Знайсці
11.12.2020 / 19:57РусŁacБел

Радзівіл, які аддана служыў Расіі і жыў для сябе

Калі Леан Радзівіл прыехаў у Турцыю з патрабаваннем выдаць Расійскай імперыі сваіх суайчыннікаў — удзельнікаў паўстання ў Венгрыі, турэцкія дыпламаты не маглі ў гэта паверыць. Няўжо з вяроўкай па сваіх прыехаў чалавек з прозвішчам Радзівіл? Піша навуковы супрацоўнік музея-запаведніка «Нясвіж» Андрэй Блінец.

Леан Радзівіл. З кнігі «Столетие военного министерства», том ІІ, кніга 3. 1908 год.

Звычайна біяграфіі прысвячаюць людзям, якія ахвяравалі жыццё дзеля высокай мэты. Але Геранім Леан Дамінік Радзівіл мэты не меў, не прагнуў дамагчыся чагосьці вялікага і ўвогуле кіраваўся прынцыпам «жыць як набяжыць». Ён быў адным з нешматлікіх Радзівілаў, якія аддана служылі Расіі. Праз гэта некаторыя аматары «рускага свету» лічаць яго ледзьве не героем. Але ў чым праявіўся гераізм? 

Гусар Леў Радзівіл

Леан Геранім нарадзіўся ў Варшаве ў сакавіку 1808 года. У час, калі мянялася карта Еўропы і становішча Радзівілаў. Пасля гібелі Рэчы Паспалітай яны шукалі месца ў новых рэаліях. Нехта абраў службу прускаму каралю, нехта французскаму імператару. Да часу, пакуль Леан пасталеў, мроі, звязаныя з Напалеонам, развеяліся, і 17-гадовы юнак, падданы Расійскай імперыі, паступіў у лейб-гвардыі Гродзенскі гусарскі полк, які дыслакаваўся ў Варшаве. Сярод яго афіцэраў было нямала звязаных з Літвой-Беларуссю: Вайніловіч, Завіша, Гедройць, Халецкі, Абрамовіч ды іншыя. 

Тагачасны побыт афіцэраў менш за ўсё нагадваў суровыя армейскія будні: картачныя гульні, вечары ў кампаніі цыганак, віно, жанчыны і забавы. Звыклай з’явай былі «паляванні» на варшавянак на гарадскіх вуліцах, пасля якіх самыя прыгожыя маглі на некалькі дзён застацца ў «палоне».

Нікога не здзіўляла, калі гусар прыходзіў у тэатр з… астранамічнай трубой, каб накіраваць яго на дэкальтэ прывабнай дамы. Габрэі-крэдыторы, якія асмельваліся нагадаць панам-афіцэрам пра неабходнасць плаціць пазыкі, рызыкавалі атрымаць порцыю бізуноў на палкавых стайнях. 

Малады, прывабны карнет Радзівіл выступаў завадатарам многіх забавак. За парушэнні дысцыпліны яму не раз даводзілася сядзець на гаўптвахце і атрымліваць разносы ад камандавання, што не мяняла яго характару. Адзінае, што змянілася, — імя. У афіцыйных дакументах Леана Радзівіла называлі Львом Людвиговичем. Не выпадае думаць, што ён моцна перажываў з гэтай нагоды.

Першыя баі Льва Людвігавіча

Бесклапотнае жыццё працягвалася да лістапада 1830 года, пакуль у Польшчы не выбухнула паўстанне. Паводле біяграфіі Льва Радзівіла ў «Рускім біяграфічным слоўніку», ён паказаў сябе смелым афіцэрам. У першую ж ноч нібыта контратакаваў «мяцежнікаў» і захапіў палонных, а пазней здзейсніў дзёрзкую вылазку ў Варшаву, дзе здабыў 70 бочак солі, неабходных для забеспячэння арміі ў паходзе. Вось толькі гісторыя лейб-гвардыі Гродзенскага гусарскага палка, у якой знайшлося месца для апісання свецкіх забавак карнета Радзівіла, нічога не гаворыць пра яго подзвігі ў лістападаўскія дні. Рэйд па соль сапраўды адбыўся, але ім камандаваў палкоўнік Аляксандр Рыземан. Радзівіл быў шараговым удзельнікам акцыі, але ні ў якім разе не яе ініцыятарам і кіраўніком.

На канверце «Белпошты», які быў выпушчаны да 225-годдзя сядзібы ў Радзівілімонтах (мастак Мікола Рыжы), паказаны выгляд княскай рэзідэнцыі ў 1840-я гады, калі яна была перабудавана архітэктарам Янам Ельскім. Малюнак зроблены паводле фота пачатку ХХ стагоддзя.

Далей яму прыпісваюць мужныя атакі на непрыяцеля ў бітвах пад Грохавам і Астралэнкай. Аднак Гродзенскі полк удзельнічаў у гэтых баях вельмі своеасабліва. Пад Грохавам гусары ўвесь час прастаялі ў рэзерве, а пад Астралэнку падышлі, калі асноўныя сілы палякаў былі разбітыя. Так што ў атакі Леан Радзівіл не хадзіў і эскадрон за сабой не вадзіў. Спачатку ён знаходзіўся пры штабе намесніка Царства Польскага вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, потым у якасці ардзінарца камандзіра палка генерал-маёра Карла Штрандмана ўдзельнічаў у бітве пад Рацёнжам і штурме Варшавы. 

Гэта зусім не азначае, што князь не быў пад кулямі. Пра адзін эпізод распавядае гісторыя палка:

«Падчас штурму Варшавы генерал Штрандман асабіста аб’язджаў шэрагі стралкоў, нягледзячы на часты агонь з боку непрыяцеля. Штаб-трубач, які суправаджаў генерала, упаў, працяты кулямі. Тады генерал звярнуўся да свайго ардзінарца князя Радзівіла: «Князь, у трубача срэбраная труба, падараваная імператарам, нельга ж яе тут пакінуць!» Радзівіл злез з каня, дастаў трубу і хацеў хучэй скочыць на каня, каб выбрацца з-пад пякельнага агню. Але конь, напалоханы стрэламі, не даваў князю сесці, а навокал свісталі кулі. Генерал Штрандман спакойна дачакаўся, пакуль ардынарац дасць рады каню, пасля чаго абодва ад’ехалі ў полк, дзе князь перадаў трубу новаму штаб-трубачу».

Пасля задушэння паўстання Леан Радзівіл быў ужо паручнікам, адзначаным ордэнамі Святой Ганны і Святога Уладзіміра. А неўзабаве стаў флігель-ад’ютантам імператара Мікалая І і пачаў рабіць прыдворную кар’еру. 

Шлюб з прымусу і разліку

У 1830 годзе памёр бацька Леана Людвіг Мікалай, а ў 1831 годзе — дзед Міхал Геранім. Адносіны паміж пакаленнямі адной сям’і не вызначаліся цеплынёй. Усяму прычынай былі маёмасныя спрэчкі. Міхал пазбавіў сына спадчынных уладанняў, Людвіг сварыўся з Леанам за грошы. Малады князь жадаў раскошнага жыцця, а стан маёнткаў горшаў. На гэта ўплывалі працяглае ігнараванне Радзівіламі гаспадарчых пытанняў, іх звычка жыць у крэдыт і спусташэнні падчас вайны 1812 года. 

Клецкая, Давыд-Гарадоцкая ардынацыі і былое Барысаўскае староства, якія перайшлі да Леана Гераніма ад дзеда, прыбытку давалі няшмат, а клопату стваралі багата.

Вырашыць гэту праблему дапамог шлюб з князёўнай Соф’яй Урусавай у лютым 1833 года. Па чутках, якія хадзілі ў Пецярбурзе, да таго, як стаць княгіняй Радзівіл, Соф’я была каханкай Мікалая І. Ён нібыта і прымусіў флігель-ад’ютанта зрабіць прапанову прыгожай фрэйліне. А на заўвагу апошняга, што той не мае сродкаў, каб утрымліваць сям’ю, паабяцаў дапамогу.

Сваё слова Мікалай стрымаў. Неўзабаве была створана адмысловая камісія для разбору радзівілаўскіх пазык. У выніку значная частка крэдытораў, якія на працягу пакаленняў на законных падставах трымалі ў закладзе радзівілаўскія маёнткі, былі выдаленыя адтуль без ніякай кампенсацыі. Ім дазволілі забраць хатнія рэчы і дваровых слуг ды абяцалі, што чацвёртая частка прыбыткаў з «вызваленых» маёнткаў пойдзе на пагашэнне даўгоў, але ў сапраўднасці мала хто дачакаўся хоць якой выплаты. Да таго, што з зямлі могуць зганяць сялян, неяк прызвычаіліся, але каб вось так нахабна зганялі памешчыкаў! Расійскі дэмакрат Аляксандр Герцэн нават назваў гэта «царскім камунізмам». Выгнанцам толькі заставалася спадзявацца, што прынамсі з іх унукамі разлічацца паводле ранейшых абавязацельстваў. 

Павел Сакалоў. Партрэт Соф’і Урусавай, 1827 год.

Прыдворны генерал

Тым часам кар’ера Радзівіла складалася паспяхова. Ён карыстаўся даверам Мікалая І і не раз суправаджаў яго падчас паездак. У Польшчы Леан нават разбіраў скаргі, пададзеныя на імя імператара. Таксама выконваў дыпламатычныя даручэнні ў Берліне, Касэлі (сталіца нямецкага курфюрства Гесэн-Касэль), Лондане. 

Але найбольшы розгалас набыла ягоная паездка ў Стамбул у 1849 годзе. Ад імя Мікалая І Леан Радзівіл патрабаваў, каб Асманская імперыя выдала польскіх удзельнікаў венгерскай рэвалюцыі. Турэцкіх дыпламатаў не так уразіла само патрабаванне, як асоба выканаўцы місіі. «Няўжо сам Радзівіл прыбыў з вяроўкай для землякоў?» — здзіўляліся ў Стамбуле.

Нягледзячы на гучныя пагрозы, аж да абвяшчэння вайны ў выпадку адмовы, місія аказалася правальнай. Турэцкі ўрад не паддаўся на ўльтыматум. Але няўдача ніяк не адбілася на кар’еры Радзівіла. У тым самым годзе за ўдзел у венгерскім паходзе ён атрымаў чын генерал-маёра, расійскі медаль «За усмирение Венгрии» і аўстрыйскі ордэн Жалезнай кароны.

Падчас Крымскай вайны 1853—1856 гадоў Леан Радзівіл камандаваў кавалерыйскай дывізіяй. У бітве пад Балаклавай у яго з’явіўся шанц захапіць у палон лорда Джэймса Кардыгана, англійскага генерала. Падчас атакі той адбіўся ад сваёй кавалерыі і адзін заехаў у размяшчэнне расійскіх войскаў. На самотнага вершніка ніхто б і не звярнуў увагі, але Радзівіл пазнаў генерала, з якім калісьці пазнаёміўся ў Лондане, і накіраваў на яго казацкі раз’езд.

Паводле ўспамінаў англійскага графа, казакі дзейнічалі так бесталкова, што ён без асаблівых цяжкасцяў прарваўся праз іх ланцуг і вярнуўся ў сваю брыгаду. Атака лёгкай кавалерыі Кардыгана пад Балаклавай стала адной з легендаў Крымскай вайны. Радзівіл жа не імкнуўся трапіць у легенды. З яго хапіла таго, што вайну ён скончыў генерал-лейтэнантам. 

Значна больш, чым пра ваенныя дасягненні, пры двары гаварылі пра продаж радзівілаўскіх барысаўскіх уладанняў аднаму з вялікіх князёў, нібыта па настойлівай просьбе новага імператара Аляксандра ІІ. Яшчэ больш плётак выклікала сямейнае жыццё Радзівіла. Амаль увесь час Соф’я і Леан жылі паасобку. У розных гарадах і нават розных краінах. Яна някепска пачувалася ў Парыжы, пры двары французскага імператара Напалеона ІІІ, а ён завёў у Пецярбурзе раман з балетнай прымай Карлотай Грызі. Урэшце дайшло да разводу і скандальнага падзелу маёмасці. Пасля чаго генерал стараўся трымацца далей ад імператарскага двара. 

Трывожны 1863 год ён правёў за мяжой, адкуль пісаў скаргі на абкладанне маёнткаў кантрыбуцыяй, што крыўдзіла вернападданніцкія пачуцці. 

Падчас руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў імператар Аляксандр ІІ раптоўна выклікаў старога генерала ад кавалерыі ў сваю стаўку пад Плеўнай. Прычынай былі зусім не вайсковыя таленты. Проста самадзержцу, які нудзіўся ў палявым лагеры, спатрэбіўся дасціпны і вясёлы суразмоўца. Некалькі тыдняў Радзівіл правёў у стаўцы, гуляў з Аляксандрам у карты і адпускаў жарты ў бок прыдворных, пасля чаго ад’ехаў, спаслаўшыся на кепскае здароўе. 

Ці была родавая памяць?

Беларускай рэзідэнцыяй Леана Радзівіла быў маёнтак Радзівілімонты (цяпер Чырвоная Зорка Клецкага раёна Мінскай вобласці). Тут дзейнічалі адміністрацыйная і фінансава-прававая службы Клецкай ардынацыі, знаходзіўся архіў гаспадарчых і гістарычных дакументаў. Па ініцыятыве князя драўляны палац канца XVIII стагоддзя быў перабудаваны ў стылі класіцызму і ў такім выглядзе прастаяў да пажару ў 1985 годзе. З Радзівілімонтаў зручна было дабірацца як да Дзяніскавіцкіх, так і да Грэскіх лясоў, дзе Леан ладзіў гучныя паляванні. Казалі, за сваё жыццё ён здабыў не менш за трыста мядзведзяў. Але спраўдзіць гэта цяжка.

Свята-Уваскрасенская царква на Рыначнай плошчы Клецка, пераробленая з былога дамініканскага касцёла. Фота пачатку ХХ стагоддзя.

А вось наступны факт падмацаваны дакументальна: з 1840 па 1854 гады на сродкі каталіка Леана Радзівіла былі адрамантаваныя восем праваслаўных цэркваў у Слуцкім павеце і адна царква на Барысаўшчыне. Пераважна — сельскія драўляныя храмы. Выключэнне складае каменная Свята-Уваскрасенская царква ў Клецку, пераробленая з зачыненага дамініканскага касцёла. У гэтым выпадку галоўная роля належала Соф’і Урусавай. Яна палічыла, што выгадней адрамантаваць стары касцёл, чым будаваць новую царкву, як таго патрабавалі ўлады. Князь не стаў пярэчыць жонцы. 

Тым больш ён ніколі не пярэчыў уладзе. Хаця некаторыя даследчыкі лічаць, што менавіта ўмяшальніцтва Леана Радзівіла не дазволіла ператварыць у царкву славуты касцёл Божага Цела ў Нясвіжы. Мяркуюць, што тут спрацавала родавая памяць, як і ў выпадку з помнікам на Бярэзіне. 

У 1836 годзе ўлады збіраліся паставіць помнік каля вёскі Студзёнка ў гонар перамогі над Напалеонам. Паколькі гэтыя мясціны належалі Леану Радзівілу, патрабаваўся ягоны дазвол. Адміністратар маёнткаў запэўніў, што перашкод з боку князя не будзе. Але запланаваны помнік так і не паўстаў. Паводле адной версіі, гэтаму перашкодзіў Леан (усё ж такі яго сваякі ваявалі на баку Напалеона). Па другой версіі, на помнік проста не знайшлі грошай, а Радзівілу было ўсё роўна, што стаіць на яго зямлі. Галоўнае, каб гэта не ўскладніла кар’еру.

На схіле жыцця

Старасць прымусіла Леана падумаць пра лёс ардынацый. Ён не меў дзяцей (незаконнанароджаная дачка Карлоты Грызі спадкаемніцай не лічылася). Аддаваць ардынацыі ў чужыя рукі катэгарычна забаранялася. Таму ў 1874 годзе Леан перадаў усе землі пляменніку Антонію Вільгельму — палкоўніку прускай арміі. Узамен той абавязаўся штогод выплачваць дзядзьку 36 000 рублёў срэбрам. Для параўнання: у 1873 годзе чысты прыбытак Леана з Клецкай і Давыд-Гарадоцкай ардынацый, Цімкавіцкіх, Грэскіх, Сталовіцкіх і Пацейкаўскіх маёнткаў склаў 51 559 рублёў 22¼ капейкі срэбрам.

З гэтай сумы 17 000 рублёў князь мусіў аддаваць на ўтрыманне былой жонкі. Так што здзелка выглядала выгаднай для старога генерала. Да таго ж ён захаваў за сабой права бесперашкоднага палявання ў ардынацкіх лясах. А профіт Антонія палягаў у тым, што ён аб’ядноўваў у сваіх руках усе беларускія ўладанні роду. 

Рэшту жыцця Леан Радзівіл правёў у Парыжы, дзе цікавіўся балетам і балерынамі. Там ён і памёр 8 студзеня 1885 года. Цела князя было перавезена ў Нясвіж і пахавана ў фамільным склепе пад касцёлам Божага Цела. Атожылак магутнага роду не пакінуў па сабе іншай памяці, як балетаман, гуляка і чалавек, які забаўляў двух імператараў. 

Андрэй Блінец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930