліва расла. 

Менавіта ў апошняе стагоддзе існавання Рэчы Паспалітай склалася сітуацыя, калі ў некаторых беларускіх гарадах габрэйскае насельніцтва стала складаць вельмі значны працэнт, нават да паловы насельніцтва. Так, у Менску ў 1800 годзе з 6 852 жыхароў 3 182 былі габрэямі. А ў многіх мястэчках габрэі сталі нават яўна пераважаць, прытым аж да таго, што да канца XVIII стагоддзя, напрыклад, у такіх мястэчках, як Пружаны ці Сянно, насельніцтва стала габрэйскім амаль на 100%. Такая дэмаграфічная сітуацыя прынцыпова не мянялася аж да Другой сусветнай вайны. Тым больш што яе захаванню надта спрыяла палітыка Расійскай імперыі з яе рысай аселасці для габрэяў і забаронай ім сяліцца на вёсцы ды займацца сельскай гаспадаркай.

Андрэй Шпунт

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930