Знайсці
12.08.2020 / 17:484РусŁacБел

Жыхар Мінска, затрыманы 9-га: Мяне завезлі ў будынак на Камсамольскай, білі электрашокерам. А на Акрэсціна нас было па 5 чалавек на адны нары

Мінчук Павел Чудук удзельнічаў у мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў, што адбывалася ў ноч пасля выбараў з 9 на 10 жніўня.

«Я ішоў у бок Кірава, на вакзал, разам з групай маладзёнаў, — расказаў Павел Чудук Нашай Ніве. — Нас было 7-8 чалавек, мы проста ішлі, нічога не скандавалі. Да нас пад’ехала некалькі аўтобусаў, адтуль выскачылі людзі ў цывільным з крыкам: «С*кі, мразі, на землю!».

Мы пабеглі. Кагосьці схапілі адразу і зацягнулі ў аўтобус. Мяне схапілі і кінулі тварам аб зямлю, надзелі кайданкі. Павезлі на Камсамольскую.

Там быў нейкі будынак 4-павярховы, тыпу штаба іхнага. Завялі ў нейкі пакой і паклалі тварам на падлогу. Пасля супрацоўнік міліцыі ўзяў электрашокер і пяць разоў запар прайшоўся па нырках. Гэта працягвалася тры хвіліны без перапынку.

Пасля ён сказаў: «Уставай, с*ка!» А я не магу, у мяне не рухаюцца калені. Тады ён мяне адной рукой прыўзняў і пасадзіў на крэсла. Пытаўся: «Ну што, с*ка, дабегаўся? Варта яно таго было?»

Я маўчаў. Пасля мяне пасадзілі ў аўтазак і павезлі ў ЦІП на Акрэсціна. У двары на каленях і тварам да сцяны нас стаяла каля 100 чалавек.

Стаялі некалькі гадзін у розных позах, якія нам загадвалі. Прыкладна палову з нас вельмі моцна збівалі. Увесь час даносіліся крыкі: «Ой, ай, не трэба!»

Я хацеў зірнуць, што адбываецца, але атрымаў дубінкай. «Хуткую» для тых, хто атрымаў найцяжэйшыя раненні, пускаць не хацелі. Прывезлі яшчэ з сотню чалавек, але іх не было куды ставіць і таму павезлі ў нейкае іншае месца.

Пасля нас завялі ў камеру. На дзесяць метраў, адзін кран з вадой і адну прыбіральню нас было 25 чалавек. На ложку сядзела па 5 чалавек. Мы спрабавалі па чарзе спаць.

Ежы не было ніякай. Я прасядзеў да 17 гадзін і пасля мяне адпусцілі на волю чакаць суда за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі».

(Фота Паўла Чудука ёсць у Рэдакцыі Нашай Нівы)

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930