Знайсці
13.08.2020 / 17:091РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Што новага?

Калі нехта вам скажа, што ведае, як будуць разгортвацца падзеі беларускай «вулічнай вайны» - плюньце яму ў вочы. Як з усякай стыхіяй, падзеі носяць цалкам непрадказальны характар: ніхто, напрыклад, не мог прадбачыць, што пасля такой ночы ля Камароўкі збяруцца жанчыны, усведамляючы, што іх таксама могуць загрэбсці, піша Віктар Марціновіч на budzma.by

Беларусь зараз стаіць перад суплётам сваіх магчымых будучынь. Кожная з якіх чакае таго, што ў жыццё праведзена будзе менавіта яна. І адно неаспрэчна і яўна ўсім: той краіны, якая была да 9 жніўня, мы больш не пабачым.

То аналізаваць варта не сцэнары магчымага, але змены, якія прывялі нас на раздарожжа.

Бо цэлы шэраг з’яваў адбыліся тут упершыню і з’яўляюцца новымі выклікамі і для грамадства, і для ўлады.

1. Кулі. Ніколі да гэтага ўлады не стралялі па мірных пратэстоўцах гумовымі кулямі. Так, у 2006-м годзе, падчас малавядомага праходу Казуліна з купкай прыхільнікаў да Акрэсціна, гэтая талака была абстраляная газавымі гранатамі. Так, светашумавыя гранаты былі скарыстаныя падчас нападу на Някляева ў 2010-м годзе. Але гумовыя кулі - такога не было. Больш за тое, вось гэтая практыка - прымяняць зброю па адносна нешматлікім натоўпе, які толькі пакуль смяецца, пляскае ў ладкі і крычыць - яна выключная для ўсяго нашага рэгіёну. Нават у брутальнай Расіі падчас «беластужкавых» пратэстаў паліцэйскія людзей затрымлівалі, але не растрэльвалі. Прымяненне зброі да мірных пратэстоўцаў - справа выключная і адказнасць тут таксамака выключная. У адказ на крык можна толькі крычаць, але ніяк не страляць.

2. Тры дні без Інтэрнэту. Сеціва і мабільную сувязь падчас акцый пратэсту блакавалі і раней, але вельмі цікава, у якую светлую галаву заляцела мысля пакінуць краіну цалкам без звязку. Бо адсутнасць магчымасці пачытаць навіны на «Нашай Ніве» ці напісаць сваякам праз Вайбер - гэта толькі бачная вяршыня айсберга. Я на ўласныя вочы бачыў, як пенсіянеры не здольныя былі набыць лекі ў аптэках па картцы праз тое, што кард-рыдар вымагаў таго самага Інтэрнэту, якога пазбавілі адразу 10 мільёнаў чалавек. Я не буду тут разважаць, колькі - хаця б прыкладна - тое каштавала для краіны. Не буду нагадваць, што для амерыканцаў напрыклад сілавы разгон пратэстаў (праўда і пратэсты там зусім іншыя) - з’ява прымальная, але краінавы локдаўн - нешта, што аўтаматам адносіць Беларусь да шэрагу месцаў кшталту Кітая ці Паўночнай Карэі.

Мне цікавей за ўсё было назіраць непрыемныя для ўлады мабілізацыйныя наступствы локдаўну. Не можачы зведаць, што дакладна там бухае пад вокнамі, усе цікаўныя мусілі выходзіць з утульных кватэр і рабіліся часткай пратэстнага рытуалу. Большага глупства немагчыма было і прыдумаць!

3. Смеласць. Калі ты чуеш стрэлы ў горадзе, калі бачыш скрываўленых людзей, якія бягуць ад месца гэтых стрэлаў, цалкам натуральна - бегчы прэч. Такая рэакцыя ў чалавечай прыродзе і менавіта на такую рэакцыю быў разлік. Бо адзіным тлумачэннем лютасці, прадэманстраванай людзьмі ў чорным у гэтыя дні з’яўляецца імкненне спужаць тых, хто вагаецца. Тут мы ўпершыню пабачылі, як ля Рыгі, на Прытыцкага, у Серабранцы, людзі, звычайныя людзі, такія як мы з вамі, не проста беглі на стрэлы, але і вялікі час трымалі абарону, спрабавалі будаваць барыкады. А ўвесь час побач з імі рваліся гранаты, вытвараючы гук, ад якога нават за 200 м рабілася млосна. Гэта нешта зусім новае, гэта нават не смеласць, гэта самаадданасць. Якая паходзіць з новай ступені расчаравання агульным падманам.

4. Еднасць. Спецаперацыя па выцісканні Веранікі Цапкалы і Святланы Ціханоўскай за мяжу была зроблена па лякалах тутэйшага палітэсу. Разлік быў на тое, што іх «бегства» дэмаралізуе прыхільнікаў і зробіць дзяўчын карыкатурнымі змагаркамі. Але разлік не спрацаваў - ці не ўпершыню на маёй памяці. Дзяўчын пачалі шкадаваць, большасць каментаў ад жывых людзей (не ботаў) была прасякнута спачуваннем і гатоўнасцю ўступацца за іх. Сам факт таго, што пасля пераезду Святланы ў Літву людзі зноўку высыпалі на вуліцы, азначае адну вельмі непрыемную для сістэмы рэч: змаганне ідзе не за Ціханоўскую, а супраць ілжы. І з такім змаганнем незразумела што рабіць.

5. Дэцэнтралізацыя. У гэтага супраціву няма структуры і лідара. Пачалося ўсё з таго, што людзі пацягнуліся да стэлы - як і заклікаў Нехта, адгрэблі там ад добра разгорнутых і ўзброеных сілаў. Але далей пайшло нешта незразумелае: наступным надвячоркам людзі выйшлі «на раёнах» і не думалі нават імкнуцца ў цэнтр, які пратэстоўцы абіралі сваёй мэтай раней. Гэта прывяло да таго, што сістэма не ведала, куды перадыслакаваць асноўныя ўдарныя групы. Дарэчы, на мой погляд, людзей, якія высыпалі са сваіх дамоў на той жа Пушкінскай чапаць не варта было наогул. Бо барыкады тут пачалі спрабаваць будаваць толькі пасля першых стрэлаў і выбухаў. Дэцэнтралізацыя пазбаўляе асноўнага інструменту падаўлення: затрымання лідараў. Бо лідараў няма. Але пры гэтым дэцэнтралізаваныя пратэсты маюць адзіную мэту - пералік галасоў і правядзенне новых выбараў.

Сукупнасць адзначаных вышэй пяці фактараў робіць сітуацыю надзвычайнай.

Далейшая праца ва ўстановах, проста звязаных з уладай цяпер этычна спрэчная.

Магу дапусціць, што кожнай з цётачак, якія «лічылі галасы» зараз вельмі складана схавацца ў бульбянай батве думак пра «піндосаў», якія паспрабавалі «зладзіць тут майдан». Калі раней рэпрэсіі супраць нязгодных з галасаваннем былі кропкавымі і адраснымі, каралі «апазіцыю», — дык зараз караюць усіх, у тым ліку - бацькоў вучняў той цётачкі і яе суседзяў па пад’ездзе.

Як ёй спіцца, пад гукі стрэлаў і выбухаў?

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера