Знайсці
12.08.2020 / 20:3512РусŁacБел

У Гомелі пасля затрымання памёр 25-гадовы хлопец

25-гадовы гамяльчук Аляксандр Віхор памёр у шпіталі, куды яго даставілі з аўтазаку ў нядзелю. На затрыманых у Гомлі не хапае месца ані ў ІЧУ, ані ў СІЗА. Аўтамабілі з арыштаванымі стаяць гадзінамі ў доўгіх чэргах на сонцапёку, паведамляе Радыё Свабода.

«У адным з аўтазакаў быў і Саша…. Ён не ўдзельнічаў у акцыях. Ехаў у нядзелю на спатканьне да дзяўчыны. Яго схапілі недзе ў цэнтры, калі ён перасаджваўся на іншы транспарт. Ён мне напісаў смс, што яго схапілі… І ўсё. Я яго шукала ўсе гэтыя дні. Мне не давалі пра яго інфармацыю. Сёньня мне нарэшце сказалі, што Саша — у моргу», — плача ягоная маці.

У Аляксандра, паводле слоў маці, былі праблемы з сэрцам. Калі ён доўга знаходзіўся ў закрытым аўтамабілі на чаргу ў СІЗА, яму зрабілася блага.

«Ён крычаў, прасіў дапамогі…. І канвой падумаў, што ён неадэкватны і завёз яго ў псыхіятрычны шпіталь. Там вопытны лекар зразумеў, што праблемы не з псыхікай… Яму выклікалі брыгаду хуткай і перавезьлі ў бліжэйшы шпіталь — сухотны, які знаходзіцца каля псыхіятрычнага…Там Сашу ратавалі, але не ўратавалі, бо, як мне сказалі, яго ўжо прывезьлі ў стане клінічнай сьмерці», — распавядае маці.

Яна ня ўбачыла свайго сына ў моргу.

«Мне адмовіліся яго паказваць, я думаю. Што ён моцна зьбіты. Я прашу людзей, якія былі разам зь ім у аўтазаку, калі яны выйдуць з турмаў — хай распавядуць мне праўду! Што там здарылася з Сашам. Я проста хачу, каб людзі ведалі: гэтая мярзотная ўлада забіла майго сына», — зазначыла маці.

Радыё Свабода зьвярнулася ў прэс-службу МУС па Гомельскай вобласьці. Там перанакіравалі ў прэс-службу Сьледчага камітэту. Тэлефоны прэсавага прадстаўніка СК па Гомельскай вобласьці пакуль не адказваюць. Мы апублікуем афіцыйны камэнтар, як толькі яго атрымаем.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера