Даслаць навіну
Знайсці
01.08.2020 / 10:26 5

Што будзе з курсам даляра пасля выбараў?

Што будзе з курсам пасля выбараў? Ці ўключыць Нацбанк «друкарскі станок»? І ці магчымы крызіс маштабаў 2011 года? Эканамісты дзеляцца з «Нашай Нівай» прагнозам.

Павялічыць

Фота Надзеі Бужан

«Асобныя папулісцкія меры не паспелі адбіцца на курсе»

Спачатку пра кароткатэрміновую перспектыву. У жніўні эксперты рэзкага росту курсу даляра не прагназуюць. А тыя ваганні, якія бачым цяпер, звязаны з ваганнямі расійскага рубля, бо мы залежым ад валютнага рынку суседняй краіны.

Эканаміст Дзмітрый Крук кажа, што, магчыма, на курсе ўжо пачынаюць адбівацца і ўласнабеларускія тэндэнцыі — уліванне грошай у дзяржаўныя прадпрыемствы, перафарматаванне рублёвых дэпазітаў у валютныя. Але калі гэты складнік і ёсць, то ён не дамінуе.

У ліпені попыт і прапанова валюты былі дастаткова збалансаваныя.

«На дзіва, нават асобныя папулісцкія меры напярэдадні выбараў — рост пенсій, абяцанні росту заробкаў — не паспелі адбіцца і выклікаць абясцэньванне рубля, — заўважае старшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Ёсуб. — У найбліжэйшы месяц пасля выбараў хвалявацца будзе яшчэ менш падстаў, чым напярэдадні, бо неабходнасць у такіх мерах дакладна адпадзе».

Праўда, гэта не значыць, што з эканомікай будзе ўсё добра (пра гэта раскажам ніжэй).

Агулам на валютным рынку назіраецца цікавая тэндэнцыя — рост еўра ў адносінах да даляра. Суадносіны падняліся да ўзроўню мая 2018-га. Верагодна, тэндэнцыя захаваецца і ў жніўні. Вадзім Ёсуб тлумачыць магчымыя прычыны:

«Звычайна ўстойлівы попыт на даляры ствараюць замежныя інвестары, якім патрэбны амерыканскія актывы — дзяржаўныя аблігацыі ці іпатэчныя паперы, напрыклад. Для таго, каб купіць іх, спачатку неабходны даляры. Што адбываецца цяпер? Амерыканскі цэнтрабанк актыўна скупляе практычна ўсе больш-менш нармальныя аблігацыі на сваім рынку ў рамках амерыканскай праграмы дапамогі эканоміцы.

У выніку сусветным інвестарам цяпер проста няма чаго рабіць на тым рынку. Таму яны вымушаны звяртаць увагу на іншыя, і адпаведна ім патрэбныя іншыя валюты, каб набываць там актывы. Таму даляр зніжаецца да еўра і іншых валют».

«Беларускі рубель не можа падаць так інтэнсіўна»

Ці чакаць пасля гэтых выбараў такога ж эканамічнага сцэнару, як у 2011 годзе?

«Я не бачу варыянтаў яго паўтору ні пры якіх абставінах. Гэта не значыць, што беларускі рубель не можа падаць — проста не можа падаць так інтэнсіўна.

Гэта звязана з кардынальнай розніцай у курсаўтварэнні, —мяркуе Вадзім Ёсуб. — У пачатку 2011 года ў нас быў фіксаваны курс. І тое, што мы бачылі, — вынікі таго, што рана ці позна непазбежна здараецца. Калі расце попыт над прапановай, а валюце не даюць расці, то спачатку ўзнікае дэфіцыт валюты, а потым усё адно даводзіцца рэзкім скачком фіксаваны курс мяняць. Цяпер у нас курс плаваючы, яго ніхто штучна не стрымлівае. Ён будзе расці, але не разава на дзясяткі працэнтаў».

Дзмітрый Крук у нечым згодны: эканамічны механізм цяпер будзе іншы.

«Аднак фактычныя наступствы, калі ўсе негатыўныя тэндэнцыі складуцца ў адно і дадуць нейкі фінансавы шок, для людзей могуць стаць больш-менш падобнымі. Такая верагоднасць, на жаль, сёння ёсць. Я б не сказаў, што яна непазбежная, але фінансавыя рызыкі за апошнія некалькі месяцаў істотна ўзраслі», — кажа эксперт.

Асноўных рызык чатыры. Самая галоўная — якасць пазык. У нас крэдыты выдаюцца не на развіццё, а на стратныя заводы. Гэта сістэмная праблема, якая пачалася ў 2015-2016 годзе, але знаходзілася ў замарожаным стане. А ў апошнія тры месяцы на фоне каранакрызісу істотна пагоршылася. 

«Але што ўрад робіць? Яны спрабуюць гэтыя праблемы аслабіць, перанакіроўваючы ў іншыя плыні. Напрыклад, вельмі значная падтрымка была аказаная прадпрыемствам наўпрост з бюджэту, і цяпер узнікае пытанне, наколькі фіскальная палітыка ў нас будзе прадказальнай і ўстойлівай», — апісвае сітуацыю Дзмітрый Крук.

Другая рызыка — нястача ў бюджэце сродкаў на выкананне сацыяльных абавязкаў.

Трэцяя — пагаршэнне якасці банкаўскіх актываў. Калі прадпрыемствы не могуць выконваць абавязальніцтвы па сваіх крэдытых, банкі недаатрымліваюць даходы. І чацвёртая (яна можа стаць балючай у наступным годзе) — няўстойлівасць дзяржаўнай пазыкі. Калі дзяржава зараз бярэ на сябе дадатковыя абавязальніцтвы, яна прыцягвае новыя пазыкі.

«Чаму такія рызыкі ўзнікаюць? Гэта наступствы вельмі своеасаблівага падыходу да каранакрызісу. У другім квартале ўрад імкнуўся не дапусціць значнага зніжэння ВУП, і платай за гэта было пераскіраванне патэнцыйных праблем у фінансавае рэчышча», — тлумачыць Дзмітрый Крук.

«Эканамічны крызіс у нас ужо ёсць, мы ў ім жывём», — лічыць Вадзім Ёсуб.

«Спробы падштурхнуць Нацбанк уключыць «друкарскі станок» узнікаюць»

Нядаўна прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка заявіў, што «друкарскі станок» у краіне ніхто не ўключаў і не збіраецца.

Эканаміст Дзмітрый Крук кажа, што пакуль гэтага не адбылося. У дзяржаўныя прадпрыемствы хутчэй укінуты запасы бюджэтных сродкаў, створаныя за апошнія гады. Улады таксама спрабуюць падштурхнуць банкі больш актыўна крэдытываць арганізацыі — то бок выкарыстоўваецца назапашаная за мінулыя гады ліквіднасць.

«Але ж калі гэты кірунак будзе працягнуты, уключэнне «друкарскага станка» можа стаць наступным крокам. Магу пацвердзіць, што пэўныя спробы падштурхнуць Нацыянальны банк да больш значнага змякчэння палітыкі, якое можна ахарактэрызаваць гэтым тэрмінам, узнікае», — дзеліцца эксперт.

Аналітык Вадзім Ёсуб адзначае, што асобныя элементы працы «друкарскага станка» ўжо ёсць.

«Сапраўдная эмісія — гэта выдача новых крэдытаў. Самае небяспечнае адбываецца тады, калі крэдыты выдаюцца, але не вяртаюцца. Эканоміка набрыньвае грашыма.

Гэта якраз тое, што адбываецца з ільготным крэдытаваннем стратных прадпрыемстваў, калі яны не могуць аддаць пазыкі і ім робяць адтэрміноўкі і спісанні.

Гэты працэс заўважна ўзмацніўся з пачатку бягучага года. Але пакуль з’ява не набыла вельмі пагрозлівыя формы», — канстатуе эксперт.

Наталля Лубнеўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

5
Василий Коляда / адказаць
01.08.2020 / 11:57
Што будзя с баксам? Будзя расці, кака бычна! Эта я вам как эканаміст эканамісту скажу. Еслі народ пазволіт Лукашэнкам астацца ў власці.
2
Кругом работающие пенсионеры / адказаць
01.08.2020 / 18:46
Что будит с зарплатами (кроме силовиков), услугами ЖКХ, услуги связи?!
0
Миклуха / адказаць
03.08.2020 / 22:18
Нихоча сыходзиць сам, и уладу никому не аддае, таму будзе ломка
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31