Знайсці
08.08.2020 / 10:377РусŁacБел

Назіральнікі: «Дружная яўка 9-га аголіць прыпіскі на датэрміновым»

Дружная яўка выбарцаў 9-га гэтым разам радыкальна аголіць фальсіфікацыі на датэрміновым галасаванні.

Такое прадказанне зрабілі «Нашай Ніве» пяць назіральнікаў з Фрунзенскага і Савецкага раёнаў Мінска, а таксама Брэста, Гомеля і Мінскага раёна.

Большасць назіральнікаў, у тым ліку пяць нашых суразмоўцаў, адзначаюць, што лічбы ў пратаколах датэрміновага галасавання завышаныя — у сярэднім у тры разы. У аднаго з назіральнікаў у Мінску разыходжанне — у 5 разоў. У другой, у Мінскім раёне, — усяго на 20 чалавек, якіх старшыня камісіі патлумачыла галасамі «супрацоўнікаў дадзенай установы, якія заходзілі на ўчастак знутры, а не з двара» (назіральніца адзін з дзён не была дапушчаная ўнутр, пільнавала на ўваходзе).

Тады, калі на ўчасткі 9-га прыйдзе, дапусцім, 80% выбарцаў, то агульная сума перавысіць 100%.

Збой сістэмы?

А што тады зробяць фальсіфікатары?

1) Самыя заядлыя фальсіфікатары ўжо рыхтуюцца да такога варыянту. На некаторых участках, напрыклад у Савецкім раёне Мінска, старшыні камісій адмовіліся назваць назіральнікам агульную колькасць выбарцаў на ўчастку, назвалі толькі агульную колькасць атрыманых бюлетэняў.

2) Акрамя таго, назіральнікі мяркуюць, што іх 9-га пастараюцца не падпусціць да падліку агульнай колькасці выбарцаў, будуць выдаляць і затрымліваць. Хоць, адзначылі трое з нашых суразмоўцаў, міліцыя не шчыруе з гэтым, стараецца па-людску змякчаць сітуацыі, асабістыя сімпатыі праваахоўнікаў яўна не на баку старшынь камісій. Гэта адзначылі назіральнікі і ў Мінску, і ў Гомелі.

3) Назіральнікі разумеюць, што іх падлік не абавязкова паўплывае на лічбы, якія ўпішуць у пратаколы. Бо сістэма фальсіфікацыі прадуманая хітра. Асобныя члены камісій падлічваюць свае стосы і кажуць свае лічбы старшыні камісіі. А ён ужо «суміруе» і называе выніковыя лічбы. Гэта фармальна пакідае рукі шараговых членаў камісій «чыстымі». Маўляў, у мяне то большасць была за А, але, можа, у калег ўсе галасы былі за Б, вось ён і перамог (хоць так не бывае).

Тым не менш, «усе ўсё разумеюць», сказалі нам члены камісій, з якімі мы гаварылі.

Адрозненне гэтых выбараў ад мінулых назіральнікі бачаць у тым, што мінулыя разы частка пратэставага электарату заставалася дома, гэтым і можна было пакрываць «дакінутыя» на датэрміновым галасы. Хто прыходзіў на ўчастак у канцы дня, бачыў амаль пустыя ведамасці выбарцаў, а пасля чык — і выніковая яўка ў пратаколах складае 80-90 працэнтаў, вось такая была тыповая сітуацыя мінулых гадоў на фальсіфікаваных участках. Сёлета ўсё складаецца інакш.

Як паказвае даступная нам сацыялогія, Ціханоўская фенаменальна згуртавала і апазіцыйны электарат, і «цэнтр», і выбарцаў Бабарыкі, і выбарцаў Севярынца. Ціханоўская таму і прасіла настойліва галасаваць, галасаваць і галасаваць — у асноўны дзень галасавання.

Дасведчаныя назіральнікі прадказваюць, што ў выніку сёлета рэзка, у параўнанні з мінулымі выбарамі, зменшыцца доля выбарцаў, якія «прагаласавалі» на даму. Раней такім спосабам фальсіфікатары нацягвалі яўку, цяпер, наадварот, яны будуць старацца заменшыць яе ў асноўны дзень галасавання.

Таксама яны чакаюць акцый застрашвання, у тым ліку, магчыма, затрыманняў актывістаў і назіральнікаў і адключэння інтэрнэту ў дзень выбараў, каб адстрашыць людзей ад выхаду з дому і ўдзелу ў галасаванні. У той жа час шараговы грамадзянін такую сітуацыю будзе ўспрымаць, хутчэй, негатыўна, і эфект ад іх непрадказальны, яны могуць рэзка справакаваць выхад на вулічныя пратэсты вечарам 9-га і 10-га.

І дружная яўка 9-га, і рэальныя вынікі галасавання не будуць сакрэтам для шараговых членаў камісій, а гэта дзясяткі тысяч людзей, упэўненыя назіральнікі. І ўскрытыя факты будуць мець уплыў на грамадства, тым больш што з вялікай доляй імавернасці ўжо вечарам 9-га прагучаць і вынікі незалежных сацыялагічных даследаванняў. Акрамя таго, працуе сістэма «Голас», дзе зарэгістравалася больш за 900 тысяч выбарцаў, і сайт zubr.in, які акумулюе звесткі з месцаў. Рэальны вынік выбараў краіна, хутчэй за ўсё, даведаецца ўжо 9-га, нават калі яго будуць перадаваць з вуснаў у вусны. 

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930