Знайсці
06.08.2020 / 11:001РусŁacБел

«Пасля Плошчы-2010 я быў прыгнечаны. Цяпер нельга апускаць рукі». Гутарка з назіральнікам, які пытаўся ў Лукашэнкі, навошта нам выбары

На мінулых парламенцкіх выбарах Кірыл Гарошка быў назіральнікам на прэзідэнцкім участку. Вы маглі чытаць пра яго — гэта ён задаваў пытанні Лукашэнку, а пасля быў пазбаўлены акрэдытацыі. Сёлета на ўчасткі не прабіцца, таму Кірыл стаў назіральнікам за масавымі мерапрыемствамі.

Ён расказаў «Нашай Ніве», як сачыў за галасаваннем у іншых краінах, як праходзіла сустрэча з Лукашэнкам і што чакае пасля 9 жніўня.

Пра падлік галасоў у Грузіі, Германіі, Украіне і Літве

Яшчэ ў школе Кірыл займаўся актывізмам, таму будучыню вырашыў звязаць з паліталогіяй.

«Матывацыя была такая — каб працаваць з палітычнай сістэмай, спрабаваць рабіць яе лепш, трэба яе разумець», — тлумачыць ён.

Хлопец скончыў Інстытут парламентарызма і прадпрымальніцтва ў Мінску, потым магістратуру ў Вільні ў ЕГУ і постмагістарскую праграму ў Варшаўскім універсітэце. Цяпер працуе навуковым даследчыкам у інстытуце «Палітычная сфера». Аналізуе выбары, недэмакратычныя палітычныя рэжымы, апазіцыю.

Кірыл быў назіральнікам у чатырох краінах, апроч Беларусі. Патрапіць на замежныя ўчасткі ён змог у рамках праекта ЕГУ Election оbservation: theory and practice.

У 2013 годзе была Грузія, прэзідэнцкія выбары, дзе перамог Георгій Маргвелашвілі. За ходам галасавання хлопец сачыў у Тбілісі. Успамінае, што пасяджэнне праходзіла вельмі эмацыйна — усё ж менталітэт у грузінаў іншы.

«Калі быў падлік галасоў, адзін з сяброў камісіі браў кожны бюлетэнь, чытаў прозвішча кандыдата, за якога галасавалі, і проста кідаў на падлогу. Гэта прыгожа, але трошку дзівацка. Там былі цалкам гарызантальныя сувязі паміж назіральнікамі і камісіяй, але з нацыянальным каларытам», — расказвае палітолаг.

У тым жа годзе Кірыл патрапіў на парламенцкія выбары ў Германію, падчас якіх пераабралі партыю Меркель. Дзеліцца адным з яркіх уражанняў: калі ён прыйшоў на ўчастак і прадставіўся міжнародным назіральнікам, камісія вельмі здзівілася.

Каб сачыць за галасаваннем, акрэдытацыя там была непатрэбна. «У нас можа прыйсці хто заўгодна і назіраць, усё адкрыта», — заявілі чальцы нямецкай камісіі.

2014 год — прэзідэнцкія выбары ва Украіне. Кірыл назіраў за імі ў Мікалаеўскай вобласці, у невялічкім горадзе побач з Адэсай. 

«Мяне ўразіла тое, што гэтыя людзі з правінцыі, хутчэй за ўсё небагатыя, — прадстаўнікі розных палітычных сілаў, якія стваралі баланс. І гэта давала падставу для таго, каб падлік быў празрысты — кожны быў зацікаўлены ў перамозе свайго кандыдата, але ўсе працавалі на агульны вынік. Нас ніхто не абмяжоўваў. Была такая ўстаноўка: вы можаце рабіць усё, што заўгодна, толькі не перашкаджайце нам. І мы падыходзілі да стала, рабілі копію пратакола», — згадвае палітолаг.

У 2014-м ён сачыў таксама за прэзідэнцкімі выбарамі ў Літве (на іх пераабралі Далю Грыбаўскайтэ). Ад назіральнікаў бюлетэні не хавалі — наадварот.

«Сябры, у нас з вамі адна і тая ж мэта — мы хочам зрабіць празрысты падлік галасоў і пайсці дадому», — звярнуліся чальцы тамтэйшай камісіі да назіральнікаў і папрасілі дапамагчы з падлікам.

Пра размову з прэзідэнтам і яго прапанову выдаць назіральнікам акуляры

Калі ў тым жа годзе Кірыл прыехаў у Беларусь сачыць за мясцовымі выбарамі, быў у шоку.

«Першы мой досвед назірання пасля іншых краін быў цікавы, але патрабаваў вельмі шмат эмацыйных высілкаў. Калі скончылася тое, што называецца падлік галасоў, я, канечне, адчуваў сябе вельмі кепска.

Я ўжо ведаў, як можа быць, і калі пабачыў, як у маёй краіне робіцца — гэта жудасна.

Па факце падліку няма, назіральнікі не могуць заходзіць за пэўную мяжу, пытанні ўспрымаюцца як правакацыя. Наогул запужванне адбывалася», — дзеліцца хлопец.

На леташніх парламенцкіх выбарах ён вырашыў акрэдытавацца на ўчастак, дзе будзе галасаваць Аляксандр Лукашэнка. Думаў, хаця б тут усё будзе больш-менш адэкватна — нічога падобнага. Кірыл кажа, што ледзь патрапіў на ўчастак.

«Сустрэча са службай пратакола прэзідэнта была не самай лепшай. Мне падаецца, што ў іх негатыўнае стаўленне да мяне было звязана з тым, што я размаўляў па-беларуску».

Гутарку з кіраўніком краіны Кірыл планаваў, праўда, не адразу атрымалася. Лукашэнка тады куляй заляцеў на ўчастак, хутка паціснуў рукі назіральнікам і хацеў ужо сыходзіць, калі хлопец яго затрымаў.

«Я спрабаваў задаць свае пытанні. Ён зачапіўся за слова «дэмакратыя» і пачаў задаваць сустрэчныя. Я быў гатовы да гэтай тактыкі, разумеў, што мне не трэба паддавацца, бо я не атрымаю адказ, калі буду паводзіць сябе так, як ён хоча.

Першая спроба паразмаўляць была няўдалая — Лукашэнка літаральна махнуў на мяне рукой, пайшоў далей да камісіі і гучна на ўвесь участак сказаў, што вось, задае пытанні пра дэмакратыю, а сам не можа адказаць, што гэта. 

Пасля на ўчастак прыехала Таццяна Караткевіч. Яна падышла да незалежных назіральнікаў і спытала, чым бы магла дапамагчы. Мы патлумачылі сітуацыю, што сядзелі вельмі нязручна, далёка ад кабінак. Яна пасля прэс-канферэнцыі сказала пра гэта Лукашэнку. Рэакцыя яго, мне падаецца, была досыць непаважлівая.

Ён звярнуўся да камісіі: «Ці не маглі б вы выдаць нашым назіральнікам акуляры?» Пра сябе я ў той момант падумаў, што паколькі я ўжо быў у акулярах, мне патрэбны бінокль», — дзеліцца Кірыл.

Пазней дыялог усё ж адбыўся — Лукашэнка сам падышоў да назіральніка.

«Я задаю пытанне: «Згодна з логікай дэмакратычных рэжымаў выбары — гэта інструмент для змены ўлады. А якую ролю выконваюць выбары ў нас пасля 1994 года?»

Яго адказ быў наступны: «Выбары — гэта неабавязкова змена ўлады. У Беларусі гэта інструмент выбару шляху на наступныя пяць год, выбар курсу, які робім мы».

Я ўдакладніў: калі вы кажаце «мы», што маеце на ўвазе — уладу ці народ? І прэзідэнт сказаў, што, канечне, народ, але пры актыўным удзеле ўлады, — узнаўляе той дыялог палітолаг. — Тут канечне, ёсць пытанне, наколькі гэта дэмакратычна, але мне адказ падаўся шчырым. Бо ўлада ў нас грае актыўную ролю ў выбарах, вырашае не народ».

Пасля Лукашэнка яшчэ прыгадаў выбары 1994 года («вось тады было дэмакратычна») і чамусьці Леніна («Ленін казаў, што ўладу трэба трымаць у кулаку. Калі адпусціш, заўтра не будзе»).

А за гадзіну да закрыцця ўчастка Кірыла пазбавілі акрэдытацыі. «Навязваў свой пункт гледжання іншым назіральнікам, задаваў некарэктныя пытанні выбаршчыкам, хадзіў па будынку, які не мае дачынення да ўчастка для галасавання», — так аргументавала тое рашэнне камісія.

Хлопец у сваю чаргу падаў скаргу на іх. Але ўчастковая камісія яе — чакана — разглядаць не стала, акруговая дала адпіску.

«Была скарга на тое, што мяне спрабавалі абвінаваціць у тэрарызме. Я шукаў прыбіральню ў будынку. І калі спускаўся з другога паверха, чальцы камісіі сустрэлі ля прыступак і запыталі, што я там рабіў. «Хто цябе ведае, можа, ты там бомбу пакінуў». Было крыўдна, гэта крыміналізацыя дзеянняў незалежных назіральнікаў», — кажа Кірыл.

Пра тое, чаму назіральнікі з СНД прызнаюць нашы выбары легітымнымі

Сёлетнія перашкоды, якія чыняць назіральнікам, палітолаг не лічыць беспрэцэдэнтнымі.

«Збольшага сцэнар паўтараецца. Адрозненне ў тым, што ўлады актыўней рэагуюць на захады грамадства. А ядро, логіка дзеянняў тыя ж самая».

Што рабіць у такой сітуацыі? Кірыл мяркуе, што ёсць сэнс назіраць за тым, што адбываецца побач з участкам — глядзець, ці не падвозяць людзей аўтобусамі, ці не галасуюць па другім коле.

У сітуацыі масавай фільсіфікацыі дзіўна, што беларускія выбары прызнаюць легітымнымі шэраг назіральнікаў — з СНД, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Кірыл агучвае сваю версію, чаму такое адбываецца:

«Мне падаецца, што іх матывацыя — захаваць статус-кво на ўсёй постсавецкай прасторы. Пакуль ёсць такія недэмакратычныя рэжымы, у іх ёсць магчымасць атрымліваць заробак і ездзіць па краінах СНД. Гэта пытанне эканамічнага выжывання як мінімум. Яны зацікаўлены ў гэтым, пакуль яны кажуць, што ўсё добра, у іх ёсць праца.

Там склад лаяльных людзей, якія загадзя разумеюць, што ад іх чакаюць. Звычайна яны кажуць, што, магчыма, былі дробныя парушэнні, якія не паўплывалі на вынікі галасавання. Гэта досыць зручная пазіцыя для афіцыйных уладаў Беларусі».

Пра настроі ў грамадстве і гульню на доўгую дыстанцыю пасля 9 жніўня

Тое, што адбываецца цяпер, — не проста звычайная актывізацыя грамадства, якая здараецца перад выбарамі кожныя пяць год, мяркуе Кірыл.

«Гэтым разам абуджэнне больш шырокае. Верагодна, гэта звязана з памылкамі ўлады, якія яна рабіла цягам апошняга года. Гэта рэакцыя на каранавірус, на дрэнную ваду ў Мінску, непаважлівае стаўленне да грамадства. Апошні момант вельмі актуальны, таму што грамадства ведае розніцу — яны маюць магчымасць ездзіць за мяжу і назіраць стаўленне да іх з боку ўладаў і бізнэсу. На Захадзе дзяржава прадастаўляе паслугі грамадзянам. Калі мы паглядзім, як там бізнэс працуе са сваімі кліентамі — яны хочуць падтрымліваць з імі добрыя стасункі, гатовы выслухоўваюць з іх боку крытыку. 

З боку нашай улады, на жаль, такога няма. А мне падаецца, людзі гэтага чакаюць, яны гэтага вартыя і цяпер яны змагаюцца за свае правы, годнае стаўленне да сябе.

Палітычны пратэст, выказванне свайго меркавання ў публічнай прасторы — гэта нармальна. Я лічу, што больш эфектыўныя рашэнні прымаюцца калектыўна, калі ёсць камунікацыя паміж рознымі палітычнымі суб’ектамі. Іншае пытанне, што мы не зусім умеем весці гэту камунікацыю. Але чым раней мы пачнём, тым хутчэй навучымся.

Нам трэба спрабаваць шукаць кансэнсус і дамаўляцца. Тое, што тры штабы кандыдатаў аб’ядналіся, кажа, што мы напачатку гэтага шляху.

І калі б у нас атрымалася аб’яднацца не тром, а шасці, калі б яны ішлі адзіным фронтам ці лепш нават зняліся з выбараў, пакінулі караля голым, гэта было б вельмі карысна для ўсёй краіны — каб наша грамадства стала больш дарослым, адказным за будучыню».

Аднак калі выбары скончацца так, як звычайна, — афіцыйнай перамогай Лукашэнкі, — ці не заціхне хваля абурэння?

 «Я памятаю свой стан пасля разгону Плошчы ў 2010 годзе, я быў прыгнечаны. Гэты настрой вітаў у паветры, і гэта вельмі кепска для грамадскай супольнасці. Сыходзячы з таго, што мы маем негатыўны досвед, ведаем, што гэта адкат назад, мы мусім зрабіць наступнае: ужо цяпер казаць, што выбары — не фініш.

Трэба гуляць надоўгую, і выбары — адзін з інструментаў змены ўлады, — разважае палітолаг. — Магчыма, 9 жніўня не атрымаецца. Але гэта трэба ўспрымаць спакойна. Нельга апускаць рукі, спыняць сваю актыўнасць пасля гэтых выбараў, калі Лукашэнка намалюе сабе неабходны вынік. Задача лідараў апазіцыі ў тым, каб настройваць грамадства на тое, што 10 жніўня працягваецца жыццё і нам трэба аб’ядноўвацца і шукаць магчымасці для змагання — у прававым полі — за дэмакратычную будучыню».

Наталля Лубнеўская, фоты Аляксандры Піліповіч-Сушчыц

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера