Знайсці
03.08.2020 / 16:257РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Сутнасныя прычыны наяўнай сітуацыі. Працяг

Ігар Тур, скрыншот АНТ

Віктар Марціновіч працягвае разважаць на budzma.by пра сітуацыю ў нашай краіне, у якой праходзіць электаральная кампанія.

У сваім мінулым тэксце, прысвечаным заняпаду вёскі як сапраўднай перадумове «бунту трох грацый», я ўжо сведчыў, што ніхто ў Беларусі цяпер не адчувае сапраўдных, глыбінных чыннікаў паслядоўнасці падзей, якія мы назіраем з траўня.

Чаму ўсё тое, што раней не атрымлівалася, пачало спрацоўваць? Чаму парк на Бангалор, які заўсёды быў «сабачай пляцоўкай» і месцам прыніжэння традыцыйнай апазіцыі, раптам зрабіўся сімвалам лучнасці пратэстнай большасці? Чаму звыклыя арышты і запужванні не прыводзяць да ахалоджвання і страты энергіі выступаў?

Зараз я раскажу вам пра другі магутны чыннік, з якім уладзе давядзецца лічыцца нягледзячы на тое, будзе гэта новая, пераможная, улада ці ўсё застанецца як ёсць і краінай будуць кіраваць тыя, хто «захаваў стабільнасць», але прайграў.

Я выхоўваўся ў звычайнай савецкай школе ў горадзе Мінску.

Дагэтуль памятаю, як на адной з «лінеек» нам паставілі прамову У. Леніна, і дзеткі хвілін пяць таміліся пад хрыпатае гаўканне, якое неслася з кружэлкі. Як нас ганарова прымалі ў піянеры і адзін хлопчык ад хвалявання страціў прытомнасць.

Пасля ўрокаў я вяртаўся ў тыповую «панэльку», у якой рыхтаваў урокі на заўтра.

Старэйшыя змагары кінулі выклік бальшавізму падчас Перабудовы. Яны з’ядноўваліся ў БНФ, бо ён быў адзінай моцнай альтэрнатывай камунякам. Яны талакой хадзілі ў Курапаты, яны марылі пра незалежную Беларусь і яны былі адзінай генерацыяй, што адчула тут салодкі прысмак перамогі.

Але пасля ўсё вельмі хутка панеслася роўна ў тую ж дупу, з якой яны з такімі высілкамі выкараскаліся самі і выцягнулі нас.

«Выканкамы», «КДБ», «ідэолагі» на ўсіх прадпрыемствах, «пяцігодка», «планы па надоях», «лінейкі» ў школах — вось усё гэта, усё гэта.

У свеце ёсць краіны, якія захавалі вернасць чырвонай зорцы. Узяць хаця б В’етнам, які спалучае адданасць Хо Шы Міну з цалкам рынкавай эканомікай.

Але вось у чым адметнасць: усе гэтыя краіны здабываюць нафту ці маюць іншыя крыніцы ўласнага дабрабыту.

Нашыя «выканкамы» і «ідэолагі» існавалі на чужую рэнту. Яны перапрацоўвалі рускую нафту, жыравалі на танным рускім газе і былі ўпэўненыя, што Масква будзе падганяць грошы на існаванне тэматычнага парку імя Леніна заўсёды. Нашы святы, наша тэлебачанне, нашы газеты («Савецкая Беларусія») — усё працавала на настальгію. І ўсё было добра да моманту, пакуль не зніякавеў астатні чалавек, які на тую настальгію быў здатны.

Калі людзі, якія памятаюць кілбасу па 2.20, састарэлі, пачалося самае цікавае.

Нам пачалі прышчапляць штучную памяць пра «добры бальшавізм»: нарадзілася генерацыя вяртлявых «камсамольцаў», якія, раз’язджаючы на навюткіх «бэхах», часцяком канфіскаваных у сапраўдных уладальнікаў праз «памылкі» ў мытным афармленні, салаўямі заліваліся пра Мулявіна, вялі «Славянскія базары» і абдымаліся на святах Перамогі з нешматлікімі сапраўднымі ветэранамі.

Што цікава, нават «панэлькі» — вычварнае дзіця савецкасці — пачалі адраджацца, усё тыя ж камбінаты бетонных канструкцый падганялі тоны шэрай агіды на новыя будоўлі, якія абяцалі будучым шчаслівым уладальнікам «элітнае жытло». І тое жытло з’яўлялася, задушлівае, страшэннае, яшчэ даўжэйшае, яно абсмоктвала ўскрайкі праспектаў, і на лавах пад пад’ездамі пачалі засядаць з півасікам будучыя алкагатроны Васі, а пакуль паспяховыя менеджары дзяржаўных трэстаў.

Калі ўстала на дыбкі мая генерацыя — а апошнім з’яднаным выступам для нас быў 2010-ы, мы супрацьстаялі таму, што яшчэ памяталі. Я не хацеў, каб Мар’і Ванаўны гадавалі будучых чытачоў маіх кніг, якія не для іх, не для мар’яванаўнаў і іх гадаванцаў, былі пісаныя.

Мы прайгралі тады, у 2010-м.

Але «бальшавізм» не перамог. Бо ў тутэйшага бальшавізму знік галоўны падмурак «савецкасці»: руская рэнта.

Тэматычны парк ленінізму страціў фінансаванне з Масквы.

Самы быў час паставіць свой «браняпоезд» на іншыя гістарычныя рэйкі. Але заімшэлыя ідэолагі, у тым ліку вельмі маладыя, ужо не здольныя былі прыдумаць новую Беларусь.

І атрымалі тое, што было немінучым.

Сутнасць новай хвалі ў тым, што супраць «бальшавізму», супраць «замкірідэолагаў», супраць падручнікаў, у якіх няма месца сапраўднай гісторыі, супраць масавых арыштаў і затрыманняў аднарукіх за плясканне, а нямых — за выкрыкі «Жыве Беларусь!» выступілі людзі, якія нават не памятаюць кілбасу па 2.20.

Яны не ведаюць беларускіх дысідэнтаў, не памятаюць смуроду позняга БССР, але яны паспелі павандраваць і дакладна ведаюць, што ў савецкім тэматычным парку імя Леніна жыць ім не выпадае. Нават калі гэтыя «новыя» не былі ў L. A. самі, яны хаця б гулялі ў GTA 5 і ўяўляюць, як мае выглядаць сучасны горад. Пракоп’еў для іх — больш пазнавальны герой (бо ён дакладна персанаж з GTA 5), чым зухаваты камсамолец ці вядоўца прапагандысцкай перадачы ў клятчастым пінжачку.

Гэты бунт мог быць прадухілены, калі б сістэма захоўвала тую якасць, якой была адметная ў папярэдняе дзесяцігоддзе. Калі б яна здольная была адаптавацца і змяняцца.

І я вельмі спадзяюся, што ў верасні 2020-га пачне будавацца новая дзяржава, якая будзе размаўляць са сваімі грамадзянамі на сучаснай мове і адпавядаць іх, грамадзян, чаканням што да месца Закона ў судзе, месца чалавека ў грамадстве ці павагі да прыватнай уласнасці.

Уласна, мне нават не вельмі цікава, хто дакладна гэтую дзяржаву ўзначаліць.

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера