Знайсці
15.08.2020 / 08:4411РусŁacБел

«Пралітая кроў, катаванні — гэта цяжкі грэх»: зварот кіраўніка беларускіх католікаў Тадэвуша Кандрусевіча да беларускіх уладаў

Зварот Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь.

Я звяртаюся да дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і да ўсіх, хто ў нашай дзяржаве выконвае ўладу на розных узроўнях.

Наша Бацькаўшчына перажывае складаны час, які, на вялікі жаль, ужо азмрочаны пралітаю крывёю, тысячамі затрыманых і жорстка збітых мірных жыхароў, якія хочуць ведаць праўду пра прэзідэнцкія выбары, што адбыліся 9 жніўня.

Бог стварыў нас свабоднымі. Па-сапраўднаму свабоднымі нас робіць праўда, кажа Хрыстус (пар. Ян 8, 32—36). Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці кан’юнктурным інтарэсам. Збаўца вучыць нас: «Няхай будзе слова вашае «так-так», «не-не». А што звыш гэтага, тое ад злога» (Мц 5, 37). А д’ябал — чалавеказабойца, ілгун і бацька хлусні (пар. Ян 8, 44).

Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў, збіццё людзей, якія выйшлі на мірныя дэманстрацыі, таму што хочуць ведаць праўду, жорсткае абыходжанне з імі і ўтрыманне ў нялюдскіх умовах у месцах зняволення — цяжкі грэх на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і чыніць насілле.

Усё гэта вядзе да дэстабілізацыі і згубных падзелаў у нашым грамадстве. Колькі часу — магчыма, нават не адно пакаленне — спатрэбіцца для таго, каб загаіць нанесеныя знявагаю праўды раны, калі брат падняў руку на брата?!

Таму перад намі цяжкі і няпросты шлях пакаяння, духоўнага і маральнага ачышчэння, без чаго немагчыма пераадоленне грамадска-палітычнага крызісу.

У імя такога неабходнага міру ў нашай Айчыне і нацыянальнай згоды, я звяртаюся да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь з заклікам распачаць канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзянаў.

Няхай Міласэрны Бог прыме ў сваё Валадарства ахвяраў гэтай нацыянальнай трагедыі. Няхай аздаравіць параненых. Няхай суцешыць смуткуючых. Няхай адорыць міралюбны і памяркоўны беларускі народ сваім супакоем. Няхай умацуе ў ім дар любові да бліжняга, каб дабром перамагаць зло.

Апякунка Беларусі Маці Божая Будслаўская, ахоўвай і абараняй нас.

З малітваю аб дабры для нашай Бацькаўшчыны і хутчэйшым вырашэнні канфлікту,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 14 жніўня, 2020 г.

catholic.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031